|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Кульлінковіч: “На “Тузіне” чыстае вады скоцтва!” | 18.07.2006 | Да нас у рэдакцыю трапіў цікавы аўдыазварот Аляксандра Кульлінковіча. У гэтым звароце лідэр гурта Neuro Dubel выказвае сваё, прынамсі, досыць адмоўнае, стаўленьне да асаблівых умоваў “галасаваньня супраць” у выніковым туры “Тузін-2006”. Спадар Кульлінковіч зазначае: “тое, што зараз адбываецца на “Тузіне” – гэта не памылка, не дурны прыкол, а чыстае вады скоцтва. Бо ўся гісторыя беларускай музыкі апошніх гадоў і ёсьць плэй-ліст на выбываньне. Нас усіх выкрэсьліваюць...” Мы апэратыўна публікуем гэты “аўдыа-зварот” і таксама дзелімся сваімі камэнтарамі. Аўдыа-зварот Аляксандра Кульлінковіча (файл mp3 - 2,1 Мгб).Камэнтуе Wiecier Mechaniczny (выдавец “Тузіна Гітоў”, аўтар новых правілаў правядзеньня выніковага туру “Тузін-2006”): “Тузін” ніколі не здраджваў прадэкляраванаму ад моманту свайго стварэньня правілу – прапагандваць музыку, створаную тут. Прапагандаваць нягледзячы на асобныя рэфлексыі наведнікаў і музыкаў. Прапагандаваць у інтэрнэце, прапагандаваць на радыё і ў папяровых выданьнях, прапагандаваць на CD-носьбітах і на канцэртах. І ў “гісторыі апошніх гадоў”, да якое спасылаецца паважаны пан Кульлінковіч, “Тузін” ужо заняў не апошняе месца. Але ж заняў не сам па сабе, а дзякуючы шчырай супольнай працы з нашымі музыкамі. Што да новых правілаў галасаваньня, дык мяркую, што вялікую ролю ў афарбоўцы рэакцыі на асобныя вынікі гэтага галасаваньня мае непасрэдна месца, што займае тая ці іншая песьня. Песьня “наверсе” – дык усё выдатна. Песьня “ўнізе” – “скоцтва”. Тым болей, калі гэтая рэакцыя суправаджаецца абвінавачваньнямі ў замоўчваньні правілаў галасаваньня й недастатковасьці памеру шрыўтоў :) І гэта натуральна, звыкла й ані каліва не адымае ўсяе заслужанае павагі да творчасьці музыкаў, нават калі зь іх вуснаў гучаць не самыя прыемныя словы. А паглядзіце, як дзякуючы “гэтым” правілам галасаваньня, зазьзялі новымі фарбамі многія песьні, што не былі ў поўнай ступені ацэненыя цягам некаторых тураў гэтага сэзону. Наведнікі ўсё вырашаюць самі, хоць ужо не аднойчы чуліся гаворкі пра іх ангажаванасьць, пра прадказальнасьць раскладу ў турах на “Тузіне”. А што да “залішняе” ўвагі да “лідэраў”, дык на тое яны й лідэры. І магчыма, што не самую моцную песьню гурта-лідэра наведнікі з увагай ўспрымаюць больш крытычна, чым такую ж (не самую моцную песьню) меней вядомых выканаўцаў. І гэта яшчэ раз сьведчыць, што быць “лідэрам” ня толькі пачэсна, але й вельмі адказана. угару - up |
|
|