.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Анонимка
| 25.07.2006 |

Кампанія West Records прапанавала ўвазе слухачоў "Анонимку" - аднайменны дэбют новага гурта ад культавага ў менскіх андэрграўндных колах Аляксандра Лібэрзона. У свой час Лібэрзон арганізаваў такія праекты, як "Распилил и выбросил", "Либерзон и Штерн" и "Кассиопея". "Анонимка" ж, па яго словах, стваралася выключна дзеля ўласнага задавальненьня. Аднак уяўная дзіцячасьць і сцёб новай плыткі пэўным слухачам таксама мусіць прынесьці задавальненьне.

АнонимкаЛірычны герой альбома то пакутвае на бяссоньне ("Бессонница"), то па-дзіцячы пералічвае якое слова зь якой літары пачынаецца ("Я"). Мае фаварыты - "Глоток вина" і "Принцесса и козёл" (паўсюдна - дзіцячыя галасы, груканьне ці то лыжкамі, ці то відэльцамі).

У цэлым альбом прадстаўляе сабой касьмічны ўзьлёт. І гэты узьлёт вельмі захапляльны (калі бяз прымхаў на ўсё гэта гялдзець), але "ананімкаўцы" хутчэй не свабодна лунаюць у прасторы (што, трэба мяркаваць, адбудзецца з цягам часу, бо патэнцыял без сумнёву ёсьць), а боўтаюцца ў музычнай роспачы недзе паміж небам і зямлёй. І чаго тут толькі няма: "Дядя Витя" (вельмі нагадвае "Колибри"), "Водка" (жаночы сьмешны голас, мэлёдыка і прывілеяванае становішча сінтэзатара амаль што ідэнтычны кампазыцыі Stereototal "Holiday Innn"), прыпеў кампазыцыі "Как же как?" нагадвае расейскі гурт "Мультfильмы".
Нешта яскрава прадстаўляе дрым-поп (dream-pop) - "Имя твоё", напрыклад (з цудоўнай лірыкай, да ўсяго: "Я ладонь разжала - счастье там лежало, я ладонь зажала - никому не покажу"). Нешта, сапраўды, заяўлены электраклэш. Кампазыцыя на нямецкай мове "Musik" прымушае ўспомніць эпоху краўтрока. У цэлым характарыстыка "сінт-поп" будзе даволі блізкай і ўсеахопнай.

І ўсё-ткі навокал - уяўная дзіцячасьць. А разам з тым - яўны сьцёб.
"Олька! Ты нормальная девчонка!", - раве салістка гурта Насьця Бачыла, жонка Лібэрзона (ён адказвае за сінтэзатары, бас-гітару і ўдарныя, а гітару тым часам ў рукох трымае Чарэпко-Самахвалаў). На дыску прысутнічаюць госьці-гукі: гук саксафона зайшоў на гарбатку падчас "Дядя Витя" (пад кіраўніцтвам дзядзькі з загадкавым імем SuperMegaValdis), гук "ммм" пад кіраўніцтвам Сяргея Сокалава падчас "Конец" (ён і гітарай тады загадваў), гук флейты пад кіраўніцтвам Марка ў "Имя твоё".

Мы ўсе даўно чакалі належнага і важкага антыпода гурту J:Mors. І вось ён нарэшце зьявіўся. Рамантычнай песеньке пра "вислоухую принцессу" тут супрацьстаіць цынічная, абсурдная і шалёная "Принцесса и козёл". Агульнаму надзьмутаму рамантычнаму надрыву - вясёлы цынізм. На жаль, яшчэ ня вельмі акрэсьлены, але дастаткова гучны і ўпэўнены. Трэба спадзявацца, што "ананімкаўцы" яшчэ дадуць тут усім перцу!
Можна лёгка паглыбіцца ва ўнутраны сьвет "ананімкаўцаў" і радасна цялёпкацца там. Можна палюбіць кожны гук і знайсьці нешта-табе-адному-блізкае ў кожным тэксьце... Але толькі пры адной маленькай умове: трэба адчыніць дзьверы ўспрыманьня і вынесьці з свайго дому ўсё сьмецьце забабонаў.

Калі глядзець на зьяву "Анонимка" ў кантэксьце беларускай музычнай сучаснасьці, то ў галаву прыходзіць адно маленькае пажаданьне: каб гэтае музычнае "адхіленьне" зь цягам часу пераўтварылася ў норму.
Можа быць, менавіта такім і павінен быць першы альбом: дзвюхмоўны, з паэтычнымі і лягічнымі вольнасьцямі ў тэкстах і арфаграфічнымі памылкамі ў буклеце, з няпэўнымі рыфмамі, з паўсюднымі алюзыямі і стылізацыямі. Зьмяшчае анімацыйнае відэа на "Имя твоё", а таксама вэрсыю гурта Logika Metro на гэты дрым-поп-цуд. І "спэцыяльную" вэрсыю кампазыцыі "Водка".

"Анонимка" (Анонимка, West Records, 2006).


Таня Засусьвецкая, "Тузін Гітоў"



угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net