.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Песьні Свабоды-2”
| 30.07.2006 |

Воля патрэбная чалавеку, як паветра. Гэтак кажуць, калі неабходна падкрэсьліць неабходнасьць свабоды для нашага існаваньня менавіта, як чалавечых індывідуумаў. Калі ж волі бракуе, дык яе недахоп магчыма паўнавартасна скампэнсаваць, бадай, толькі песнямі. Мо таму, такой папулярнасьцю ў беларускіх слухачоў карыстаўся дыск “Песьні свабоды”, у якім знаныя беларускія рок-выканаўцы меліся сказаць ўсё, што яны думаюць адносна гэтай філязофскай катэгорыі, умоваў яе існавання ў нашай краіне.

Песьні СвабодыТой факт, што “Песьні свабоды” былі спампаваныя ў Інтэрнэце каля 50 тысяч разоў гаворыць пра тое, што праект атрымаў агульнабеларускую значнасьць і вядомасьць. Бо гэта адзіная магчымасьць для маладых слухачоў самім удзельнічаць у складаньні праграмы дыска, а таксама, атрымліваць гэтае своеасаблівае выданьне па падпісцы. Да таго ж, вельмі цікава і тое, што дыск “Песьні свабоды” быў выдадзены падпольным лэйблам “VoliaMusic”, што само па сабе надае яму рамантычную аўру рэвалюцыйнасьці. А каму ж хочацца праспаць такія цікавыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі…

Мо таму гэтая традыцыя прадоўжана новым рэлізам лэйбла “VoliaMusic” “Песьні свабоды-2”. На прэс-канфэрэнцыі, наладжанай з нагоды прэзэнтацыі гэтага выданьня, давераная асоба лэйбла “VoliaMusic” (кіраўнікі ў гэты час знаходзіліся за мяжой краіны) распавялі пра праграму навінкі: “Другі дыск праекту быў прымеркаваны да Дня аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі 27 ліпеня, таму і тэматычны спэктр ягоных песень больш шырокі – Свабода і Незалежнасьць. На “Песьні свабоды-2” трапілі ня толькі кампазыцыі, што не ўвайшлі на першую частку складанкі, але і кампазыцыі апошняга часу, што былі створаныя пад уплывам сакавіцкіх падзеяў, а таксама песьні з навейшых рэлізаў беларускіх рок-музыкантаў.

Слухачоў новай складанкі лэйбла “VoliaMusic” “Песьні свабоды-2” чакаюць цікавыя сустрэчы з уражваючымі рэпавымі чытанкамі гурту “Cyrvonym pa Bielym” і ягонага лідэра KROU, а таксама зь песьняй Імпэратара (CpB), якія сваёй творчасьцю цьвердзяць тое, што беларуская мова і рэп абсалютна сумяшчальныя. А таксама, што беларуская мова можа аб’ядноўваць людзей розных нацыянальнасьцяў: украінскі гурт “De Shifer” прапануе беларускім слухачам свой гіт “Час прыйшоў” і паказвае, што такое сапраўднае славянскае брацтва! Гэтая песьня – сапраўдны рок-гіт на актуальную тэматыку, які калі-небудзь увойдзе ў аналы ўкраінска-беларускага брацтва.

Сярод знакамітых кампазыцыяў, што зьяўляюцца асновай складанкі, назаву песні Лявона Вольскага “Ворагам” (на верш У. Караткевіча), “Наша ўскраіна” гурту “Мясцовы час”, “Успамін пра будучыню” А. Плясанава (на словы В. Мартыненкі), “Пляц Францыска” гурту “УЛІС”, Тодара “Я нарадзіўся тут…”

Лідэры гіт-параду “Тузін Гітоў” прадстаўлены кампазыцыямі гуртоў ZET “Белакрылы Анёл”, “Neuro Dubel” – “Край”, UltraВожык “Фабрыка сноў”, Siver “Колер маёй рэвалюцыі”, “Tav.Mauzer” і Сьвятлана Сугака “Беларусь будзе вольнай”…

Па дыску “Песьні свабоды-2” можна пазнаёміцца і скласьці першыя ўражаньні ад сьвежых беларускіх рэлізаў -- :B:N: прадставіў песьню “Цягнік” з новага альбому “Zyvie rock-n-roll!”, KROU / “Cyrvonym pa Bielym” – CD “Aktualnaja Tematyka / Vulicnyja Bajcy”, а Андрэй Хадановіч нагадаў сваім “Вожыкам-патрыётам” нядаўні рэліз “Партызанская школа”. На мой погляд, самым цікавым сюрпрызам для слухачоў стане адна з самых напружаных і стылістычна чыстых гард-коравых кампазыцыяў складанкі – “Менск – горад свабоды!” маладога гурту “SOК”. Пажадаем посьпехаў дэбютантам, якія гэтай кампазыцыяй зрабілі сапраўдны прарыў у сваёй творчасьці!

Калекцыянэраў беларускага падпольнага відэа дыск “Песьні свабоды-2” зацікавяць і тым, што тут упершыню апублікаваныя кліпы гурту N.R.M. “Гадзючнік” і праекту “Партызанская школа” “Не!”. Самыя цікавыя музычныя артэфакты апошняга часу!

Анатоль Мяльгуй, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net