|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Трыб’ют Андрэю Мельнікаву | 02.08.2006 | “Гомельская музычная ініцыятыва” рыхтуе да выданьня трыб’ют песень Андрэя Мельнікава. Гэта будзе незвычайная праца - песьні, якія многім звыкла чуць у традыцыйным выкананьні знакамітага гомельскага барда загучаць у рокавай і нават рэпавай апрацоўцы. Ужо зараз да праекта далучыліся барды Вальжына Цярэшчанка і Зьміцер Вінаградаў, Віктар Шалкевіч, гурты “Стары Ольса” і “Чырвоным Па Белым”. Падрабязнасьцямі запісу трыб’юта адмыслова з “Тузінам Гітоў” дзеліцца сябра ініцыятыўнай групы Ларыса Шчыракова. Андрэй Мельнікаў мае багатую спадчынну - каля 200 досыць рознаплянавых песень, на якіх, можна сказаць, выхоўвалася сьвядомая моладзь 90-х. Зараз жа вырасла пакаленьне, якое зь песьнямі знакамітага гомельскага барда папросту не знаёмае. “Я лічу, што гэта не справядліва ў дачыненьні да такой багатай, зь вялікім патэнцыялам творчасьці! - кажа Ларыса. - Я ведаю, што гэта была мара самаго Андруся, каб яго песьні былі выкананыя ў рознай манэры, ў розных стылях. Я таксама ўяўляла, што гэтыя песьні можна прасьпяваць інакш, і гэта таксама будзе прыгожа!” Да таго, каб надаць песеньнай спадчыне Мельнікава новае гучаньне ўжо спрычыніліся барды Вальжына Цярэшчанка і Зьміцер Вінаградаў, Віктар Шалкевіч, гурты “Стары Ольса” і “Чырвоным Па Белым”. З таямнічай усьмешкай Ларыса Шчыракова распавядае: “Вінаградаў разам зь Цярэшчанкай будуць выконваць “Казку” і “Песьню зь мінуўшчыы” - я ня буду раскрываць таямніц, але выконваюць яны песьні ў вельмі цікавай манэры, песьні загучаць зусім інакш!” Песьню “Маналог Апанаса Філіповіча”, словы да якой напісаныя Анатолем Сысам, а музыка - Андрэем Мельнікавым, ужо запісаў гурт “Чырвоным Па Белым”. Зараз з фактычна гатовага матэрыялу ёсьць шэсьць песень, да якіх плянуецца дадаць яшчэ сем-восем і цягам ня болей трох месяцаў выдаць нарэшце трыб’ют гомельскаму барду. Натуральна, што па выданьні чакаецца імпрэза ў падтрымку гэтай кружэлкі. Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў” Фота: www.gwendelin.livejournal.com угару - up |
|
|