|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Два тэксты - адна перамога | 16.08.2006 | На апошнім этапе галасаваньня супраць у выніковым мэгатуры “Тузіна” “Аўтабіяграфія” ў выкананьні Ігара Варашкевіча і Лявона Вольскага спаборнічала са “Сьвятлом у цемры” здаровых ласей з “IQ48”. Песьняй году стала “Аўтабіяграфія”, галоўны гіт польскага гурта “Perfect” у беларускім варыянце, а чалавекам году на “Тузіне” прызнаны Міхал Анемпадыстаў: абедзьве песьні, якія дайшлі да рашаючага адчапленьня напісаныя на тэксты аўтара “Народнага Альбому”! Сам Міхал Анемпадыстаў на прысуджаны тытул рэагуе сьціпла: “Тое, што апошнія песьні, якія засталіся ў выніковым гіт-парадзе напісаныя на мае тэксты, можа, і нагода, але не прычына, каб даваць мне “чалавека году”. Я, канечне, малайчына, але ёсьць людзі, якія б больш пасавалі да “чалавека году”. А тое, што да фінішу дайшлі гэтыя дзьве песьні Міхал называе ня інчай, як “заканамернай выпадковасьцю”, як і любыя вынікі любога гіт-параду, на яго думку. “Відавочна, што шмат хто галасаваў супраць песьні Вольскага, не разабраўшыся з умовамі гэтага галасаваньня, - кажа Міхал. - Таму я досыць крытычна да гэтага стаўлюся, тым ня менш, гэта вельмі прыемна!”Што ж датычыць “песьні году”, якой на “Тузіне” стала “Аўтабіяграфія” ў выкананьні Варашкевіча і Вольскага - гэта адна зь песьняў супольнага музычнага праекту “Solidarni z Bialorusia”, які быў створаны ў гэтую вёсну. Гэта быў адзіны канцэрт у Варшаве, у якім бралі ўдзел лепшыя беларускія музыкі, і на якім гучалі песьні 80-х, якія ў свой час натхнялі палякаў на змаганьне за сваю свабоду. Пераклады песень, на якіх ужо выгадавалася не адна генэрацыя ў Польшчы, амаль што ўсе былі зроблены Міхалам Анемпадыставым: “Такая ідэя - прасьпяваць па-беларуску гэтыя вядомыя польскія песьні 80-х узьнікла вельмі даўно. Калі не памыляюся, упершыню я сказаў пра гэта Робэрту Ляшчынскаму, які стаў “маторам” гэтага праекту з польскага боку, яшчэ ў 98 годзе, калі ў нас быў канцэрт “Народнага Альбому” ў Беластоку. І ўвесь гэты час чакалася на тое, каб можна было рэалізаваць гэты праект.” Гэта падаецца нават знакавым, што менавіта песьня з супольнага праекту “Solidarni z Bialorusia” стала пераможцай гэтага “тузіноўскага” музычнага году. Але Міхал Анемпадыстаў падкрэсьлівае: “Усё не выпадкова, і нават не таму, што гэта песьня з таго сакавіцкага канцэрту - мала хто глядзеў або ведаў пра гэты канцэрт. Гэтая песьня гурту “Perfect” была ў Польшчы вялікім гітом! Так што крыніца, першатвор, які мы выкарысталі - яна вартая таго, каб стаць песьняй году і ў Беларусі.” “Аўтабіяграфія”, якую выконваюць Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі - цалкам адаптаваная вэрсія ня толькі для Беларусі, але нават для саміх выканаўцаў. “Калі б мы проста пераклалі гэтую песьню, - распавядае Міхал, - гэта б была ня нашая аўтабіяграфія, а спадара Маркоўскага, які выконвае яе ў “Perfect”. Мы паспрабавалі зрабіць нашую біяграфію, якая б адпавядала нашай рэчаіснасьці і нашаму жыцьцю. У першапачатковым варыянце быў радок пра “Beatles”, але Ігар сказаў, што ён слухаў “Rolling Stones” - перарабілі на “Rolling Stones”. На думку Міхала Анемпадыстава, тое, што песьню сьпяваюць дзьве культавыя асобы, Вольскі з Варашкевічам, - таксама зьявілася прычынай перамогі “Аўтабіяграфіі”. Зрэшты, Міхал нават расставіў свае акцэнты ў прычынах гэтай перамогі: “На першым месцы - першатвор, ён варты таго, каб быць на першай прыступцы; на другім месцы - тое, што песьню выконваюць знакамітыя беларускія музыкі; свой тэкст я б паставіў толькі на трэцяе месца.” Што тычыцца песьні “Сьвятло ў цемры”, якая крышачку не дацягнула да перамогі - Міхал лічыць, што для “IQ48” гэтае першае месца было больш патрэбнае: “Яны столькі пратрымаліся ў гіт-парадзе, але так мала пабылі на першым месцы, калі песьня перамагла. “Сьвятло ў цемры” - гэта цікавы твор, з апошняга, што я пісаў, а “IQ48” гэтая перамога была б не лішняя”, - разважае Міхал. Што “чалавек году” думае наконт формы выніковага туру, дзе наведвальнікі галасавалі супраць, як высьветлілася, часам самі таго ня ведаючы? “Любы гіт-парад - гэта крыху шоў, інтрыга, - кажа Міхал. - Гіт-парад робіцца не абавязкова, каб знайсьці пераможца, а дзеля інтрыгі, спаборніцтва, каб весялей было жыць! Можна галасаваць за лепшыя песьні, а можна выкрэсьліваць тыя, што не падабаюцца - і вынік будзе розным. Любыя вынікі ўмоўныя - ня ватра з гэтае нагоды задзіраць, або наадварот вешаць нос!” Дарэчы, калі б Міхалу Анемпадыставу далі магчымасьць аднаму вызначыць песьню году, перамагла б лявонавольская “Усё роўна мы пераможам”: “Я магу памыляцца, - папярэджвае Міхал, - можа, яна і ня лепшая, але гэтая песьня патрапіла ў час, у сэнс, у настрой вялікай колькасьці людзей!” Але мы, прынамсі, віншуем усіх хоць бы і зь перамогай “Аўтабіяграфіі” ў выніковым туры “Тузіна”! Алена Скарабагатава, “Тузін Гітоў” Фота: Джэф Баніфацына угару - up |
|
|