.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Аркадзь Эскін: проста піяніст у “Залі Славы”
| 06.09.2006 |

У гісторыі беларускага джаза не было такога мудрага, інтэлігентнага, тонкага музыканта, як Аркадзь Эскін. Але называць яго толькі беларускім музыкам было б памылкай: гэта быў музыка сьвету, здольны ў роўнай меры прадстаўляць дадзены яму звыш талент і на Ўкраіне, і ў Расеі, і ў кожнай часцы сьвету. Паколькі быў ён сапраўдным пасланцам музычнага мастацта. Быў… На вялікі жаль, даводзіцца казаць пра Аркадзя Эскіна ўжо ў мінулым часе. Зьміцер Падбярэзскі – пра Аркадзя Эскіна, які ўваходзіць у “Залю Славы” на “Тузіне Гітоў”.

Аркадзь ЭскінПраўду кажучы, гэта не зусім так. Ён ёсьць, ён працягвае жыць — у сваіх вучнях, у тых запісах (і ня толькі джазавай музыкі), якія засталіся і трывала занялі месца на паліцах сапраўдных зьяваў музычнага мастацтва. Аднак гэта зусім не архіўныя паліцы, паколькі тое, што выконваў Аркадзь Барысавіч, тое, што ён запісаў і, як адышоў, пакінуў усім нам, працягвае жыць, прымушаючы яшчэ і яшчэ раз радавацца і зьдзіўляцца, атрымліваць асалоду ды адкрываць штораз у гуках ягонага фартэпіяна для сябе нешта новае. Ягоныя запісы немагчыма заслухаць, як той казаў, «да дзірак», паколькі глыбіня ягонай музычнай думкі, “шматпавярховасьць” ягонага выканальніцкага мысьленьня не падуладныя сухому, цьвярозаму вымярэньню. Мастацтва Эскіна па-добраму п’яніць, безумоўна падымае настрой нават тады, калі выконвае ён лірычныя, мінорнага характару п’есы.

Як гэта даволі часта здараецца з таленавітымі ад прыроды, а ня згодна дыплёму музыкамі, адукацыі, ведаў ён набіраўся ня ў клясах, не на ўроках, а на практыцы. За плячыма ў яго ўсяго-ткі музычная дзесяцігодка ў Харкаве, дзе ён нарадзіўся, а вось вышэйшую адукацыю ён атрымаў ужо ў 1987 годзе, скончыўшы адзьдзяленьне народных інструмэнтаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. У той час ён іграў у славутых «Песьнярах», але ж кіраўніцтва філярмоніі лічыла, што яго музыкам непрыстойна без «вышэйшага» дыплёму. Вось і «паступілі» практычна ўвесь калектыў “набірацца” ведаў, хоць той жа Эскін мог ужо тады сьмела там выкладаць. Што, дарэчы, і здарылася гадоў празь дзесяць…

Паказальна, што ўжо ва ўзросьце 13 гадоў ён зарабляў на жыцьцё музыкай, іграючы ў харкаўскіх рэстаранных камандах. Іграючы, натуральна, і джаз. Ва ўзросьце 16 гадоў прафэсыйна выступаў у складзе вялікага бэнду, у 19, ужо ў Растове-на-Доне, сабраў сваё першае трыё. Працаваў у Разані, Кіеве, некаторы час выступаў у складзе аркестра Леаніда Уцёсава, акампанаваў Гюлі Чахэлі. У 1967 годзе, дарэчы, ён на ўдачу паехаў у Талін, прачуўшы аб тым, што туды на джаз-фэстываль прыехалі замежныя славутасьці. Удзельнічаў у адным з джэмаў, дзе сярод іншых выступаў і Зьбігнеў Намыслоўскі. Я асабіста быў сьведкам іх сустрэчы ў канцы 90-х у Менску. Аркадзь падарыў тады польскаму саксафаністу вінілавы альбом з запісамі таго фэстывалю, у тым ліку Намыслоўскага. Пра існаваньне такога альбому Зьбігнеў нічога ня ведаў. Ён наогул быў уражаны, калі даведаўся, што ў Аркадзя маецца аматарская 8-мілімэтровая кінастужка, якая зафіксавала фрагмэнты таго джэму.

А ў 1972 годзе пераехаў у Менск, дзе і застаўся. Запрасілі яго тады ў філярманічны ансамбль «Тоника», які акампанаваў на канцэртах салісту філярмоніі Віктару Вуячычу. Ансамбль, варта адзначыць, сабраўся вельмі моцны. Нягледзячы на тое, што аснову рэпэртуару Вуячыча складалі песьні грамадзянска-патрыятычнага характару, група мела падчас канцэртаў сольныя нумары, у якіх ёй дазвалялася паказаць «ня нашую» музыку. Аркадзь Барысавіч іграў тады з трубачамі Валерыем Шчарыцам і Віталем Бармам, трамбаністам Валерыем Гурдзіяне, саксафаністам Анатолем Радзюковым, бас-гітарыстам Анатолем Архіпавым, барабаншчыкам Уладзімерам Фядотавым. Потым ужо ў групе іграў і пазьнейшы музыка знакамітых ансамбляў “Мелодия” і “Аллегро” Сяргей Гурбелашвілі. Гэтаму калектыву былі адкрытыя замежныя гастролі, і ў тыя гады Аркадзь Эскін пабываў шмат у якіх краінах, і ня толькі афрыканскіх. А паралельна іграў у складзе Беларускага дыксіленду Авеніра Вайнштэйна, у якім, што цікава, пачынала Алена Сьвірыдава.

У 1980 годзе яго запрасілі ў склад «Песьняроў», якія ў той час, поруч з выкананьнем апрацовак народных песень і камсамольскай патрыётыкі, працавалі з творамі вялікіх форм, якія патрабавалі складанага, напоўненага гучаньня, удзелу значнай колькасьці музыкаў. Можна згадаць не адну праграму тых гадоў, у якіх непасрэдны ўдзел браў Аркадзь Эскін. Аднак назаву перш за ўсё адну: «Через всю войну», прысьвечаную 40-годзьдзю Перамогі. Нехта сёньня можа казаць пра нібыта заказны характар праграмы (што насамрэч не зусім так), але ж дзякуючы досьведу, майстэрству такіх аранжавальнікаў, як Ўладзімер Ткачэнка, Ігар Палівода, Барыс Бернштэйн, нарадзілася праграма з па-сапраўднаму сучаснай, актуальнай музыкай. У кожным разе, безумоўная хард-рокавая аснова такой, да прыкладу, песьні, як «Багратион», у кожным іншым выпадку была б жорстка перасечана ідэалягічнай цэнзурай. Тут жа ўсё прагучала вельмі арганічна. Аднак Аркадзь Эскін, калі і выступаў як аранжавальнік, дык, бадай, толькі ў тыя моманты, калі заставаўся зь інструмэнтам сам-насам. У складзе ж групы ён быў надзейным падмуркам гучаньня і, зразумела, вызначаўся ў сола.

Але музыка «Песьняроў» усё ж была не ягоная. Плюс бясконцыя паездкі. А ён так любіў сваю «прыўкрасную Клару», якой пазьней прысьвяціў адну з аўтарскіх п’ес, дачок. І ў 1987 годзе прыняў прапанову ўвайсьці ў склад толькі што створанага Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі. Гэта была ягоная бэндавая стыхія, смак якой ён адчуў, калы быў яшчэ юнаком. Тым больш што побач былі некаторыя калегі па «Тонике», мэтр джазавых аранжаваньняў і фартэпіяна Андрэй Шпянёў. І маладыя музыкі, якія набіраліся досьведу, разуменьня бэндавай музыкі ў тым ліку і ў яго. Нездарма Аркадзь Эскін пазьней зрабіўся афіцыйным куратарам менавіта маладых музыкаў, пачаў выкладаць джазавае фартэпіяна, мастацтва імправізацыі ва ўнівэрсытэце культуры. Сярод ягоных вучняў Раман Козыраў, Кацярына Гаўрылава, Людміла Багданова і іншыя.

У 1994 годзе ў дуэце са скрыпачом і бас-гітарыстам Барысам Бернштэйнам ён тры месяцы працаваў у Японіі, а адразу па вяртаньні на тры гады ад’ехаў у Эўропу ў складзе ўральскай групы Ігара Бурко. Выступаў там на шматлікіх фэстывалях, у тым ліку і на славутым “North Sea” ў Гаазе, удзельнічаў у запісу трох альбомаў, у тым ліку і зь вядомай англійскай вакалісткай Бэрыл Брайдэн. Вярнуўся ў Менск у 1998 годзе і паглыбіўся ў звыклую для сябе атмасфэру: канцэрты з трыё і з квартэтам, вучні. Не хапала аднаго: выдадзенага на радзіме альбому. І калі ў 2003 годзе два вечары запар ён з трыё (Мікалай Няронскі — электрабас, Андрэй Славінскі — барабаны) зьбіраў забітую па берагі залю Тэатру маладзёвай эстрады, гэтыя канцэрты атрымалася запісаць. Адмастэрыў запіс Мікалай, але спатрэбілася яшчэ два гады, каб угаварыць самога Аркадзя Барысавіча запусьціць выдавецкі працэс. Ён быў надзвычай патрабавальны да сябе, паўтараў, што зрабіў зашмат памылак, хоць я і налягаў на тым, што менавіта канцэртны ягоны запіс найбольш цікавы. Мы пасьпелі выдаць гэты альбом з дапамогай банку “Золотой талер”, дзе проста ўразіліся тым, што ў Менску, пад бокам, ёсьць такія адмысловыя музыкі. Тысячны тыраж альбому разышоўся вельмі хутка, давялося яго дадрукоўваць, а гэта для запісаў беларускага джаза — сур’ёзны паказчык.

Альбом насамрэч атрымаўся. Ня ведаю, якія там былі памылкі: я, як слухач, успрымаю запіс як належнае. Відаць, гэтыя недапрацоўкі Аркадзь чуў выключна сам. Клясыка джаза — Гершвін, Портэр, сучасны джаз — Чак Манджоні, Артура Сандоваль і, канечне ж, ягоныя аўтарскія п’есы. Напісаў ён іх няшмат, але гэта ювэлірна зроблены матэрыял. “Мая прыгожая Клара”, “Жужаль”, “Іспанія”. Першая — пяшчотная баляда, другая — энэргічная, поўная дынамікі, трецяя — натхнёна-рамантычная. Назву “Жужаль”, як згадвае дачка Аркадзя Яна, ён выбраў выключна паводле гукавой прыкметы: “Прыгожа гучыць”. Назва начной драпежнай казуркі дакладненька адбілася ў музыцы, хоць наўрад ці Аркадзь ведаў, што гэта за стварэньне. А вось “Іспанія”... Я колькі разоў чуў гэту п’есу на канцэртах. Трымаючы ў галаве некалькі “кантрольных” момантаў п’есы, Аркадзь заўсёды выконваў яе па-рознаму, ніколі не паўтараўся, і поруч з выкананьнем яе трыё, у мяне ёсьць яшчэ запіс, дзе Аркадзь іграе ў квартэце з гітарыстам Віктарам Малчанавым. Але найбольш яркім нумарам альбому я лічу славутую “Вераніку” — ягоную імправізацыю на тэму песьні Ігара Лучанка. На маю думку, гэта проста шэдэўр! Бо зроблена ўсё тонка, вытанчана, смачна. Тая ж Яна распавядала, што Аркадзь шмат часу падступаўся да гэтай мэлёдыі, спрабаваў то адзін уступ, то другі, то дваццаты, і ў выніку атрымалася гэткая джазавая цукерка — не прыкрая, не ліпучая, ня танная...

Нехта з маіх калег зьвярнуў увагу на тое, што падчас канцэртаў, на сцэне, Аркадзь практычна ніколі не глядзеў на клавіятуру, адварочваўся ад раялю. І я тады падумаў: а нашто, уласна кажучы, трэба было яму глядзець на клавішы, якія ён выдатна вывучыў ужо ў тыя гады, калі многія і табліцу памнажэньня не засвоілі? Бо музыка жыла ў кожнай часьцінцы ягонага цела — у пальцах, у галаве, у душы, сэрцы. Нават калі ў апошнія дні, знаходзячыся ў бальніцы, ён, дзеля практыкі, практыкаваўся проста на стале, музыка ўсё роўна гучала. Таму што сам ён быў — музыка.

Праўда, што ж гэта я зноў: быў? Ёсьць!
Эскін ёсьць музыка. І будзе такім. Заўсёды.

Некаторая інфармацыя з энцыкляпэдычнага даведніка “Хто ёсьць хто ў папулярнай музыцы Беларусі”, які рыхтуецца да выданьня.

ЭСКІН АРКАДЗЬ (Эскин Аркадий, Eskin Arkady) — джазавы піяніст, кампазытар, аранжавальнік, педагог.

Нарадзіўся 24.04.1939 г. ў Харкаве. У 1956 г. скончыў Харкаўскую музычную школу-дзесяцігодку, у 1987 г. — аддзяленьне народных інструмэнтаў БДУК. Джазам пачаў займацца яшчэ ў школьным узросце, ужо ва ўзросце 13 гадоў актыўна працуючы як рэстаранны музыка. З 1955 па 1957 г. працаваў у Луганску як удзельнік джаз-аркестра п/к У.Пятрова. У 1958 г. ў Растове-на-Доне заснаваў першае ўласнае трыё. З 1961 па 1967 г. працаваў як музыкант джаз-квартэта ў Разані. У 1961 г. — удзельнік кіеўскага аркестра “Дніпро” п/к І.Пятрэнкі, пазьней — аркестра Л.Уцёсава. З 1967 па 1971 г. працаваў як піяніст у ансамблі “Чанги” Г.Чахэлі, пасьля чаго пераехаў у Менск, дзе ўвайшоў у склад ансамбля “Тоника” Белдзяржфілярмоніі (1972-1979), потым быў запрошаны ў склад ансамбля “Песняры” (1980-1986). У жніўні 1987 г. атрымаў запрашэньне ў склад новастворанага Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, дзе ён выступаў як саліст біг-бэнда, так і ўласных трыё і квартэтаў, займаўся трэнінгам маладых музыкантаў. У 1994 г. у дуэце з Барысам Бернштэйнам на працягу трох месяцаў выступаў у Японіі. У 1994-1998 гг. працаваў у Эўропе як піяніст “Уральского диксиленда” І.Бурко. Пасьля вяртаньня ў Менск зноў пачаў працу ў Дзяржаўным канцэртным аркестры, пазьней (1999-2003) выкладаў джазавае фартэпіяна на кафедры майстэрства эстрады БДУК. Сярод ягоных вучняў — Р.Козыраў (БДА “Песьняры”), К.Гаўрылава, Л.Багданава. Паралельна актыўна выступаў з канцэртамі як лідэр джазавага трыо, запісваўся з Ірынай Дарафеевай, Вольгай Залескай і інш.
У творчасьці трымаецца мэйнстрыму, уключаючы ў рэпертуар як стандарты джазавай клясыкі, так і ўласныя творы, сярод якіх найбольш вядомыя “Іспанія”, “Мая прыгожая Клара”, “Жужаль”, “Гуляў казак”.
Гастролі, фэстывалі: у складзе “Тоники” — краіны Эўропы, Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі, Мексыка; у складзе “Песьняроў” — краіны Эўропы, Індыя; у складзе “Уральского диксиленда” — краіны Эўропы, выступленьні ў джаз-клюбах Парыжу, Лёндану, Лівэрпулю; сярод фэстываляў — “North Sea” (Гаага, 1996), Эйдговэн, Гётэборг, Эдынбург (у складзе “Уральского диксиленда”), Куйбышаў, Днепрапятроўск, Данецк (1968), Тбілісі, “Белые ночи” (Ленінград), “Таллин-67”, Ялта, Менск, “Славянский базар”, “Данецк-2004”, “Ростов-2004, 2005” — у складзе розных калектываў.
Узнагароды: у складзе “Тоники” — ляўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1978) у катэгорыі “інструмэнтальная музыка”.
Дыскаграфія: СD — у складзе “Igor Bourco’s Uralsky Jazzmen”: “Russia Meets America” (“Jazz Between Dikes”, 1995, Галяндыя), “America Meets Russia” (“Jazz Between Dikes”, 1995, Галяндыя), “Oh, Mo’nah. Feaut. Beryl Bryden & Nat Gonella” (“Jazz Between Dikes”, 1997, Галяндыя); “Белорусский диксиленд” (“Ковчег”, 2004); у складзе трыё — “What’s News?” (“Ковчег”, 2005).


Зьміцер Падбярэзскі

Фота: Яўген Коктыш


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net