|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Вольга Залеская & WZ-Orkiestra. Небесная таверна | 08.11.2006 | Альбом Вольгі Залескай “Небесная таверна” – сапраўдны падарунак для тых, каму добразнаёмы кранальны голас барда па хрыпатых касэтах. Альбом – пяшчотны і восеньскі. У ім – і душа жаночая, і міміка. Гэткія бясконцыя пошукі і чаканьне, сум і радасьць, разгубленасьць і моц, расчараваньне і надзея. У ім – усьмешка на вуснах, пытаньне ў вачох, зморшчынкі на ілбе. Можна сядзець ля вакна і глядзець на жоўтыя сумныя верхавіны дрэў, можна закутацца ў цыгарэтнае воблака кавярні, можна ехаць у трамваі па сьцямнелым Менску з хрызантэмамі ў рукох, можна сабраць сяброў на кухне – і слухаць “Небесную таверну”.Да зьяўленьня альбому непасрэднае дачыненьне мае Зьміцер Вайцюшкевіч. Ён пазначаны мастацкім кіраўніком праекту, а на справе – яшчэ і добры анёл. Па словах Вольгі, яна цалкам даручыла выбар кампазіцый Зьмітру. І трэба сказаць – у яго выдатны густ. Больш таго, да адной з самых кранальных кампазіцый - «В джинсах» - Зьміцер напісаў музыку. Што прыемна – альбом запісаны з WZ-Orkiestra. Як зазначыў Вайцюшкевіч, праблема пошуку музыкаў – глябальная. Людзі, што умеюць добра граць на музычных інструмэнтах, ёсьць усюды. А вось музыкі, што могуць зграць пачуцьці, трапляюцца ня так часта. Відавочна, не дарма Залеская чакала так доўга – 15 год: бард і WZ-Orkiestra адчулі настрой альбому аднолькава. Па шчырым меркаваньні Вольгі – усяму свой час. Усё прыйдзе – трэба пачакаць. Таму і атрымаўся альбом сталым і невыпадковым. Так мовіць, дарослым. А як зазначыла Вольга, “чым больш дарослы і дасьведчаны, тым болей пяшчотны”. На “Небесной таверне” дванаццаць кампазыцый розных гадоў. Іх настрой мяняецца гэтак жа хутка, як і настрой жанчыны: В наших венах – зеленый чай, В наших мыслях – осенний Крым. Тает, тает жизнь как свеча, А мы об этом не говорим... Але на погляд Вольгі, канцэпцыя альбому – у словах песьні «Небесная таверна»: «Радуйся, не бойся и лети!». Што хочацца зрабіць, праслухаўшы плыту? Набраць нумар, які ўжо даўна, здаецца, сьцерся у памяці, і запытацца, як справы. “Какой-то звонок, а поставлено столько на карту…” Даша Слабчанка, для “Тузіна Гітоў” угару - up |
|
|