|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Інтэрнацыянальны праект “Inperfekt” на “Тузіне Гітоў”! | 27.11.2006 | Гурт з Кёльну “Inperfekt”, у які ўвоходзіць беларус, украінец і два немцы, прэзэнтуе ў новым туры на “Тузіне Гітоў” песьню “Бабкі”. Вакаліст гурта Сяргей Сяпіч апавядае, што ён паехаў у Нямеччыну вучыцца, і менавіта тут пачаў пісаць песьні па-беларуску. Твор зрабілі ў студыі, дзе запісваецца нямецкі гурт LebensWeGE. “Бабкі” адразу атрымалі папулярнасьць, таму што ў рэфрэне толькі адно слова, што для немцаў вядома прасьцей запомніць”, - апавядае Сяргей Сяпіч. Наш гурт завецца “Inperfekt”. Назва ўзьнікла пасьля нашага першага запісу 19 сьнежня 2005, калі мы ў трохі эйфарычным стане ўваліліся ў гасьцёўню нашага інтэрната і прымусілі ўсіх, хто там знаходзіцца праслухаць нашы запісы. Мовы, зразумела, ніхто не разумеў, але наш галоўны шоўмэн Манфрэд па мянушцы “Дыска” прамовіў гістарычнае “Das war sehr schon, naturlich nicht perfekt, also kann man sagen Inperfekt”. Запіс, у які ўвайшло чатыры кампазіцыі, мы зрабілі за адзін дзень. “Бабкі” адразу атрымалі папулярнасьць, таму што ў рэфрэне толькі адно слова, што для немцаў вядома прасьцей запомніць. Напісана яна была разам з маім беларускім сябрам Антохай, зь якім мы гралі яшчэ ў Менску. Першапачатковы варыянт ён прыслаў мне ў Нямеччыну, дзе я яго перарабіў і мы напісалі музыку. Канчатковы тэкст такі:Гэта гісторыя ўсім так знаёма Пра мяне пра цябе пачынаецца дома На працы на вуліцы у ложку і ў краме Ў кожнага ў галаве нібыта праграма Бабкі бабкі бабкі бабкі За бабкі працуюць за бабкі ўміраюць За бабкі здароўе й каханьне губляюць За бабкі караюць за бабкі даруюць Па-над усім бабкі сьветам кіруюць Бабкі бабкі бабкі бабкі Мне здаецца што бабак павінна быць мала А працы багата каб жывёліна знала Я маю на ўвазе вядома чалавека Ён мізэрнае стварэньне і варты толькі гэтага Мусіць быць нешчасьлівым цярпець зь нястачы і болю Бачыць сонца скрозь сьлёзы і памерці як насякомае Незайздрасны лёс але я ня веру ў Бога У жыцьці ёсьць бабкі пасьля няма нічога Бабкі бабкі бабкі бабкі Вайна кожны дзень так было і так будзе Покі жыў чалавек, покі жывуць людзі Хлусьня за бабкі і здрада за бабкі Гэта пра людзей у іх усё ў парадку Бабкі бабкі бабкі бабкі Пачаткам існаваньня нашага гурта быў адзін (я ўжо ня памятаю які дакладна) восеньскі дзень 2005 года, калі мы з Марцінам і Нікласам сядзелі ў нікласавым пакоі, нешта смакталі і гулялі на гітарках, а Ніклас на тамтаме. І неяк паміж іншым я прызнаўся, што ў мяне ёсьць некалькі песьняў на беларускай мове і знаёмы басіст. Ніклас адразу ў дзьве гадзіны ноччу патэлефанаваў свайму брату, якому належыць студыя, дзе запісваецца LebensWeGE. І мы прызначылі запіс. Мы трохі парэпэтавалі з Олександром і адным суботнім днём з бутэлькай гарэлкі і бляшанкай чырвонай ікры прыехалі да Табіяса на запіс. Наш першы канцэрт адбыўся 24.05.06 у клюбе Underground на рэліз-вечарыне новага альбома LebensWeGE. Затым было некалькі сумесных канцэртаў у кёльнскіх клюбах і на фэстывалю ў Bad Honnef. Праўда, мы выконвалі песьні на нямецкай і ангельскай мовах, але “Бабкі” абавязкова былі ў нашай праграме. Распавяду крыху пра ўдзельнікаў “Inperfekt”: Аляксандар Краўчук – сапраўдны адэсыт з усімі прыбамбасамі, акцэнтам і штармлівым характарам. Ён прыехаў у Нямеччыну ў 2001 годзе, каб наведаць сваю знаёмую. Так тут і застаўся. На Ўкраіне граў у некалькіх гуртах, два гады таму купіў тут бас-гітару і вось яго раскацісты бас суправаджае нашы выступы. Марцін Борхерт паходзіць з Пфальца, мястэчка Гермінсхайм, адкуль ён прыехаў у Кёльн на навучаньне, але болей часу ён праводзіць граючы на гітары. Бяссумнеўны талент і нямецкая працавітасьць прыносяць сапраўды неверагодныя посьпехі. Ніклас Шэфэль – самы прафесійны з удзельнікаў. Ён таксама барабаніць за LebensWeGE. Паходзячы зь невялікага мястэчка з-пад Кёльна, Ніклас спалучае ў сабе бурны тэмпэрамэнт кёльнскага хлопца з разважлівасьцю правінцыяльнага эстэта. Мяне зваць Сяргей Сяпіч, я ў Нямеччыне з восені 2003. У Беларусі ў мяне былі пляны са сваімі сябрамі сур’ёзна займацца музыкай, я пісаў песьні, але не было ніякай магчымасьці запісвацца. У Нямеччыну я паехаў на вучобу, але не адрываўся ад падзеяў у Беларусі і працягваў пісаць песьні, прычым менавіта тут я пачаў іх пісаць па-беларуску. Потым мне пашчасьціла знайсьці сяброў, зь якімі мае мары зьдзейсьніліся – мы здолелі запісацца! І вось я прапаную на суд слухачоў "Тузіна Гітоў" песьню “Бабкі”, якую ведаюць ужо нямала немцаў, аля ня чуў яшчэ ніводны беларус. Галасуйце! Inperfekt - Бабкі (муз.гурта, сл.С.Сяпіч). Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы. Сяргей Сяпіч, для “Тузіна Гітоў” угару - up |
|
|