.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Cклад журы цырымоніі “Рок-Каранацыя-2006”
| 01.02.2007 |

Сёлета адно з галоўных новаўвядзеньняў цырымоніі - істотнае пашырэньне складу журы. Раней намінантаў і пераможцаў вызначала агульная экспэртная рада, цяпер – у кожнай намінацыі сваё журы, у якое ўвайшлі тры дзясяткі адмыслоўцаў – музычных крытыкаў і прадусараў, журналістаў і мэнэджэраў, паэтаў і музыкаў, тэле- і радыё-вядучых. Поўны склад экспэртнай рады цырымоніі “Рок-Каранацыя-2006” на “Тузіне Гітоў”.

Рок-каранацыя 2006Лепшых у намінацыі “цяжкая музыка” вызначаць тыя, хто найлепей арыентуецца ў дадзеным музычным кірунку. Гэта вядучы мэтал-фэстаў і аўтар праграмы пра цяжкую музыку “Маса-Бруто”, якая выходзіць на хвалях радыёстанцыі “Мінск” Аляксандар Літвінскі. Сваё меркаваньне таксама выкажуць каардынатар нацыянальнай мэтал-калекцыі "Metallection" Паўль Йермак і аглядальнік “Музыкальной газеты”, вядомы як Арыман.

Прадусар, адзін з арганізатараў штогадовага рэгі-фэстывалю Павал Кашырын, журналіст Максім Шумілін і лідэр гурта “Адыс Абеба” Зьміцер Іваноў назавуць лепшых у г.зв. “пазытыўнай” музыцы.

За вызначэньне пераможцы ў намінацыі “Лёгкая музыка” (аўтарская песьня, шансон, кабарэ) возьмуцца прадусар Віталь Супрановіч, музычны крытык Анатоль Мяльгуй і рок-паэт Міхал Анемпадыстаў.

Традыцыйная намінацыя на “Рок-Каранацыі”, якая так і завецца – “Традыцыі і сучаснасьць” (этна/фолк/фолк-рок/фолк-мадэрн/старадаўняя музыка). Тут будуць вырашаць прадусар праекту “Старажытная зямля” Арына Вячорка, арганізатар беларускіх фолк- і рок-канцэртаў у Польшчы Ігар Знык і лідэр гурта “Палац”, радыёвядучы Алег Хаменка.

Намінацыя “Рок-музыка” аддадзеная на водкуп журналістам, якія ня першы год уваходзяць у журы цырымоніі. Гэта галоўны рэдактар “Музыкальной газеты” Алег Клімаў, аглядальніца “Белорусскай газеты” Тацяна Заміроўская і журналіст Зьміцер Падбярэзскі.

За новую намінацыю “Поп-рок” адказваюць: галоўны рэдактар газэты “Антенна” Сяргей Маліноўскі, журналіст Максім Жбанкоў і тэлевядучая Тамара Лісіцкая.

Адны з найбольш абазнаных у айчынным хіп-хопе ўвайшлі ў склад журы ў гэтай новай намінацыі. Тут адзін з пачынальнікаў рэп-руху ў Беларусі Банкіла, лідэр праекту “Люди дела” Алаб і музыка і прадусар Валік Грышко.

У намінацыях “Альбом году” і “Праект году” лепшых даручана абраць экспэртнай радзе, якая складаецца з прадстаўнікоў гуказапісвальных лэйблаў і кампаніяў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Гэта кіраўнік “БМА-груп” Віталь Супрановіч, кіраўнік “Новой музыкальной компании” Вячаслаў Гулевіч, кіраўнік “Aist company” Уладзімер Кубышкін, кіраўнік гомельскага лэйблу “Go-records” Віктар Гольцаў і мэнэджэр беларускага каталёгу West Records Мікалай Сапуноў.

“Хіт году” вызначаць прадстаўнікі друкаваных і электронных СМІ – ві-джэй “Першага музычнага каналу” Каця Пытлева, аўтар праграмы “Каля рока” на “Аўтарадыё” Маша Яр, галоўны рэдактар “Музыкальной газеты” Алег Клімаў, выдавец інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” Вецер Мэханічны.

Cамае лепшае відэа абярэ журы, якое будзе складацца з прадстаўнікоў айчынных тэлеканалаў: музыка, рэжысэр, прадусар беларускага MTV Валік Грышко, музыка, вядучая на “Першым музычным канале” Каця Пытлева, рэжысэры і тэлевядучыя Аксана і Анатоль Вечары (Першы тэлеканал), намесьнік старшыні праўленьня “Другі нацыянальны канал” (ОНТ) Ягор Хрусталёў.

“Выканаўцу году” вызначаць наведнікі парталу “Тузін Гітоў”. Галасаваньне стартуе 5 лютага! Галоўныя намінанты ва ўсіх намінацыях будуць абвешчаны на прэс-канфэрэнцыі і на “Тузіне Гітоў” 15 лютага.

Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net