.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Уладзімер Мулявін - Голас душы
| 16.02.2007 |

Дыск "Голас душы" падасьпеў да студзеня — драматычнага месяца для Ўладзімера Мулявіна. Менавіта ў студзені 66 гадоў таму творца нарадзіўся і ў гэтым самым месяцы — чатыры гады таму — памёр... Туды ўвайшлі рэдкія, малавядомыя запісы лідэра "Песьняроў". Адна зь песень - "Маналёг сабакі", кажуць, нават была выключана з адмысловага выданьня "Анталёгіі Песьняроў", падараванага Лукашэнку...

Уладзімер Мулявін. Голас душыСтаўленьне да падобных складанак у кожнага сваё. Нехта можа прыняць праект «Нерастыражаванае» як чарговую спробу зарабіць на імені Мулявіна, нехта — як спосаб паказаць асобу Песьняра з малавядомага боку. У любым разе, «Голас душы» выглядае куды цікавей за які шараговы «The Best» ВІА «Песьняры». На гэтым дыску ня знойдзеш адвечных «Александрыны» ці «Яся», затое тут ёсьць рарытэты, забытыя ды малавядомыя творы.

Прыкладам, песьні з праграмаў на вершы Янкі Купалы і Ўладзімера Маякоўскага, з цыкляў «Праз усю вайну» і «Вясёлыя жабракі». Арт-рокавы нумар на «Разлад» Купалы (1982) ці акустычнае выкананьне на «Появились молодые» Маякоўскага (1987) — гэта проста цуд! А так сьмела з музычнага гледзішча, як у творы «Перад атакай» (1984) да паэзіі пра Вялікую айчынную, яшчэ, відаць, ніхто не падыходзіў: драматычны верш Сяргея Гудзенкі яшчэ болей узмацняе псыхадэлічная гітара.

Ёсьць тут «Маналёг сабакі», які напісаў Ігар Палівода на верш Петруся Макаля. Кажуць, што менавіта гэтую песьню прыбралі чыноўнікі з «Анталёгіі Песьняроў» перад тым, як падарыць яе Лукашэнку.

Праўда, не зусім зразумела, што тут робяць добра вядомыя кампазыцыі з позьняга «песьняроўскага» пэрыяду — «Ой, кума» і «Чырвона ружа», — яны ня так багатыя ў музычным сэнсе, але слухаюцца з прыемнасьцю.

Арганічна закрывае дыск пранізьлівая «Малітва» на словы Янкі Купалы. Кіраўнічка гэтага праекту, жонка лідэра «Песьняроў» Сьвятлана Мулявіна-Пенкіна кажа, што ў другую частку гэтага праекту ўвойдуць самыя цікавыя песьні пра каханьне. Чакаем. Дыск з катэгорыі «Для ўсіх».

Уладзімер Мулявін. Голас душы. Частка 1. Vigma, 2006.

SB, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net