.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Тузін Гітоў” прадстаўляе: трыб’ют Neuro Dubel
| 19.02.2007 |

2007 год для Neuro Dubel cтанецца асабліва багатым на падзеі. Сёлета гурт сьвяткуе сваё 18-годзьдзе, рыхтуе да выданьня 13-ты альбом зь інтрыгуючым назовам “Stasi”, а беларускія і замежныя музыкі запісваюць свае вэрсіі песень Neuro Dubel для трыб'юта гурта, які рыхтуецца ў супрацы з “Тузінам Гітоў”. Пэўна, што ён станецца самым прадстаўнічым і разнастайным з усіх айчынных трыб’ют-выданьняў. Згоду на ўдзел у ім ужо далі Паліна Смолава і N.R.M, Аляксей Хлястоў і Apple Tea, украінцы з гурта “Скрябін”, літоўцы IR, палякі ZERO-85 і RIMA…

Neuro DubelНягледзячы на праблемы са здароўем, якія, зрэшты, ужо прамінулі, у лідэра гурта Аляксандра Кульлінковіча, праца над выхадам трыб’юта не прыпыняецца ні на дзень.

У ім прымуць удзел як беларускія рок-музыканты, так і эстрадныя зоркі, а таксама некалькі гучных імёнаў украінскай, літоўскай і польскай рок-сцэнаў. Пасьля шматлікіх перамоваў збольшага сфармаваўся сьпіс удзельнікаў. Сваю згоду на ўдзел у трыб’юце Neuro Dubel ужо далі гурты “Палац”, “Крама”, “Apple Tea”, Аляксей Хлястоў, Аляксандар Памідораў, “Atlantica”, “Tav.Mauzer”, Ларыса Грыбалёва, Зьміцер Вайцюшкевіч, Карыяна, Кася Камоцкая, N.R.M, Паліна Смолава, “ZigZag”, “J_Mors”, “Нагуаль”. Трыб’ют заяўляецца, як міжнародны. Далі сваю згоду польскія гурты “ZERO-85” і “RIMA”, літоўцы IR, украінцы “Скрябін”. Магчыма, што на трыб’юце будзе прысутнічаць і песьня аднаго з расейскіх гуртоў. “Мне вельмі прыемна, што на альбоме будуць суседнічаць такія розныя ў творчым пляне выканаўцы, як, да прыкладу, поп-сьпявачка Паліна Смолава, джаз-каманда Apple Tea і рокавы N.R.M”, - кажа Аляксандар Кульлінковіч.

Пакуль яшчэ ня ўсе выканаўцы вызначыліся, на якую зь песьняў яны будуць рабіць кавэр.

Зьміцер Вайцюшкевіч абраў для сябе адзін зь першых гітоў Neuro Dubel - “Резиновый дом”: “У ёй можна знайсьці адказы на ўсе свае пытаньні! Песьня старая, але вельмі актуальная і на сёньняшні дзень”.

Зоркі “Басовішча” Tav.Mauzer адназначна за “Охотник и Сайгак”. “Гэта такая драйвовая песьня! Цяжкая музыка, блізкая нам па духу. Наш кавэр будзе цяжкі, з электронікай, як мы звычайна робім. І, безумоўна, мы перакладзем тэкст на беларускую мову”, - кажа Ян Маўзэр.

А вось літоўцы IR, прызнаныя летась лепшай рок-камандай гэтай краіны, даўно думалі над тым, каб запісаць песьню па-беларуску. І вось цяпер ім прадаставіўся такі шанец. “Мы паслухалі колькі беларускамоўных кампазыцыяў гурта і цяпер абіраем паміж “Гузікам” і “Танкамі”. Вельмі нас зачапіла і “Скрыпка дрыгвы” - кажа лідэр гурта Германас Скорыс.

Але для трыб’юта музыкі маюць абраць менавіта аўтарскую песьню Neuro Dubel, таму такія рэчы, як “Скрыпка дрыгвы”, “Чужая мілая”, “Камсамольскі білет” ды іншыя ў любым разе ня ўвойдуць у трэк-ліст дыска.

Сьпіс удзельнікаў трыб'юта канчаткова не сфармаваны. Да працы над праектам можа далучыцца кожны гурт, прадставіўшы Neuro Dubel вынікі свайго арыгінальнага бачаньня іх творчасьці.

За ўсёй дадатковай інфармацыяй зьвяртайцеся па мэйле ndak@yandex.ru

Кася Сарокіна, Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net