.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Rasta”: “Мы адчувалі ў сабе сілы!”
| 26.02.2007 |

“За мінулы год мы пасьпелі выступіць на буйных фэстах у Эўропе, пабачылі розную публіку. Каб прыехаць на “Рок-Каранацыю”, мы без ваганьняў адклалі адзін з канцэртаў ва Ўкраіне, бо вельмі прыемна, што наша родная беларуская публіка не забывае і цэніць нас на Радзіме!” – прамовіў са сцэны “Рок-Каранацыі” лідэр гурту “Rasta”, які атрымаў сёлета галоўную карону. Па сканчэньні ўрачыстай цырымоніі Павал Паўліхін, гітарыст “Rasta”, адказаў на некалькі пытаньняў “Тузіна Гітоў”.

Rasta на "Рок-Каранацыі 2006"- Па шчырасьці, мы лічылі сябе дастойным і моцнымі кандыдатам для таго, каб атрымаць карону. Але, зыходзячы з таго, якія выканаўцы бралі галоўныя кароны ў мінулым – гэта ў асноўным беларускамоўныя гурты, зь нейкай вострапалітычнай скіраванасьцю, стылістычна не такія цяжкія, як “Rasta”, – мы былі ўпэўненыя, што карону атрымае хтосьці іншы. То бок, мы ўяўлялі сябе не фарматным гуртом для атрыманьня кароны ці нават нейкіх іншых узнагародаў на фэстах такога кшталту. Тым ня менш, сілы ў сабе мы адчувалі!

ТГ: Тое, што вы выбіліся, скажам так, з фармату тых гуртоў, якія перамагалі раней – што гэта можа дэманстраваць?

- Я лічу, што гэта нейкі прарыў і зьмяненьне фармату самой “Каранацыі”, пашырэньне яе межаў, і нават межаў музычнай сьвядомасьці людзей, якія вызначалі пераможцаў. А можа быць, гэта і аб’ектыўнае меркаваньне, бо за мінулы год мы зрабілі вялізную працу, як у пляне канцэртаў, якіх была вялізная колькасьць, так і ў пляне прадстаўленьня Беларусі на буйнейшых эўрапейскіх фэстах. І калі глядзець на гэта аб’ектыўна, кажу гэта бязь лішніх амбіцый і нейкага патасу, але мы зрабілі за мінулы год больш, значна больш, чым іншыя гурты. Можа быць нават разам узятыя!

ТГ: А што адбудзецца ў бліжэйшы час, што вы зьбіраецеся рабіць зараз? І як справы з выданьнем вашага альбому ў Эўропе?

- Зараз мы скончылі вялікі ўкраінскі тур, пасьля чаго нам хочацца крышачку пасядзець дома і папрацаваць над матэрыялам для новага альбому. У гэты ж час, на пачатку сакавіка, мы будзем здымаць другі кліп, першы будзе вось-вось гатовы – засталося толькі пачакаць. Канцэрты пачнуцца пазьней, пакуль мы засяродзімся на студыйнай працы. Наконт выданьня альбому – гэта вядома, што мы маем кантракт на выданьне "The Age of Movement" у краінах, дзе EMI мае свае прадстаўніцтвы. Але хочацца падкрэсьліць, што для нас вельмі ганарова, што і на Радзіме нас цэняць – ня так даўно мы даведаліся, што па выніках прэміі “Містэрыі Гуку” мы аказаліся на першым месцы па продажы альбому сярод цяжкіх беларускіх камандаў. Першы наклад дыску ў Беларусі ўжо разыйшоўся – зараз прадаецца тое, што дадрукоўвалася другім разам.

ТГ: Ці не засьпяваеце вы на наступнай “Каранацыі” па-беларуску?

- Не. Гэта толькі з прынцыповых меркаваньняў так. Мы ўстрымаемся ад пераскокваньня на іншую мову, хаця думалі пра гэта шмат, і абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Але, калі вы заўважалі, мы ніколі не адыходзілі ад межаў ангельскай мовы, і ўсё ж, шчыра, наш прыярытэт – гэта Эўропа і астатні сьвет. Сьпяваць па-беларуску, што мы маглі б зрабіць, і абмяжоўваць сябе межамі толькі нашай краіны – нам гэтага мала. Тут ёсьць гурты, якія гэта выбітна і са шчырым імпэтам робяць.

гутарыла Алена Скарабагатава, "Тузін Гітоў"

Фота: Аліна Крушынская


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net