.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Злыя дзяўчаты” і “Apple Tea”
| 07.03.2007 |

6 сакавіка джаз-група “Apple Tea” паказалася з выдатным сольным канцэртам у КЗ “Мінск”, сабраўшы зьдзіўляючую што да джазавай музыкі аўдыторыю. Гэтым канцэртам музыкі рашуча пераканалі, што ня толькі рок ці папулярная песьня маюць мноства прыхільнікаў. Бо калі высокай клясы выканаўцы паказваюць высокай клясы музыку, самі сабой адпадаюць нейкія стылёвыя ды жанравыя вызначэньні. Пра вялікі сольны канцэрт гурта “Apple Tea” піша Зьміцер Падбярэзскі.

Apple TeaПаказальна, што перад канцэртам за кулісамі давялося пачуць кароткую гутарку людзей з тэхпэрсаналу. “А што ў нас гэта сёньня?” — спытаў адзін. Другі махнуў рукой: “Ды джаз…”. “А…”, — прамармытаў першы, і гэтым “а” было сказана ледзь ня ўсё: і публікі будзе мала, і нудота, а ня музыка. Карацей, прапаў вечар. Ды яшчэ асьвятляльнік быў надта зьдзіўлены, калі на свой запыт “Як са сьвятлом працаваць?” пачуў ад Ігара Сацэвіча: “А ніяк ня трэба. Няхай гарыць, абы ноты было як разлядзець”.

Нехта можа сказаць: якія ноты?! Гэта ж джаз іграюць, імправізацыя! У тым-та й справа, што імправізацыі было шмат, але п’есы Сацэвіча ня толькі складаныя па музычнай мове, яны яшчэ й вытанчана аранжаваныя, асабліва ў тых момантах, калі тыя ці іншыя фрагмэнты выконваюцца ўнісон, ансамблем. Вось гэтыя моманты – фірмовы знак калектыву, які прысутнічае літаральна ў кожным нумары. Некаторыя п’есы наогул можна ацаніць як клясыку беларускай сучаснай інструмэнтальнай музыкі. Гэта “One More Sad Melody”, “Bird Of Night”, “Helicopter For Every Day”, “Parnat Samba”. Сьпіс лёгка прадоўжыць.

Канцэрт гэты меў прадгісторыю, бо роўна 10 гадоў таму, дзень у дзень, група “Apple Tea” паказала ў Менску новую на той час праграму “Angry Girls”. І тады яна прысьвячалася 8 сакавіка. Тады ж была адзьнята і пазьней выдадзена першая ў гісторыя краіны відэавэрсыя джазавага канцэрта пад той жа назвай. Загалоўная п’еса пісалася Сацэвічам у разьліку на два саксафоны і была адноўлена ўжо праз 10 гадоў, калі да “Apple Tea” далучыўся малады Павал Аракелян — музыка сьпелы не па гадах, сцэнічны і экспрэсыўны. Ягоная “дзявочая сварка” з другім саксафаністам Ігарам Лютым празь дзесяць гадоў гучала і выглядала проста шыкоўна!

Мэта канцэрту была яшчэ і ў тым, што музыкі знаёмілі са зьместам чарговага альбому, над якім яны зараз працуюць. Таму выконваліся й яшчэ не вядомыя слухачам п’есы, як прысьвячэньне знакамітаму мастаку Ўладзімеру Цэсьлеру “Tsesler Party”, прысьвячэньне беларускім музыкам, якія, адпрацаваўшы паводле кантракту ў Бразыліі, вырашылі не вяртацца на радзіму (“Stay In Manaus”), а таксама арыгінальная вэрсія славутай “Come Together”. Вядома, што апрача гэтай тэмы “Beatles”, у новым альбоме групы будзе і апрацоўка “She’s Living Home”.

Сярод удзельнікаў канцэрту быў толькі адзін спэцыяльна запрошаны музыка — акардэаніст Уладзімер Федарук, музыка груп “Леприконсы” і “Фестиваль”. Мала хто, відаць, ведае другі з названых калектываў. Гэта квартэт, які складаецца з двух акардэаністаў, бас-гітарыста і барабаншчыка Алеся “Князя” Сапегі. Выконвае квартэт на адмысловым узроўні папулярную музыку — джазавыя п’есы, тэмы П’яцолы, іншую акардэонную літаратуру. А Ўладзімер Федарук паўдзельнічаў у запісе арыгінальнай версіі фірмовай п’есы “Apple Tea” для відэакліпу (дарэчы, зноў жа — першага ў гісторыі Беларусі кліпа на джазавую тэму), зьнятага Ўладзімерам Янкоўскім. Кліп, дарэчы, перамог у сваёй намінацыі на “Рок-каранацыі 2006”.

На гэты канцэрт з Кіева спэцыяльна прыехаў мэнэджэр Уладзімер Камінскі, які плянуе правесьці там 2 канцэрты “Apple Tea” недзе месяцы праз тры. Ён быў уражаны музыкай і адзначыў два моманты. Першы: паводле яго, сёньня на Ўкраіне няма такой гарачай джаз-групы, як “Apple Tea”. Другі: ён назваў менскую публіку вельмі стрыманай па эмоцыях і паабяцаў, што ў Кіеве прыём гэтай праграмы “Apple Tea” будзе непараўнальны ў сэнсе эмоцыяў.

Зьміцер Падбярэзскі, "Тузін Гітоў"

Фота: apple-tea.com


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net