.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Сяргей Новік-Пяюн - Дні лятуць. Песьні з-за кратаў
| 17.03.2007 |

Песьні на вершы паэта, што перажыў усе тры акупацыі Беларусі, нацярпеўся ад саветаў, палякаў ды немцаў, і дажыў да нашых дзён, убачыўшы першыя дні Незалежнасьці. Гэта працяг сэрыі “Беларускі музычны архіў”, дзе ўжо выйшлі дыскі, прысьвечаныя Манюшку, Геніюш, Забэйду-Суміцкаму. Раней самай вядомай песьняй Новіка былі бясспрэчна “Зорачкі”. Гэты праект можа даць сьвету яшчэ колькі гітоў. Абіраць можна на свой густ і музычныя ўпадабаньні.

Сяргей Новік-Пяюн. Дні лятуць. Песьні з-за кратаўДля каго бліжэй аўтарская песьня – Тацьцяна Беланогая прапануе сваё прачытаньне “Над калыскай” і “Ночкі”. Хто хіліцца ў бок мяккага гітарнага гучаньня – праект “Бава” з кранальнай “Праз акіян”. Клясычную музычную плыню прэзэнтуе тут Ларыса Сімаковіч з той жа “Калыханкай”, а рок-андэграўнд – “Голая манашка” (“Павязаным” – супэр!). А ёсьць жа яшчэ рэп “Матуля мая!” ад “Чырвоным па белым”! Пры ўсёй рознасьці ў стылях, тэхніцы, запісу, дыск слухаецца на дзіва гарманічна. Тую гармонію толькі падкрэсьлівае голас самога паэты з уцалелых магнітафонных стужак: між песьнямі раз-пораз ён чытае свае вершы, а пры канцы бонусам зьмяшчаюцца песьні, засьпяваныя Сяргеям Новікам. Сваім голасам ён дае форы некаторым выканаўцам-удзельнікам праекту:) У такім своеасаблівым трыб’юце практычна няма надта гучных імёнаў, таму дыск цікавы ўдвая, бо можна пазнаёміцца яшчэ і з такімі выканаўцамі, як “Водгук-квартэт”, “РоСтра”, Інэса Леаданская ды інш. Сваімі песьнямі ўпрыгожылі праект Данчык, Шалкевіч, Вайханскі і P.L.A.N. “Дні лятуць” можна слухаць паступова, адмыслова расьцягваць, як невялікую і надта займальную кніжку. Адзін складнік – выдатная паэзія тут ужо ёсьць, а шмат у каго з выканаўцаў атрымалася дапасаваць да таго і цікавую музычную частку. З відавочных правалаў - малавядомая група “Jus Gladii” і яе малаўцямная спроба запісаць “Ночку” па мэталу зусім без уяўленьня, як тое робіцца. Дыск – для ўсіх калекцыянэраў сучаснай беларускай музыкі і паэзіі.

Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net