.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Шэраг рок-гуртоў адмовіліся ад удзелу ў акцыі БРСМ “За незалежную Беларусь!”
| 24.03.2007 |

Паралельна з акцыяй на Дзень Волі, улады заплянавалі свае мерапрыемствы. У той жа час, на які прызначаны збор на Кастрычніцкай, ля нацыянальнай бібліятэкі і ў аэрапорце “Менск-1” пачнецца акцыя БРСМ. У межах яе выступяць Ірына Дарафеева, Camerata, Якаў Навуменка, аркестар Фінберга, Руслан Алехно. Разам з тым, плянаваўся і рок-канцэрт, але сёньня ўсе яго ўдзельнікі адмовіліся ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве.

БРСМ. За незалежную БеларусьВакалістка гурта “Tarpach” Вольга Самусік распавядае, што ў межах акцыі БРСМ мелася прайсьці прэзэнтацыя складанкі альтэрнатыўнай музыкі. “Відаць, што людзі, якія займаліся гэтым праектам вырашылі ашчадзіць грошы і ўпісалі нас на 25-га”, - кажа сьпявачка. Музыкі сьцярджаюць, што ня ведалі, што гэта будзе за акцыя, таму і далі згоду. Такім чынам, на афішах побач зь “Тяни-Толкай” і Паплаўскай зь Ціхановічам апынуліся назвы гуртоў Killkitau, “Screamline”, “Insilica”, “Крок”, а таксама ляўрэатаў “Басовішча-2004” – гурта “Tarpach”. Усе гэтыя пяць камандаў у суботу адмовіліся ад сваіх выступаў. “Каб не падстаўляць адзін аднаго, мы параіліся, - апавядае Вольга Самусік. – І вырашылі не ісьці на гэтую акцыю”.

Прадусар Анатоль Марціновіч зьяўляецца памочнікам рэжысэра акцыі “За незалежную Беларусь” і яму належыць ідэя рок-канцэрту ў аэрапорце. Ён сьцярджае, што літаральна ўчора размаўляў з усімі прадстаўнікамі гуртоў, і ніхто не адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве. А.Марціновіч кажа, што нікога не падстаўляў і пацьвердзіў палітызаванасьць “бээрсэмаўскага” мерапрыемства: “Толькі камэрцыйныя імпрэзы могуць быць па-за палітыкай”, - кажа прадусар. “На ўсіх адна Беларусь, і калі людзі не разумеюць, што яны проста артысты і яны выступаюць перад людзьмі, якія прыйшлі іх паслухаць – то гэта выключна іх праблемы”, - падсумаваў памочнік рэжысэра акцыі БРСМ.

Сяргей Будкін, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net