.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Termin X – Закрэсьлі сваё імя
| 26.03.2007 |

Пра дэма-дыск ці не самых разважлівых з маладых рок-музыкаў – гурту Termin X піша Слэп: “Закрэсьлі сваё імя – вельмі сур’ёзны заклік! Бо вядома, што імя чалавека злучана з гараскопам, а такім чынам – зь лёсам. Імя – гэта чарга гукаў, што ўтвараюць своеасаблівую мэлёдыю, якая падсьвядома ўзьдзейнічае як на ўладальніка, гэтак жа і на навакольных. Імя, а разам зь ім і імя па бацьку, і прозьвішча, нясуць інфармацыю аб каранях - гэта сувязь са сваякамі, як з жывымі, так і з памерлымі”.

Termin X. Закрэсьлі сваё імя“Zakresli svajo imia” (demo)
DIY, 2007

Трэкліст:
1. Zakresli svajo imia
2. Zhubicca
3. Tvajo minulaje

Менскі гурт Termin X заявіў аб сваім існаваньні летась на “Адборышчы”, па выніках якога атрымаў пуцёўку на фэст “Басовішча”. Напачатку 2007 году гурт зрабіў інтэрнэт-рэліз свайго дэма-запісу “Zakresli svajo imia”.

Музыка гурта ўвабрала ў сябе ўплыў актуальных цяпер стыляў. Гурт грае музыку кшталту мelodic nu-metal/modern rock. Па сваёй форме - аніякіх асаблівых адкрыцьцяў, але, гэты дэма-дыск адкрывае для нас цікавы гурт, удзельнікі якога ўмеюць пісаць годныя песьні, ды з густам аранжоўваць іх. Усе творы маюць правільную кампазыцыю са сваім уступам, разьвіцьцём, кульмінацыяй ды заканчэньнем. Дакладна расстаўленыя аранжыровачныя акцэнты надаюць музыцы большую прастору, ды эмацыйна ўзмацьняюць тую гісторыю, што распавядаецца ў песьні.

Праграма атрымалася роўная, якасная як па музычнасьці, так і сэнсоўна. Асабліва трэба адзначыць уступ на бубнах, ды бэкі з басам пад час прыпеву ў “Zakresli svajo imia”. Разынка ўсёй праграмы – гэта прыкладна з трэцьцяй хвіліны гучаньня трэку “Zhubicca” – ўражвае ініцыятыва галоўнай вакальнай лініі і пераход ад рэчытатыву да бэк-вакалу! Выдатна! Ды гітара там гучыць лепей за ўсе астатнія трэкі. А вось апошні трэк “Tvajo minulaje” запісам папросту папсаваны. Па-першае - кепскім гукам бубноў ды гітары, а па-другое - дзьве дарожкі вакалу гучаць несынхранізавана! DIY, mazafaka!

Што датычыцца валоданьня інструмэнтамі, то тут усё нармалёва. Адно толькі вакал трохі няўпэўнены. Нейкі быццам разгублены, нібы выканаўца ня верыць яшчэ пакуль у свае магчымасьці і таму не разгортвае іх па поўнай. Гітарыст сыграў годна, але задужа суха. Бас у “Zakresli svajo imia” і “Tvajo minulaje” файны, а на "Zhubicca" яго зусім не адчуваецца, ён залішне схаваны і паўтарае адзін у адзін гітарны рыф, што на мой погляд гучыць горш за іншыя трэкі. Бубны смачныя на ўсіх трэках!

Вось што цікава, па гэтай праграме гурт спадабаўся мне значна больш за іх выступ летась на “Басовішчы”.

“У кожнага ў жыцьці ёсьць свой “тэрмін Х”.
Нейкі час глабальных зьменаў
ды пераасэнсаваньняў.”

Termin X

Сэнсоўна ўсе трэкі абагульнены адзінай ідэяй. Хлопцы аналізуюць адчуваньне сябе і свае існаваньне ў вызначаны момант. Займаюць пэўную філязоўска-грамадзянскую пазіцыю. Ня безь юнацкага наіву, але безь яго ўвогуле нічога не адбылося б.

Закрэсьлі сваё імя – вельмі сур’ёзны заклік! Бо вядома, што імя чалавека злучана з гараскопам, а такім чынам – зь лёсам. Імя – гэта чарга гукаў, што ўтвараюць своеасаблівую мэлёдыю, якая падсьвядома ўзьдзейнічае як на ўладальніка, гэтак жа і на навакольных. Імя, а разам зь ім і імя па бацьку, і прозьвішча, нясуць інфармацыю аб каранях - гэта сувязь са сваякамі, як з жывымі, так і з памерлымі. Зьмена імя вядзе ад разрыву зь мінулым да пачатка руху ў новым напрамку, гэта як новае нараджэньне! Імя ўдзельнічае ў стварэньні меркаваньня пра чалавека, а таму, самастойная зьмена імя – гэта спроба кіраваць ствараемым уражаньнем.

Але, тут хлопцы прапануюць адмовіцца ад самаідэнтыфікацыі сябе ў філязоўскім пляне, як ад пераліку пашпартовых дадзеных, ды заглянуць глыбей у сваю сутнасць.

Вось што хлопцы самі кажуць пра сэнсавае насычэньне сваіх песень:

1. Zakresli svajo imia
“Гэта заклік зазірнуць яшчэ раз у свой унутраны сьвет і паспрабаваць адшукаць адказ на пытаньне "хто я?". Бо, самаасэнсаваньне – гэта тое, што можа скіраваць чалавека на сапраўды важныя і значныя ўчынкі. Я заўважыў, што людзі вакол мяне амаль не задумляюцца аб сваім "я". Мала што ведаюць пра сябе. Ёсьць у іх нейкія імёны, нейкія прафэсіі, Але, па-сапраўднаму глыбока адказаць на пытаньне "навошта ўсе гэта?" яны ня могуць. Так нада, кажуць, і ўсё.”

2. Zhubicca
“Каб “знайсьці” сябе, спачатку трэба “згубіцца”. Ісьці ня ў тым кірунку, памыляцца, рабіць ня так, вінаваціць усіх, толькі не сябе. Але, усе мы маем правы на памылкі. Бо памылкі - гэта і ёсьць наш шлях. Галоўнае – ісьці наперад, самаўдасканальвацца і безаглядна верыць, што "пераможа дабро".

3. Tvajo minulaje
“Трэк жудасных вобразаў. Хацелася перадаць свой пануры настрой, і адразу, у прыпеве, выправіцца. Адшукаць ў сябе моц, каб зьмяніць гэты настрой. А назоў "Tvajo minulaje" - сымбалізуе надзею на будучае, ўсе, аб чым распавядалася ў трэку - гэта прайшло, мінулы этап.”

ЗЫ: Вядома, што на дадзены момант Зьміцер Копаць і Кірыл Домніч шукаюць для свайго гурта бубнача. Я шчыра жадаю хлопцам хутчэй знайсьці паплечнікаў, распачаць канцэртную дзейнасьць, ды запісаць альбом з прафэсыйным гукарэжам, каб узровень запісу быў не ніжэй за ўзровень музыкі.

Паслухаць песьні можна тут: http://www.myspace.com/terminxband

СЛЭП, для "Тузіна Гітоў"

Трэк “Закрэсьлі сваё імя” возьме ўдзел у ТГ з наступнага туру гіт-параду.


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net