|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
"Басовішча": акалічнасьці адбору й фэсту | 08.05.2007 | Распачалася падрыхтоўка да правядзеньня XVIII фэстываля музыкі маладой Беларусі “Басовішча 2007”. Мерапрыемства мае адбыцца 20-21 ліпеня ў Польшчы каля мястэчка Гарадок, у 14-ці кілямэтрах ад беларускай мяжы. Традыцыйна, у межах фэсту пройдзе конкурс маладых гуртоў. Збор заявак ад прэтэндэнтаў ужо распачаўся і працягнецца да 28 траўня. Цяпер арганізатары актыўна занятыя зборам конкурсных заявак, фармаваньнем журы й правядзеньнем “Адборышча 2007” – канцэрта, на якім будуць вызначаныя ўдзельнікі конкурсу на “Басовішчы”. Але паралельна з тым ідзе праца па арганізацыі самаго фэсту. Правядзеньнем “Басовішча” сёлета займаецца новы старшыня “Беларускага аб'яднаньня студэнта” (БАС) Радаслаў Дамброўскі. Зь беларускага боку прыём заявак на удзел у конкурсе, правядзеньне адборачнага канцэрту і ўсю іншую арганізацыйную працу будзе каардынаваць журналіст, сябра рэдакцыі музычнага парталу “Тузін Гітоў” Аляксей Мінчонак. Арганізатары кажуць, што хочуць зрабіць усё, каб пазбегнуць памылак і праблемаў, зь якімі сутыкаліся іх папярэднікі ў мінулыя гады. “У найкаратчэйшыя тэрміны, да канца траўня будзе сфармаваны сьпіс гуртоў-гасьцей “Басовішча”, а таксама праведзеныя неабходныя перамовы зь імі”, - кажа Радаслаў Дамброўскі. Гэта дапаможа арганізатарам у Беларусі пазьбегнуць праблемаў з атрыманьнем польскіх візаў для ўдзельнікаў гуртоў. “Мы хочам сфармаваць дзьве “візавыя хвалі” – у першую чаргу зробім іх для гасьцей “Басовішча”, а пасьля правядзеньня “Адборышча” для тых гуртоў, якія будуць удзельнічаць у конкурсе”, - тлумачыць Аляксей Мінчонак.Правядзеньне адборачнага канцэрту заплянаванае на сярэдзіну чэрвеня. Зараз арганізатары шукаюць пляцоўку, дзе можна было б арганізаваць “Адборышча”. “Пошук памяшканьня й вырашэньне тэхнічных пытаньняў мы даручылі кіраўніку лэйбла “БМА group” Віталю Супрановічу, бо ён мае добры досьвед арганізацыі такіх імпрэзаў”, - кажа Мінчонак. Але да ўсяго працэсу арганізацыі “Басовішча” зь беларускага боку далучана шмат людзей. “Акрамя “Тузіна Гітоў” інфармацыю пра “Басовішча” можна знайсьці на сайце Generation.by. Апроч таго, каманда гэтага праекту займаецца непасрэдным зборам заявак, яны будуць дапамагаць музыкам атрымліваць візы. Істотны таксама іх досьвед у леташняй каардынацыі “Басовішча”, - кажа Аляксей Мінчонак. Па хуткім часе будзе сфармаваны склад журы “Адборышча”, якое вылучыць удзельнікаў конкурсу. Як і летась, у яго ўвойдуць вядомыя журналісты, прадусары й іншыя абазнаныя ў беларускай музыцы асобы. Сёлета будзе захаваная традыцыя інтэрнэт-адбору ўдзельнікаў конкурсу на "Тузіне Гітоў". Але зьявяцца й адметнасьці. Калі летась наведнікі "ТГ" абіралі аднаго ўдзельніка, то сёлета акрамя гэтага галасы за астатніх 9 гуртоў будуць разглядацца ў якасьць голасу аднаго сябры журы на адборачным канцэрце. Такім чынам, формула фарміраваньня сьпісу ўдзельнікаў конкурснай часткі "Басовішча" выглядае так: 1 (гурт абраны пра інтэрнэт-галасаваньня) + 9 (гурты абраныя на "Адборышчы") = 10. То бок 10 гуртоў паедуць у Гарадок каб пазмагацца за прызы фэстывалю. Што да самога фэсту, то яго праграма канчаткова будзе вызначаная напрыканцы траўня. Ужо цяпер вядуцца перамовы зь вядомымі беларускімі гуртамі, якія пастаянна вытсупаюць на “Басовішчы”. Гэта “Крама”, N.R.M., Neuro Dubel і г.д. Арганізатары плянуюць запрасіць да удзелу ў фэсьце гурты зь іншых краінаў – Польшчы, Украіны, Літвы і Італіі. Пакуль пад сумневам знаходзіцца правядзеньне так званай "Вольная сцэна" (гэта частка фэсту, пад час якой выступаюць гурты, якія не ўдзельнічаюць у конкурсе). Па словах арганізатараў, мэтазгоднасьць "Вольнай сцэны" будзе вызначаная пасьля сканчэньня прыёму заявак на конкурс. ТГ угару - up |
|
|