|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
У сёлетняга “Басовішча” зьявіўся лягатып! | 11.05.2007 | Увечары 11 траўня “Беларускае аб'яднаньне студэнтаў” зацьвердзіла новы лягатып фэстывалю “Басовішча”. З усіх дасланых на конкурс варыянтаў быў абраны той, які зрабіў вядомы паэт і дызайнэр Міхал Анемпадыстаў. У эксклюзыўнум інтэрвію для “Тузіна Гітоў” старшыня “БАСу” Радаслаў Дамброўскі тлумачыць свой выбар, а Міхал Анемпадыстаў распавядае пра сэнс, які нясе новы лягатып “Басовішча”. Як распавёў “Тузіну Гітоў” старшыня “Беларускага аб'яднаньня студэнтаў” Радаслаў Дамброўскі, усяго на конкурс было даслана каля 10 варыянтаў новага лягатыпа. “Але няшмат зь іх адпавядалі атмасфэры “Басовішча” і той варыянт, які даслаў сп.Анемпадыстаў падаўся нам самым лепшым”, - кажа Дамброўскі.Міхал Анемпадыстаў у размове з “ТГ” распавёў пра ідэю, якая натхніла яго менавіта да таго варыянта, які быў зацьвержаны. “На лягатыпе намаляваныя дрэвы. Гэта таму, што “Басовішча” – лясны фэст. Мне хацелася ў графіцы перадаць працэс росту гэтых дрэваў, бо разам з “Басовішчам” растуць і яны”, - кажа Міхал Анемпадыстаў. Колькасьць дрэваў (а іх на новым лёга два) Міхал тлумачыць так. “Гэта не выпадкова, два дрэвы – сымбаль таго, што беларуская нацыя знаходзіцца па два бакі мяжы: хтосьці жыве ў Беларусі, а хтосьці, нарадзіўшыся ў Польшчы, разумее, што ён этнічны беларус”. Лягатып “Басовішча” зьмяняецца кожны год. “Беларускае аб'яднаньне студэнтаў” тлумачыць гэта тым, што яшчэ ніводнага разу не зьяўлялася такога варыянту, гледзячы на які кожны сказаў бы, што ён назаўсёды. “Але варыянт Анемпадыстава прымусіў нас зьмяніць звыклае стаўленьне. Прынамсі, калі на наступныя фэстывалі мы не захаваем менавіта гэты лягатып, то 100% пакінем графічнае напісаньне назвы “Басовішча”, якое прапанаваў Міхал”, - сказаў Радаслаў Дамброўскі. Практыка правядзеньня конкурсу на лягатып фэстывалю “Басовішча” зьявілася летась. У 2006 годзе перамог варыянт, які запрапанавала рэклямная група “Аdлiга”. Сёлета, як і ў мінулым годзе, пераможца конкурсу на лепшы лягатып атрымае ў якасьці ўзнагароды 620 польскіх злотых (крыху болей за 200 даляраў). Аляксей Мінчонак, “Тузін Гітоў” угару - up |
|
|