.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Дэбют на ТГ: “PitBull” – беларускамоўны праект Пятра Ялфімава
| 18.05.2007 |

У новым туры на “Тузіне Гітоў” дэбютуе праект “PitBull” зь песьняй “Маю надзею”. Нікому невядомы праект упершыню прадставіў свой твор на складанцы “Metallection-4”, якая выйшла зусім нядаўна. Па просьбе музыкаў, каардынатары праекту не афішавалі іх імёны. Аднак, з нагоды ўдзелу ў гіт-парадзе ТГ музыкі вырашылі адкрыць свае твары. “PitBull” – гэта новы хэві-мэтал праект колішняга саліста ансамбля “Песьняры” і пераможцы “Славянскага базара-2004” Пятра Ялфімава і гітарыста Віктара Вусіка. Адмыслова для ТГ песьню прадстаўляе каардынатар нацыянальнай мэтал-калекцыі “Metallection” Павал Йермак.

Пятро Ялфімаў“PitBull” упершыню зьявіўся на складанцы “Metallection-4”. Два музыкі сустрэліся незадоўга да выхаду дыску і здолелі запісаць прафэсыйны матэрыял у тэрмін. Песьня “Маю надзею” была запісана за чатыры дні і яе ўдзел у складанцы выклікаў толькі станоўчыя водгукі.

Па просьбе музыкаў групы, каардынатары складанкі не афішавалі іх імёны. На вокладцы дыску – толькі псэўданімы. Аднак, пакінуць тое ў сакрэце было няпроста, бо шмат хто пазнаў голас вакаліста. Ды і горад у нас маленькі. З нагоды іх удзелу ў ТГ цяпер пра гурт можна распавесьці ўсё.

Хэві-мэтальную групу “PitBull” стварылі на глебе падобных музычных інтарэсаў гітарыст Віктар Вусік і вакаліст Пятро Ялфімаў.

Для таго, каб патлумачыць, як такое сталася магчымым, давядзецца распавесьці гісторыю ад пачатку. Шмат хто памятае магілёўскі гурт “Deep Sorrow”, які граў сумесь трэш-мэталу, джаза, блюза і нават месцамі гранжа. У 1998 годзе вакаліст гурта Пятро Ялфімаў паехаў у Менск і паступіў у акадэмію музыкі, якую скончыў у 2005 годзе, атрымаўшы спэцыяльнасьць канцэртнага сьпявака і выкладчыка па вакале. Ужо падчас вучобы Ялфімаў ушчыльную заняўся сваёй кар'ерай і пеў паўсюль, дзе быў патрэбны якасны вакал. Быў салістам ансамблю “Песьняры”. У 2004 годзе атрымаў Гран-Пры на фэстывалі “Славянскі базар”, акром таго перамагаў у прафэсыйных конкурсах у Эстоніі, Сэрбіі, Польшчы.

Але што магло пацягнуць Ялфімава назад у цяжкі рок? На самой справе тут няма нічога дзіўнага. Амаль адразу пасьля прыезду ў Менск Ялфімаў трапіў у сфэру цікавасьці нядобрых дзядзькоў з гуртоў “Exhumator”, “Znich” ды іншых, якія не давалі таленавітаму юнаку забыць на цяжкае мэталёвае паходжаньне. Ды і сам ён хуценька засвоіўся. На сумленьні Ялфімава каардынацыя вакальнай працы шэрагу менскіх мэталёвых гуртоў, а ягоны голас на бэк-вакале можна пачуць у альбомах “Out of Reach” і “Aquamorta”. Таму калі Пятро сустрэў гітарыста з падобнымі музычнымі ідэямі – нарадзілася група “PitBull”, назва якой сьведчыла адно толькі пра агрэсыўнасьць музыкі. Да працы ў камандзе выканаўца прыцягнуў таксама сваіх знаёмых музыкаў з прафэсыйнага асяродку. Такім чынам, на беларускай мэтальнай сцэне зьявілася яшчэ адна беларускамоўная каманда.

Песьня “Маю надзею” мае даволі прадказальны для хэві-мэталу тэкст і стылістыку. Адрозьнівае яе створаная музыкамі атмасфэра палёту і якасьці рэалізацыі. Тым ня менш, як сьцвярджаюць самі музыкі, па гэтай песьні нельга стварыць уяўленьне пра агульную стылістыку гурта. Яны плянуюць унесьці ў музыку болей сучасных элемэнтаў – ад паўэр-мэталу да progressive.

Але ўжо зараз ёсьць меркаваньне, што ўсё і так дастаткова прыстойна гучыць і не вымагае адхіленьняў ад старога добрага стылю Judas Priest, якога цяпер вобмаль на фоне навамодных фокусаў.

PitBull - Маю надзею (музыка і словы гурта).
Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.


Йермак, для "Тузіна Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net