.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



“Port Mone”: музыка, непадуладная розуму
| 28.05.2007 |

Слэп пра прома-альбом гурта “Port Mone”: “Іх музыка – гэта як стужкі Джармуша, дзе дыялёгі ці то вельмі іншасказальныя, ці то ўвогуле адсутнічаюць. Дзеі на экране быццам не адбываецца. У той жа час, схаваныя за экранам душэўныя перажываньні ўжо падхопленыя падводнымі плынямі рэжысэрскай задумкі, уносяцца магутнай хваляй бязьмежнага мора выпадковасьцяў, зь якіх складаецца перадвызначанасьць лёсу. Гэтак жа даверліва і зь цікавасьцю ідзеш за ніцьцю расповеду трэкаў кружэлкі”.

Port MoneНа пачатку 2007 году зьявілася ў сьвет дэма-кружэлка інструмэнтальнага трыё Port Mone, які грае acoustic-lounge. Доўгі час хацеў, але ніяк не атрымлівалася напісаць пра гэтую кружэлку. А не атрымлівалася, таму што сяду было слухаць ды аналізаваць гэтую дэмку, а як ачуняю - дык ўжо цішыня, музыка ўжо адыграла. Ссунуўшы бровы, я ізноўку ўключаю кружэлку і сядаю слухаць, сур'ёзна наладзіўшыся на крытычны аналіз. Схопліваю ўступ, назіраю за разьвіцьцём тэмы, прыслухоўваюся да джамбэ і… зноўку быццам нешта падхоплівае ды ўносіць маю засяроджанасьць невядома куды.

Непадуладная майму розуму музыка зачароўвае і не даецца пад цьвярозы ды стрыманы досьлед. Яна, як пайманая рыба, б'ецца ў руках, імкнецца высьлізнуць і імгненна зьнікнуць у глыбінях падсьвядомасьці з вачэй далоў. Прыходжу ў сябе ізноўку ў поўнай цішы. Некаторы час думка шчэ пагойдваецца ў такт сыйшоўшай музычнай хвалі, але гэта адбываецца ў чыстай пустэчы, па інэрцыі.

Музыка гурта – гэта як стужкі Джармуша, дзе дыялёгі ці то вельмі іншасказальныя, ці то ўвогуле адсутнічаюць. Ды дзеі на экране быццам не адбываецца. У той жа час, схаваныя за экранам душэўныя перажываньні ўжо падхопленыя падводнымі плынямі рэжысэрскай задумкі, уносяцца магутнай хваляй бязьмежнага мора выпадковасьцяў, зь якіх складаецца перадвызначанасьць лёсу. Гэтак жа даверліва і зь цікавасьцю ідзеш за ніцьцю расповеду трэкаў кружэлкі. Ідзеш, разумеючы мноства адценьняў староньне-сузіральнай філязофіі гармоніі, векавечнай гармоніі, непараўнальна доўгай з жыцьцем чалавечым, і непараўнальна больш сталай! На гладзі якой уся фантасмагорыя гісторыі чалавека, яго думак і здагадак, яго тэорый і гіпотэз, яго дзей як то ўсьвядомленых так і несьвядомых – адно толькі адлюстраваньне яго тленнасьці. Ці то нейкае земнаводнае выйшла з вады, ці то Вэнэра адтуль зьявілася, ці то чалавек-амфібія туды зайшоў, ці то прайшоў па паверхні нехта - уся гэтая мітусьная чалавечая не важней за пырскі хваляў, што высахнуць празь некалькі хвілінаў.

Музыка кружэлкі - быццам мора, якое ніц ня кажа, а толькі адным сваім існаваньнем моцна ўражвае ўсіх, хто бачыў ды адчуваў яго. Музыка падобна да рыб, якія ўвесь час моўчкі назіраюць за навакольлем… “А мо' яны не жадаюць размаўляць!?” – у той жа момант выразна гледзячы мне ў вочы, моўчкі мовіць Ляксей Варсоба. “Гэта стэрэатып такі склаўся, звычка размаўляць калі трэ' і калі ня трэ'. Мы нават на сваіх канцэртах імкнемся як мага меней слоў прамаўляць. Гэтакі ж шаблён існуе і адносна музычнай формы. Зусім неабавязкова музыка павінна суправаджацца нейкімі словамі ды мець нейкую выразна акрэсьленую мэлёдыю. Нашая музыка выяўляе сваю настраёвую сутнасьць празь існаваньне ў інтанацыях, выразных інтэрвалах, рытміцы ды гармоніях. І такім чынам, кожны сродак музычнага выразу нясе музычную інфармацыю ў спалучэньні з галоўнай мэлядычнай ідэяй.”

Музыкі Port Mone не наварочваюць складаных мільярднотных сола, не ламаюць рытм мудрагелістымі сінкопамі, а нетаропка граюць тыя самыя некалькі нотаў, якія вымушаюць слухаць не адрываючыся, і вымушаюць потым нудзіцца па той музыцы. Гэта папросту драг нейкі!

Бас, які ў трэку “forel” непрыкметна ахінае ды нешта бубніць і булькоча, то зьнікне ў агульнай бездані, а то і чыстагалосна ды звонка падпявае, як у трэку “tunec“. Атмасфэрны, пераплываючы па ўсёй прасторы акардэон, нібы пырхае зграйкай машкарэчы. Джамбэ - то моцны, усхваляваны, а то зьнянацку спужана сасклізвае ў пяткі. Часам ён гучыць нібы шапаценьне хваляў, а часам - нібы храбусьценьне ідучых па аточках ног.

Асабліва зачароўвае трэк “полікарп“, дзе маленькі, але вельмі прыгожы басавы рыф ператварыўся ў выдатную кампазыцыю. Вось яна пырхнула, пакружыла, узбурыла і схавалася. Ускружыла галаву, вымусіла абвірнуцца ды зьнікла. Не даўшы зразумець хто, што, дзе, калі тое было, ці то сон, ці ўспамін…

Музыка гучыць размытымі хвалямі, нібы жывучая сама па сабе, не выклікаючы асацыяцый з пэўнымі інструмэнтамі. Яна падаецца не прыдуманай чалавекам і не прайграванай музыкамі, а прыходнай звонку.

“Port Mone” - promo cd, 2007, DIY

Cлэп, для "Тузіна Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net