.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Сябры журы пра першы этап “Адборышча”
| 08.06.2007 |

Пасьля абвяшчэньня канчатковага сьпісу гуртоў, якія прымуць удзел у “Адборышчы-2007” сябры журы раскрываюць свае крытэры адбору й дзеляцца думкамі наконт выніковай дваццаткі. “Асабіста я магу назваць 10 гуртоў, - кажа прадстаўнік слушнага музычнага інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” RWD, - за якія я дакладна ня буду галасаваць у другім туры ні пры якіх абставінах!” “Па-часныку”, - прызнаецца галоўны рэдактар “Музыкальнай Газэты” Алег Клімаў, – з 53-х падаліся любапытнымі штук 10 гуртоў, астатнія – нацягваў да патрэбнай 20-кі.” Тое, як галасаваў кожны зь сябраў журы на першым этапе адбору дэма-запісаў будзе абвешчана падчас падвядзеньня канчатковых вынікаў “Адборышча”.

"Басовішча 2007"Воля Кузьміч (праект Generation.by):
“Мой голас - гэта супольныя вынікі абмеркаваньня сябрамі нашае каманды, хто гэтым цікавіцца, дасланых дэма-запісаў. Пры выбары мы кіраваліся рознымі крытэрамі: торкае ці ня торкае, мэлядычнасьць, тэксты, уменьне граць, пазыцыянаваньне. Што да тэкстаў гуртоў, то для мяне важны зьмест, а ня форма. Гурт можа сьпяваць на якой заўгодна мове - важна, каб гэта несла нейкі сэнс. Але “Басовішча” - фэстываль беларускамоўны, таму пры выбары сваёй 20-кі мы зьвярталі ўвагу і на мову. Трасянка ў некаторых гуртоў рэзала вуха.

Я праслухоўвала ўсе дэма-запісы ад моманту іх зьяўленьня на Generation.by, таму часу на выбар было дастаткова, але абраць з 53-х усё адно было складана. Мы стараліся знайсьці ў Інтэрнэце іншыя запісы гуртоў, каб паглядзець на кожную каманду больш аб'ектыўна. Не зайздрошчу тым сябрам журы, у якіх на выбар было ўсяго два дні.”

RWD (слушны музычны інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў”):
“За адборам сачу ўжо каторы год, і варта адзначыць, што кожны год у адборы хапае цікавых гуртоў, але чамусьці па тых ці іншых прычынах яны не заўсёды атрымліваюць належную ацэнку сваім здольнасьцям. З сумам можна адзначыць, што конкурс ператвараецца ў мяшанку стыляў, частка якіх наогул ніяк не асацыюецца з “Басовішчам” і ягонымі ідэямі. У маю 20-ку ўвайшлі гурты больш цяжкіх напрамкаў, найбольш актуальных і адпаведных вялікаму фэстывалю.

У выбары сваёй 20-цы я якраз і кіраваўся прынцыпамі таго, што “Басовішча” - гэта фэст сучаснай музыкі, а ня музыкі для спэцыялістаў. Таму, відаць, і 20-ка мая моцна не супадае з агульнымі вынікамі галасаваньня журы.

Магу толькі сказаць, што было б вельмі добра, калі б некаторыя гурты зразумелі ўсю сваю недарэчнасьць на такім фэсьце, як “Басовішча”. Гаворка ў першую чаргу пра такія гурты, як “Джамбібум”, “Happy 3 Friends”, чыя музыка прызначаная для адмыслоўцаў, а ніяк не для вялікай сцэны. Таму, калі яны (пры нейкім неверагодным зьбегу абставінаў) трапяць на сам фэст, дык можна чакаць расчараваньня ня меншага, чым ад выступу гурта “Моцарт”, ці гурта “Recha”, якому “Басовішча” так нічога і не дало, а толькі прыцягнула ўвагу скандаламі вакол гэтага гурта. Прыкладна той жа лёс будзе чакаць і гурты кшталту “SKA!RB”, “ZigZag” і “Wanted!”, першы зь якіх за год ня здолеў нават запісаць новы трэк (аднак, што вельмі дзіўна, ці выглядае на кароткую памяць, журы адабрала гэты гурт для далейшага ўдзелу). Так зь мінулага году засталося некалькі гуртоў, якія не прадэманстравалі нічога новага, але журы зь нейкіх незразумелых прычынаў вырашыла даць ім другі, а тое і трэці шанец.

Наогул галасаваньне журы вельмі нагадала выбар беларускіх выканаўцаў на "Эўравізію", калі адбіраюцца ня лепшыя і сучасныя, а нейкія другасортныя выканаўцы, якія проста спадабаліся журы.
Магу сказаць, што перад тым, як падаваць заяўку на конкурс варта падумаць пра тых, хто гэта будзе слухаць. І лепш пачакаць, зрабіць добры запіс і паказаць усе свае здольнасьці, чым дасылаць нейкі канцэртны запіс, у якім ня толькі не чуваць словаў, але і музыкі. Варта таксама зрабіць дадатак да правілаў, дзе б забаранялася ўдзельнічаць з той жа песьняй, што і год таму, бо гэта відавочна кажа толькі пра тое, што ў гурце няма творчага працэсу і чакаць ад яго нечага ў будучыні марна.

У мінулым годзе само “Адборышча” было мацнейшым, чым у гэтым, але галоўная нечаканасьць здарылася ўжо на самім фэсьце, калі прызы атрымалі ня тыя гурты, якія былі таго вартыя. У гэтым годзе ўжо пасьля першага туру “Адборышча” было адкінута шмат цікавых і актуальных гуртоў, замест якіх былі абраныя ня вельмі зразумелыя і вартыя таго гурты. Асабіста я магу назваць 10 гуртоў, за якія я дакладна ня буду галасаваць у другім туры ні пры якіх абставінах, што вельмі і вельмі яскрава паказвае, што ў гэтым годзе ў конкурсе адбываецца нешта ня ладнае і нешта варта пераглядаць, як арганізатарам, так і асобным сябрам журы ў сваіх поглядах”.

Ганна Вольская:
“Было даволі складана выбраць, бо 53 гурты - гэта шмат. Мы заўважылі такую акалічнасьць - амаль усе песьні маюць вельмі зацягнуты ўступ, а гэта не зусім слушна, бо напружвае слухача. Увогуле ж мы здолелі разьмеркаваць балы толькі паміж дзесяцьцю гуртамі, астатнім дзесяці мы паставілі па адным бале”.

Алег Клімаў (галоўны рэдактар “Музыкальной Газеты”):
“Мае крытэры былі такімі: музыка, тэкст, выкананьне, аранжыроўка, якасьць запісу – усё проста. І цяпер я мяркую, што яшчэ здольны разьбірацца ў музыцы, калі большая частка з тых, каго я адзначыў у сваёй 20-цы, трапіла ў 20-ку фінальную. Калі сур'ёзна – самыя дастойныя гурты ў 20-ку і трапілі. Можна адзначыць, што пры ўсім тым, што сярод 53-х выканаўцаў былі сапраўды цікавыя музыкі, якія вартыя ўвагі, агульны ўзровень усё роўна засмучае. І гаворка нават не пра якасьць запісу, Бог зь ім. Скуднавата з ідэямі, хоць зь нейкай адноснай навізной! “Па-часныку” – з 53-х падаліся любапытнымі штук 10 гуртоў, астатнія – нацягваў да патрэбнай 20-кі. Агульны вынік – беларуская незалежная музыка перажывае ня лепшыя часы. (Аб чым я пісаў і прагназаваў яшчэ гады тры таму. Збылося. А Памідор мне за такія прагнозы “ўстаўляў” па самыя памідоры...)

Пры ўсёй маёй удзячнасьці арганізатарам фэсту, што ўсё ж выцягнулі мяне сёлета ў журы, на сёньняшні дзень мне больш нікога журыць ня хочацца: зь не зусім прыстойнага выбіраць хоць што-небудзь? Сумна гэта неяк. Ды й увогуле – не любіцель я журыць конкурсы й фэсты”.

Зьміцер Падбярэзкі (Радыё “Свабода”):
“Калі адбіраў сваю 20-ку, кіраваўся трыма прынцыпамі – музычнасьць, прафэсыйнасьць выкананьня і нейкія адметнасьці ў аранжаваньні. З гэтага пункту гледжаньня, мне найбольш спадабаліся гурты “Джамбібум” і “Wanted!”. Хоць я і не люблю музыку такога кшталту, але яны і летась зьвярнулі на сябе маю ўвагу. А тыя фанаграмы, якія сапраўды былі вельмі дрэннай якасьці я нават ня здолеў даслухаць да канца, бо, прабачце, падаваць на конкурс заяўкі з фанаграмамі, якія ну проста нулявой якасьці – музыкі выказваюць непавагу да ўсяго мерапрыемства. У наш час запісаць больш якаснае дэма – гэта не праблема”.

Віталь Супрановіч (кіраўнік “BMA-group”):
“Я глядзеў, наколькі гурты былі актыўнымі хаця б цягам гэтага году, бо, хацелася б, каб гурты, якія трапляюць на “Басовішча” ўсё ж неяк пра сябе заяўлялі і да гэтага. Натуральна, зьвяртала на сябе ўвагу якасьць запісу – можа быць, гурты былі і добрымі, але калі чуеш іх першы раз, то якасьць запісу не дасьць зразумець, што гэты гурт зь сябе ўяўляе. Хаця, я адзначыў некалькі гуртоў, якія ў выніку ня трапілі ў галоўную 20-ку, у якіх былі ня вельмі добрыя запісы, але я сутыкаўся зь імі падчас канцэртаў. Гэта гурты “Пярэварацень” і “Лютавер'е” - было шмат канцэртаў зь іх удзелам, яны добра сябе паказалі, але тыя запісы, якія яны даслалі, напэўна, паўплывалі на агульнае меркаваньне журы. У канчатковы сьпіс трапіла адсоткаў 60 з таго, што адзначыў я ў сваім”.

Меркаваньні астатніх сябраў журы - пасьля сканчэньня фінальнай часткі "Адборышча". Тады ж на "Тузіне Гітоў" будуць выкладзеныя анкеты журоўцаў.

запісала Алена Скарабагатава, "Тузін Гітоў"


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net