.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Максім Гайко: Песьні ўдзельнікаў ТГ як люстэрка беларускай рэчаіснасьці
| 29.06.2007 |

Экспэрт ТГ нарадзіўся ў 1977 годзе. Скончыў БДУ. Мэляманам стаў у 14 год, а ў 17 адкрыў для сябе беларускую музыку. З 2001 году - рэдактар праекту "Радыё Беларусі" (www.radio.tut.by), стваральнік "Параду 75%" (http://radio.tut.by/75), стаяў ля вытокаў стварэньня менскага фэн-клюбу Depeche Mode "Minsk Devotees", адміністратар сайту А.Сухарава (экс-Эківокі). Лічыць, што праект ТГ зьявіўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час і стаўся незалежнай пляцоўкай для беларускіх музыкаў, якія пакуль не пазбыліся пакутаў творчасьці на карысьць добраатапляльнага хляву беларускага шоў-бізу. Верыць у беларускую музыку, якая толькі мацуецца. "Ёй не стае вітамінаў і поўнавартаснага харчаваньня, але цяжкасьці мусяць загартаваць малады арганізм і ўрэшце наша музыка зваюе сэрцы ня толькі сваіх слухачоў, але і суседзяў па кантынэнту!", - лічыць экспэрт.

Максім ГайкоЗаміж эпіграфу
У гэтай краіне зданяў-страшыдлаў мінулага яны зьяўляюцца адзінай рэальнасьцю будучыні, яны – фэрмэнт, вітамін у арганізьме грамадзтва. Дзяржава губляе здольнасьць да самакрытыкі без мастацтва і агульнай культуры, бярэцца заахвочваць памылковыя тэндэнцыі, пачынае штосэкунду спараджаць крывадушнікаў ды падонкаў ды разьвівае ў грамадзянах спажывецтвы ды саманадзейнасьць.

Шматлікім беларускім музыкам яўна не да душы спрэчная пазыцыя шмат якіх грамадзянаў, якая выяўляецца праз фразу “я не цікаўлюся палітыкай”. Але жыць у грамадзтве ды быць абсалютна незалежным ад яго – гэта ўтопія. Музыкі не зважаючы на багатую фантазію часьцей за ўсё рэалісты.

Адразу тры гурты тура прысьвяцілі свае кампазыцыі сталіцы. Не бяруся адназначна сьцьвярджаць ці зьвязана гэта з падзеямі мінулай вясны, але рэха тых дзён яўна паўплывала на музыкаў з IQ48 зь песьняй “Схаванае сэрца”. Атрымалася ў іх добра, месцамі рэзка, але без экстрымізму! Хоць шмат хто ўсё роўна будуць крычаць: “Кан'юктура!”.

Сумная песьня “Рэвалюцыя” каманды Band A адрозьніваецца меншым сацыяльным напалам тэсту, аднак словы забіраюцца глыбока ў сэрца. Ня думаю, што песьня пакіне слухача абыякавым. Ва ўсялякім выпадку, слухача з душой.

Нават калі бы гурт N.R.M. нічога не запісаў да песьні Miensk i Minsk, то Вольскага і Ка ўжо можна было бы занесьці ў аналы беларускай музычнай рок-культуры. Пры тым, як гэта часта бывае з геніяльнымі творамі, меркаваньні пра песьню падзяліліся проста дыямэтральна (дарэчы, і кліп выклікаў такую ж неадназначную рэакцыю)! Нехта пасьля праслухоўваньня ўзмоцнена выпрацоўвае жоўць, а нехта абцірае сьлёзы… Таму – першае месца па заслугах ужо які тур!

Песьні з забаўным сьцёбам і добрым гумарам у гэтым туры прадстаўлены трыма калектывамі. “Крамбамбуля” нам засьпявала пра “Таварыша Маўзэра”. Пры гэтым, у іх атрымалася запхнуць у іранічна-вясёлую песьню яшчэ і сацыяльна-рэвалюцыйную перчынку.

Макс Івашын пацешыў кавэрам на песьню Білі Джоэла “Piano man” (у варыянце Макса – “МузЫка”) – настальгічнай, добрай і крыху сумнаватай гісторыяй пра … будні аднаго канадзкага бару:).

Навічкі, гурт s.d.m., відаць пад уражаньнем ад Дырэктывы №3 запісалі завадным гіт “Сагрэйце краіну” – ёмісты рэцэпт, як варта сагравацца цэлай краіне, адначасова не парушаючы дырэктываў. Уважліва паслухайце тэкст, абяцаю, што атрымаеце задавальненьне!

“Віртуальныя тэхналёгіі” сваёй песьняй “На памяць аба мне” вырашылі разбурыць шэраг стэрыятыпаў. На маю думку атрымалася, але не да канца. Падчас праслухоўваньня перасьледавала пачуцьцё deja vu. Аднак, лірыка вартая хвальбы – на першы погляд словы простыя, але непадкупная шчырасьць бярэ за душу. Негледзячы на тое, што песьня заняла 12-ае месца, яна зьяўляецца ўпрыгожаньнем чарту.

А вось гурт :B:N: стаў для мяне прыемным адкрыцьцём туру. Іх песьня “Dazdzami” – удалы сынтэз баляды і soft-року, дзе выдатна спалучаецца мужчынскі і жаночы вакалы, прысутнічае запамінальная лірыка. Песьня вартая другога месца.

Пераходзім да цяжкаваценькага ды брутальненькага! Калектыў PitBull прапанаваў песьню “Маю надзею” ў рэчышчы “Арии” і Joe Satriani. Кампазыцыі стае драйву, таксама цешыць вакал і майстэрскае валоданьне інструмэнтамі ды гукавымі спэцэфэктамі. Словы таксама заслугоўваюць увагі апраўданым патасам.

Tav.Mauzer пацьвердзіў рэнамэ прафэсыйнага музычнага калектыву. Тое пацьверджаюць дарослая, сур'ёзная, я бы нават сказаў, што мудрая лірыка. Іх “Калыханка” – гэта нешта сумна-рамантычна-ўзьнёслае! Вакал сваёй шчырасьцю проста выварочвае душу навыварат.

“Тройца” не перастае зьдзіўляць! Кампазыцыя “Ведзьма” – гэта сьмелы экспэрымэнт, які змушае паглядзець на творчасьць Кірчука і Ка з іншага боку. Тут і тэхна, і рок, і заходнія матывы, і традыцыйная беларускасьць. Сьмела, вынаходліва, па-наватарску. Уяўляюць, як гэта песьня будзе гучаць ужывую на канцэрце!

“Рокаш” песьняй “Крумкач” аддае своеасаблівую даніну нашай гераічнай гісторыі. Карысна нагадваць нацыі пра яе славутае мінулае, якое пачалося не ў 20 стагодзьдзі, як нас заўпэўніваюць ідэолягі, а куды раней! Негледзячы на шэрую будзённасьць, гурта верыць у яркую будучыню. І гэта вера чырвонаю ніткаю праходзіць празь песьню.

Падводзячы вынік апошняга туру ў гэтым сэзоне, хачу ад усё душы парадавацца за беларускіх слухачоў, у якіх яшчэ наперадзе шмат новых адкрыцьцяў! Беларускія музыкі даказваюць нам даўнюю ісьціну – творчую асобу цяжкасьці толькі загартоўваюць!

Заміж пасьляслоўя
Можна колькі заўгодна перасьледаваць музыкаў, забараняць іх канцэрты, але ўсё адно раней ці пазьней давядзецца спахапіцца. І з скрыгатам зубоў адкрыць дарогу таму, што так ненавідзяць прыўладныя невукі ды дурні.

P.S. За аснову эпіграфу і пасьляслоўя дзякую братам Стругацкім.

Максім Гайко, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net