.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Басовішча-2007. Назад у будучыню
| 25.07.2007 |

У польскім Гарадку напрыканцы мінулага тыдня ўжо ў 18-ы раз адгучаў фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Навапалачане з “Фляўс і Кляйнн” атрымалі галоўную ўзнагароду конкурснай праграмы, а трэці дзень фэсту быў адзначаны выступаў лепшага гурта Беларусі мінулага году – гамельчукоў з Rasta. Гэтыя ж дзьве падзеі і нарадзілі мабыць самы вялікі розгалас “Басовішча”, што да пытаньня будучыні і разьвіцьця фэстывалю, а таксама пра тое, якім ён бачыцца надалей.

RastaУпершыню госьці і ўдзельнікі “Басовішча” прабавілі ў Борэку тры дні, замест звычайных двух. І дзея, што распачалася ўжо ў чацьвер спарадзіла абсалютна розныя ўражаньні: ад захапленьня выступамі гуртоў RIMA і Палац, да неразуменьня публікі, куды ж зьнік абяцаны хэдлайнэр дня – Tav.Mauzer. Менавіта гэтая неспадзяванка трымала ў напружаньні думкі ўсіх гледачоў наступныя дні: ці давядзецца ўсё ж пабачыць “маўзэраў” на сцэне, ці арганізатары наабяцалі ў праграме болей, чым змаглі паказаць. Так можна сказаць, што не даехалі да фэстывалю заяўленыя “Людзі Сьвятла”, а апошні варыянт (менавіта ў каторым і былі ўнесеныя канчатковыя зьмены з Tav.Mauzer у першы дзень) зьявіўся на афіцыйным сайце фэстываля ўжо тады, калі значная частка беларускіх гледачоў накіроўвалася ў бок Гарадку. Празь незьяўленьне на сцэне хэдляйнэраў, берасьцейскай “Сьцяне” было прапанавана падоўжыць свой выступ некалькімі песьнямі, якіх у гурта не аказалася і яны вымушаныя былі задавольваць гледачоў экспромтам.

Другі дзень распачаўся конкурсам, які ў гэтым годзе прыцягнуў багата ўвагі, прычым як самім выступам камандаў, так і самімі вынікамі. Перамогу ў конкурснай праграме сьвяткавалі навапалачане з “Фляўс і Кляйн”, прычым тэксты песень гурта былі абеларушчаныя непасрэдна перад адборачным турам на “Басовішча”, аднак у музычным пляне “ФіК” пераўзыходзілі астатнія конкурсныя гурты настолькі, што змаглі нават сабраць перад сцэнай натоўп, які часам можа не сабраць і запрошаная зорка. Астатнія прызы падзялілі між сабой менчукі з SOK і Unia, прычым для апошняга з гуртоў гэтая ўзнагарода выглядае выключным авансам, бо ў параўнаньні з SOK і “Фляўс і Кляйн” яны выглядаюць яшчэ вельмі сырым калектывам.

Далей дзень працягнуўся выступамі пераможцаў мінулага году, ды гуртоў, якія ўжо даўно вядомыя на “Басовішчы”, а таксама хэдлйнэраў дня – польскія “Farben Lehre” ды беларускія “Neuro Dubel”. І вось якраз гэтыя два выступы вельмі яўна паказалі адну з праблемаў фэсту, калі польскіх зорак слухае выключна польская публіка, а беларускіх – беларуская (выключэньне складае хіба што N.R.M.), таму і выходзяць вельмі непрыемныя, а можна сказаць і некультурныя моманты, калі на сцэну ўжо выйшаў “Neuro Dubel”, публіка сваімі крыкамі ўсё жадала пабачыць на ёй Farben Lehre… А самай лепшай неспадзяванкай быў, безумоўна, выступ ZERO-85 з інструмэнтальным выступам пад кінастужку на завяршэньне фэстывальнага дня ўжо глыбокай ноччу.

У трэці дзень фэстываль быў працягнуты “Вольнай сцэнай”, якую таксама любяць крытыкаваць, і вельмі часта абсалютна заслужана, бо часьцяком гурты, што зьяўляюцца на ёй маюць зусім не высокі ўзровень (і добра, калі маюць за плячыма колькі дзясяткаў рэпэтыцыяў, хаця бываюць і прыемныя выключэньні), а акрамя таго, каб даць выступіць усім 10 гуртам “Вольнай сцэны”, арганізатары затрымалі пачатак асноўнай праграмы, што пацягнула за сабой скарачэньні выступаў галоўных зорак фэсту (што выглядае не зусім зразумелым у выпадку дэфіцыту часу).

Галоўныя ж выступы дня ўмясьцілі ў сабе і літоўскі Mountainside, і выступы пераможцаў конкурснай праграмы (праўда, “Фляўс і Кляйнн” абыйшліся ўжо без шыкоўнага пэрфомансу на сцэне), таксама адзін зь лепшых выступаў фэстывалю ад украінцаў зь “Тінь Сонця”, за якімі на сцэну адразу выйшлі музыкі N.R.M., пра папулярнасьць на “Басовішчы” якіх і казаць ня варта.

Завяршалі ж дзень выступы двух самых неадназначных гуртоў “Басовішча” – Rasta і Tav.Mauzer. Прычым вельмі дзіўна было бачыць, як перад выступам першых публіка перад сцэнай накіроўваецца піць піва, бо тыя, хто не пабачыў выступ гамельчукоў прапусьцілі вельмі і вельмі многа. Таму што гэта быў адзін зь лепшых выступаў на “Басовішчы” за апошнія некалькі год, выступ сапраўды эўрапейскага ўзроўню, бо гэтым хлопцам няма патрэбы тлумачыць, як трымацца на сцэне, што і як рабіць у кожны момант свайго выступу, ды і з гукам праблемаў не было ніякіх, у адрозьненьні ад шмат якіх іншых гуртоў. І па такім выступе варта адзначыць, што запрашэньні такіх камандаў варта рабіць больш рэгулярнымі, каб нават іншыя групы, што рэгулярна выступаюць на “Басовішчы”, маглі пабачыць на выступ спараўды зорнага гурта, тым больш што гурт гэты якраз зь Беларусі і зьяўляецца выдатным адлюстраваньнем музыкі маладой Беларусі, што так любяць падкрэсьліваць арганізатары, пры запрашэньні гуртоў нязвыклых для “Басовішча” музычных накірункаў.

Пасьля Rasta, на сцэне “сюрпрызным выступам” выйшлі Tav.Mauzer. Янка адразу пасьпеў адпусьціць колкасьці ў бок арганізатараў фэсту, але саму праграму “маўзэры” адыгралі на досыць добрым узроўні, таму застаецца толькі шкадаваць, што яны ня выступілі ў першы, ня самы яскравы дзень фэстывалю, які маглі бы ўпрыгожыць сваёй прысутнасьцю.

Агулам фэстываль пакінуў шмат дзіўных уражаньняў, да прыкладу тую ж незрузмелую культуру, калі пад якасныя і зорныя, але ня звыклыя для “Басовішча” гурты пад сцэнай знайходзіцца ня шмат народу, пры гэтым якраз гэтыя выступы робяцца потым самымі яскравымі падзеямі. І чым больш такіх гуртоў будзе прыяжджаць зь Беларусі (хай і не заўсёды беларускамоўных), тым здаравейшым будзе фэстываль, бо відавочна, што калі варыцца ўвесь час у сваім соку і ня бачыць, як разьвіваецца культура побач, дык і стварыць якасны і актуальны прадукт будзе вельмі цяжка. Акрамя таго можна адзначыць і тое, што ў арганізацыі каляфэставых рэчаў, ёсьць куды імкнуцца арганізатарам (хаця пазытыўныя зрухі былі хаця бы з плотам вакол намётавага гарадка), але ж у той жа арганізацыі ежы для публікі былі толькі адмоўныя ўражаньні, у параўнаньні зь мінулым і асабліва пазамінулым гадамі. Тым больш, што наступным год нясе арганізатарам яшчэ адну праблему ў выглядзе шэнгенскіх візаў і пачынаць працу на новы фэстываль патрэбна ўжо цяпер, каб завабіць гледача чым-небудзь незвычайным, бо зрабіць гэта будзе цяжэй, чым у мінулыя гады.
Сустрэнемся на дзевятнаццатым?

RWD, "Тузін Гітоў"

Фота: www.rasta.by


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net