|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Чыста беларускае ныцьцё | 11.08.2007 | Часам падаецца, што скептыкаў-назіральнікаў у нас куды болей чым аптымістаў-актывістаў. Да такой думкі можна прыйсьці, калі проста прааналізаваць водгукі на рэшту зь беларускага незалежнага даробку ў апошнія гады ў палітыцы ці то ў культуры. Адкрылі незалежную радыёстанцыю або тэлеканал? Хай узьнялі першымі свае: во, маўляў, грантасосы, там падсмакталі, пайшлі знайшлі новую крыніцу. А во зусім блізка да тэмы. Адрадзілі энтузіясты «Каранацыю» пад ныцьцё-выцьцё, што выступаць не даюць нашым рок-мэнам і рок-вумэн. А на халеру, выявілася, тая «Каранацыя». Ізноў пачалося ныцьцё: ня так, ня там, ня з тымі. Яшчэ і па выніку атрымалі ня тыя, ня з тых рук ды ня тым чынам. Самы апошні выпадак з сфэры беларускага незалежнага музычнага мастацтва. «Хоспадзі, яны забілі „Басофішчо“»!!! Гэтыя словы ўжо належаць канкрэтнаму чалавеку і сказаныя ў канкрэтны адрас. Таму адзін з адрасатаў мусіць адказаць. Тэма ныцьця ў Беларусі мае глыбокія карані. Ня будзем тут ужо згадваць які «Трэнас» Сматрыцкага, але ж сяганем на пачатак мінулага стагодьдзя – калі ныцьцё квітнела ў нашай «гаротнай старонцы». Напраўду, як сьведчыць гісторыя, было ня лёгка. Дзе тут знайсьціся пазытыву? Занядбаны народ, сьляпы, глухі, як пісалі тагачасныя паэты. «Край наш родны, бедна поле//Ты глядзіш, як сірата//Сумны ты, як наша доля…». От так, от. Тэму ныцьця першым ўзьняў Ластоўскі. Прасіў супакоіцца ды не ганіць наш край, які не такі ўжо і страшэнны: «Плакаць і я ўмею… Чаму ня вучыце нас любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы, задуму зьмеркаў?».Вернемся ў наш час. «У нас ня можа быць пазытыўнай музыкі», - кажуць скептыкі, усё падкалываючы ў сувязі са зьяўленьнем на той жа «Каранацыі» падобнай намінацыі ды, відаць, у сувязі з прапановай «Ляпісу» ды «Крамбамбулям» выступіць на тых жа «Басах». Э, пазытыву захацелася? Пазытыў, маўляў, апошняя куля ў цела нашай культуры наогул і фэстываля-пастумэнта ў прыватнасьці. Анягож. Выконваў колісь гурт ULIS, на які ў наш час мо і падзабыліся, такую песьню са словамі як быццам Ластоўскага пачатку 90-х гадоў – Фэлікса Аксёнцава: «Хопіць сумных песень пра сваю старонку!». Прайшло яшчэ трохі часу – год з 15. Але скептыкаў як мінімум не паменела. Якое! Усё ф топку, кожная ідэя разглядаецца пад павелічальным шклом і як правіла тупа ганіцца, а музыканты ўсё пра тое: калі пра Беларусь, то з патасам ды са сьлязінкай на вачох… Вунь сёлета на «Басы» заяву падаў гурт з характэрнай такой назвай беларускай – «Крыўда». Зразумела, што падставаў для аптымізму ў наш час ня так і шмат, але што будзе, калі мы ўсе сядзем разам і будзем а-а-а? То-не то, ды і наогул на халеру прыцягнулі ангельскамоўных ды расейскамоўных на Наш Фэст, дзе сабраліся Мы-Беларусы. Але ж няўжо не зразумела, што цяпер мы маем куды болей магчымасьцяў, чым сучасьнікі Ластоўскага? І ў палітыцы, і ў творчасьці, і ў мэдыя-плыні. Ёсьць прапанова – ныцьцё на колькі хвілінаў спыніць. Ёсьць чым заняцца: у нас сапраўды ёсьць пару фэстываляў, якія пры жаданьні ды крэатыўнасьці можна ўзьняць да высокага ўзроўню. Каб там выступалі ўсе годныя, у незалежнасьці ад нейкіх ідэйна-стылёвых забабонаў. Тады і народ пацягнецца. Пакуль жа займаецца Аніса сваім «Рок-Кола», Цыбін намагаецца «Каранацыю» цягнуць, а Дамброўскі ўтрымаць «Басовішча», а ўсе астатнія вакол стаяць, схрысьціўшы рукі і сьлюны ў рот набіраюць, каб плюнуць. А яшчэ можна працягваць адначасова працаваць на карысьць нашай культуры: несьці беларускае слова ў цэлы сьвет, банальна кажучы. А менавіта: абеларушчваць усё ды ўсіх на шляху. Рабіць гэта ненавязьліва ды з душою, тым самым выходзячы за межы. І яшчэ. Можна ствараць новыя музычныя творы, якія могуць абудзіць, змусіць задумацца, альбо быць проста так! Во, можа тады, прынамсі, можна будзе сказаць, што «я жыў», а не паміраць у крыўдзе на ўсіх і на ўсё. Сяргей Будкін, рэдактар ТГ Дадзены камэнтар – рэфлексія на публікацыю http://belgazeta.by/20070730.30/360194581 Фота: foto.alfa-com.ru угару - up |
|
|