.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Quo Vadis, Басовішча?
| 14.08.2007 |

У кулюарах «Басовішча» ўтварыліся дзьве групоўкі: «артадоксы ў імя сцэнічнага бясоўства» і «прыхільнікі пост-савецкіх поп-забавак». Пра што яны спрачаюцца, ці вартыя пераможцы сваіх узнагародаў, куды далей будзе рухацца адзіны беларускамоўны рок-фэстываль? На гэтыя пытаньні ў сваім артыкуле спрабуе адказаць Марцін Полэць, галоўны рэдактар польскага сайту Pro-Rock.pl і сталы сябра журы конкурсу на «Басовішчы».

«Басовішча-2007»: журыАбо гісторыя таго, як я стаў «пост-саветам»

Не хачу пакідаць вас у няведаньні на самым пачатку, таму апярэджваючы факты інфармую: гэты тэкст - не хвілінная справа, ня нейкая выпадковая думка, якая 5 хвілін таму прыйшла мне да галавы. Гэта вынік трох апошніх гадоў, падчас якіх я паміж іншым меў гонар выкананьня функцыі сябра журы Фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча», эсэнцыя горычы, якая назапашвалася ўва мне падчас шмат якіх падзеяў, мой голас у закулісным сутыкненьні дзьвюх скрайне розных канцэпцый гэтай імпрэзы, ці можа лепей было б сказаць - у вайне паміж «кааліцыяй артадоксаў у імя сцэнічнага бясоўства» і «прыхільнікамі пост-савецкіх поп-забавак». Як бы ні дзіўна гучалі гэтыя тэрміны, я спрабую ніжэйшым тэкстам патлумачыць абодва. А пачну, як звычайна, з канца.

Ці памятаеце вы гурт Recha тры фэстывалі таму? Крыху балаганскі фольк, які аднак граўся з пасіяй, болей характэрнай для гітарнай музыкі: зьменлівы вакал, недакладныя, хаатычныя гітара і скрыпка - настроі перадапошняга альбому The Arcade Fire, толькі ў выразна болей акустычным варыянце. Невыпадкова каля сцэны сабраліся натоўпы, а людзі пасля сыходу музыкаў са сцэны - хаця гэта было толькі першае спатканьне з гуртом - гучна скандавалі іх назву. Невыпадкова мы на сцэне пачулі сьвіст, калі пасля агалошаньня вэрдыкту аказался, што для амаль найболей цёпла прынятага публічнасьцю гурта журы ня бачыць узнагароды. Менавіта тады я ўпершыню сустрэўся з азначэньнем «пост-савецкі поп», якое з таго часу чуў практычна кожны год, толькі адрасаванае да ўсё новых - і што самае цікавае - зазвычай найлепшых конкурсных гуртоў. Паўбяды, калі б такія фразы кідаў «першы лепшы» фэстывальшчык, але абвінавачваньне кідаў спадар Лявон Тарасевіч, старшыня складу журы, а для мяне асабіста і раней, і зараз вялікі Аўтарытэт (хоць адзначу, што якраз ня ў сфэры музычнай крытыкі). У зазначаным 2005 годзе такую пазыцыю падтрымалі 4, або 5 паднятыя рукі, супраць маёй адной. Я самаўпэўнена пажадаў канкрэтных тлумачэньняў, высьвятленьня, што значыць «пост-савецкі поп», але пачуў толькі, што «такая музычка падыйдзе на выбарчы канцэрт Цімашэвіча*, а не для фэстывалю маладой Беларусі». Гэты сказ уразіў мяне настолькі моцна, што - як бачыце вышэй - цытую яго з поўнай дакладнасьцю, бо хаця я як мінімум не належу да групы прыхільнікаў «Валодзі з Пушчы» і ніколі ня буду, але яшчэ болей незразумелай мне здавалася гэтая аргумэнтацыя - наколькі можна яе было назваць аргумэнтацыяй.

З таго часу я стаў гарачым прыхільнікам таго, каб працэдура працы журы была яўнай, а не закрытымі для вачэй і вушэй іншых нарадамі таямнічай суполкі. Каб вёўся пратакол, каб былі пісьмовыя выказваньні думкі, або каб уся дыскусія была ўвекавечаная і даступная ў выглядзе аўдыё ці відэа - калі не для ўсёй аўдыторыі фэсту, то хаця б для мэдыяў, музыкаў, арганізатараў Басоў, каб кожны мог пазнаёміцца з думкамі, аргумэнтацыяй, пазыцыяй меншасьці і г.д.

Праз год было крыху інакш. Журы пашырылася на некалькі новых асобаў са сьвету беларускамоўных мэдыяў, музычнага бізнэсу, і ў такі спосаб зьмянілася нешта ў Борыку. У той раз найбольшае прызнаньне - пры гучнай незадаволенасьці спадара Лявона Тарасевіча - атрымаў данс-панк гурт «Парасон». Аднак у 2007 годзе чаша горычы перапоўнілася. Фэстываль выйграла інды-рок фармацыя з расейскім вакалістам, які толькі вучыцца беларускай мове. Ніхто гэтага ня заўважыў за паўгадзіны выступаў на конкурсе, аднак гэта адбылося тады, калі падчас раздаваньня ўзнагародаў музыка падыйшоў да мікрафону і ўсхвалявана сказаў «Спасибо Вам!» Ня цяжка здагадацца, на якіх тварах у гэты момант зьявілася зьдзеклівая ўсьмешка, а акампанэмэнтам да яго з натоўпу раздаліся адзінокія воклікі фальшывых маралістаў «Ганьба!!!». Я адразу прыгадаў, як тры фэстывалі таму пра «небеларускамоўны» гурт «Recha» гучна крычэў Віталь Супрановіч з БМА, адна з галоўных постацяў, якая тады падтрымлівала групу «артадоксаў» і байкатавала удзел «Recha» ў конкурсе Басовішча. Як потым паказаў доўгі час маіх кантактаў з «Recha», гэта адзін з найболей беларускамоўных гуртоў - у супрацьлегласьць да вельмі шмат якіх - ня толькі на сцэне, але і за сцэнай. Трэба паглядзець праўдзе ў вочы і гучна сказаць: па-за сцэнай расейскай мовай, ці, дакладней, так званай «трасянкай» (мяшанка расейскай і беларускай моваў, якой карыстаецца напрыклад прэзыдэнт Лукашэнка) карыстаецца палова, а можа, і большасьць музыкаў фэстывалю. Ня трэба далёка хадзіць - вось напрыклад суаглашальнік вынікаў Памідор, канфэранс'ерскі твар фэстывалю. Ба! Ды шмат музыкаў увогуле ня ведаюць беларускай мовы і нічога з гэтым не робяць. Ніхто ня робіць з гэтага праблему, пытаньне ў тым, што знайшоўся «хлопчык для біцьця» - малады гурт з Наваполацка, які хоча перайсці з расейскай мовы на мову крывічоў і свой бліжэйшы альбом выдаць менавіта на гэтай мове.

Шмат асобаў кідае абвінавачваньне «маглі б прыгатавацца», «выдушыць зь сябе некалькі словаў па-беларуску», аднак наколькі мне ўдалося да гэтага моманту зь імі пазнаёміцца, абмяняцца парай словаў, паслухаць іх думкі, самапрадстаўленьне перад фэстывалем, у мяне няма ні малейшых сумненьняў, што гэты гурт пэўна адзін з найбольш сьціплых гасьцей, якіх я ведаў у жыцьці. Напэўна ім нават не прыйшло да галавы, што яны могуць выйграць, а ўжо дакладна ня мелі такіх мэгаламанскіх амбіцый, каб шыкаваць сабе прамовы, сьпіс падзякаў на асобным лістку, што болей пахне галівудзкім разданьнем Оскараў, чым фэстывалем незалежнай музыкі. Яны ў супрацьлегласьць да шмат каго іншага папросту шчырыя і праўдзівыя і ня мусяць прыкідвацца.

Кожны нармальны, цьвяроза думаючы чалавек, журналіст, музыка, музычны крытык ў сытуацыі, калі большасьць насельніцтва не размаўляе роднай мовай, падумаў бы ў гэты момант «1:0 на карысьць нашых!». Аднак для іх гэта нагода для прэсавых загалоўкаў «Пераможцы размаўляюць па-расейску!» «Фляўс і Кляйн у пост-савецкім стылі!». Што ў такім выпадку можа сказаць Neuro Dubel, адна з галоўных зорак фэстывалю, якая таксама пачынала творчасьць на расейскай мове, і на гэтай мове запісаныя яе - як шырока заўважаюць - лепшыя песні. Канечне, цяжка чакаць, каб параноікі, якія выліваюць на «Фляўс і Кляйн» вёдры памыяў ці выпісваюць падобныя бздуры на старонках прэсы, прызналі, што пераможцы гэтага году маюць шанец паўтарыць посьпех Neuro Dubel. Гэтак сама як псэўда-маралісты, якія выкрыквалі вакалісту ў твар «ганьба!!!». Можа, папросту іх грызе тое, што, як кажуць, «за аднаго грэшніка сто сьвятых даюць?»...

Але хопіць пра самую мову, бо гэта ўсё-ткі толькі прэтэкст, а гаворка вядзецца пра справу, якая мае нашмат шырэйшы кантэкст. Жарсьці кіпяць ня толькі на нашым, але і на іншым баку. З году ў год канфрантацыі падчас нарадаў журы робяцца ўсё болей вострымі. Пасьля мінулагодняга трыюмфу «Парасона», напярэдадні ўсё болей блізкага адданьня тытулу пераможцаў гурту «Фляўс і Кляйн» з вуснаў спадара Тарасевіча мы пачулі паміж іншым скаргу што праблема нават ня ў тым, што ўзровень гуртоў жахлівы, а што папросту падбор сябраў журы непрафэсійны; гэтую заяву ён суправадзіў даволі выразным позіркам паміж іншым у мой бок. Гаворка вялася аднак ня толькі пра мяне (хаця пэўна перш за ўсё пра мяне), але агулам пра музычных крытыкаў як такіх - пра тупы молах, які 70% часу ў сваім жыцьці прысьвячае паглыбленьню ў навінкі і карэньні музыкі і штодзень знаёміцца з як мінімум адным-двума новымі запісамі або альбомамі, абсалютна недаступнымі простым сьмяротным. Прафэсійны сябар журы - на думку спадара Лявона - гэта музыка, які стварае песьні, выконвае іх, ведае музычнае рамяство зь іншага боку (канечне, прымаючы як дадзенае, што крытык ня можа быць адначасова музыкам). Шкада, што спадар Лявон не ўдакладняе, які ў такім разе гэта павінны быць музыка. Ці падыйдзе музыка гурта «Recha»? Амбасадар Кроў, сябра WZ-Orkiestra, Троіцы, Парасону, ці толькі такі музыка, творчасьць якога прымае спадар Тарасевіч?... І я невыпадкова назваў менавіта гэтыя гурты, гэтых выканаўцаў. Калі ласка, зввярніце ўвагу, што з пэўнага часу ў Борыку вядзецца зьнічтажальны працэс апанаваньня фэстывалю прыхільнікамі канцэпцыі Басоў як артадаксальна рокавага фэсту. Ня трэба далёка ісці, каб знайсьці падцверджаньне гэтаму - дастаткова паглядзець, якія ў гэтым годзе гурты не прайшлі ў Менску адбор на «Адборышчы». Я маю на ўвазе «Джамбібум», «Happy 3 Friends», «шукальніцкі» «Шпіталь» або аўтараў пэўна найболей гітовага беларускага твору гэтага году - гурт «Абшар». Разам з «Фляўс і Кляйн» - для мяне асабіста - гэта пяцёрка найлепшых, 80% якой адпала, нават не атрымаўшы шанец паказаць сябе ў Гарадку. Чаму? Бо папросту не пасавалі да канцэпцыі рок-фэсту, закладзенай ужо памянутай групай людзей. Які ж там фольк, пост-рок пры адзінай - на іх думку - умове: паніжаныя на паўтары тоны гітары, прасторавы шум, ад якога могуць ускіпець мазгі, і гратэскны надрыў глотак. Мы гэта ўжо праходзілі: тры гады таму так гралі амаль усе ўзнагароджаныя, у гэтым - на шчасце - толькі адзіны сьмешны SOK. Некаторыя з «артадоксаў» аднак у парыве велікадушша прапаноўвалі, каб па-за галоўным конкурсам арганізаваць асобную частку для фольк-музыкаў - ці, іншымі словамі, рэзэрвацыю для «адшчапенцаў», якія не разумеюць, якой павінна быць музыка маладой Беларусі. Гэта болей чым прыніжае. Гэта як бы спадару Лявону нехта раптам загадаў маляваць, але толькі і выключна адным - хутчэй за ўсё чорным - колерам. Ці на гэтым палягае мастацтва? На ўсталеньні межаў, што можна, а што нельга граць на Басах?

І паверце мне, калі ласка, што насуперак таму, што падумаюць некаторыя, я зусім не заклікаю сьлепа капіяваць трэнды Захаду, паўтараючы ці нью-ёркскую, ці брытанскую хвалі данс-панка, гараж рок рэвайвал, інды-рока, эмо ці іншых надзьмутых вялікай машынай шоў-бізнэсу «зьяваў», бо і яны зьяўляюцца фальшывым, надуманым стварэннем, зробленым для таго, каб прапіхнуць тавар у выглядзе 7-8 гуртоў для крыху болей прасунутай, «нішавай» публікі, чым тая, якая слухае Мадонну ці Рыкі Марціна. Гаворка пра тое, каб шукаць, уносіць у музыку штосьці новае, а не бяздумна капіяваць тое, што ўжо было, як гурты, узнагароджаныя тры гады таму, ці прапанаваны год таму «Крок» (запозненныя на дваццаць гадоў пасьлядоўнікі стылю Seattle, пасьля сыходу са сцэны якіх людзі год таму скандавалі «Нір-ва-на!!! Нір-ва-на!!!»...). Менавіта так робяць «Парасон», «Фляўс і Кляйн», гэта творчасьць, адарваная ад таго, што было, суцэльна іншая ў параўнанні з тым, што прапаноўвала большасьць канкрэнтаў і чаго чакае большасьць людзей, г.зв. тварцоў з катэгорыі «N.R.M. - біс» і падобных. Я веру, што пакуль яшчэ ў Польшчы і ў Беларусі ёсьць людзі, якія гэта разумеюць і шмат робяць у гэтым кірунку, як напрыклад Тацяна Заміроўская зь «БелГазеты» або Сяргей Будкін з «Тузіну Гітоў», гэты курс на адкрыцьцё Басовішча да новай музыкі, можа, ня будзе цалкам парушаны. Я веру, што нам удасца пераламаць гэты «стылёвы расізм», не дапусціць да таго, каб Басы сталі рэзэрвацыяй выключна для панурых, пазбаўленых палёту, бяздумна паўтараючых схему за схемай рок-«артадоксаў», аднак для гэтага нам патрэбная Вашая дапамога - Ваш голас падтрымкі. Хто ведае - можа дзякуючы яму праз год мы пачуем у конкурсе таксама фольк, пост-рок, хіп-хоп, джаз, электроніку ці проста найпрыгажэйшую, найвышэйшага палёту Музыку, якую па вызначэньні немагчыма класыфікаваць, пакласьці ў шуфлядкі і азначыць ярлыкамі, бо яна папросту ёсьць тым, чым ёсьць. Нават калі дзеля гэтага я, клясычны лібэрал (ці дэ факта «капіталіст паршывы») павінны быў бы стаць прыхільнікам «пост-савецкага стылю»... чым бы ён ні быў.

* Цімашэвіч: палітык, пост-камуніст, прадстаўнік левых сілаў родам з Падляшша, этнічны беларус, былы міністар замежных справаў Польшчы

Марцін Полэць, pro-rock.pl, пераклад barilotti

Фота: Алена Скарабагатава


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net