|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Куды коцісься, «БАСовішча»? | 18.08.2007 | Дыскусія вакол беларускай музыкі і фэстывалю «Басовішча» працягваецца. Сьледам за адказам на матэрыял ТГ «Чыста беларускае ныцьцё» (http://strider-first.livejournal.com/5070.html), зьявіўся і адказ на артыкул «Quo Vadis, Басовішча?». Марціну Полэцю адказвае Вітаўт Мартыненка. Добры дзень, спадар Марцін Полэць!Прачытаў ваш артыкул «Quo Vadis, Басовішча?» і лічу патрэбным выказацца, бо пытаньне, пастаўленае ў загалоўку, даўно хвалюе й мяне. Па шчырасьці, сам загаловак нібыта прадракаў мне аднадумцу, а прачытаў ваш тэкст і бачу, што колькі людзей, столькі й меркаваньняў. Значыць, трэба хоць і мне выказацца з нагоды. Ваш артыкул размясьцілі на беларускай мове вядомая вам кампанія «Тузіна Гітоў». Прычына простая, відаць: вы ж там пахвалілі «вялікага рок-журналіста» Сяргея Будкіна, а яму так не стае арґумэнтаў для падтрымкі ўласнага аўтарытэту. Але мо і вам карысна было б задумацца, каго абіраеце кумірамі да аўтарытэтамі сабе. Часам, калі бярэцеся дапамагаць немаўлятку перайсьці дарогу, азірніцеся, мо вас даганяюць ягоныя бацькі, якія хацелі зь ім ісьці ў іншы бок. Вы даволі ґрунтоўна прааналізавалі кухню «БАСовішча», але ці задумаліся хоць раз, як узьнік фэст, чаму менавіта ў 1990 быў ягоны пачатак, якія ўзьлёты і праблемы ён перажыў? Без адказаў на гэтыя пытаньні ваш аналіз можа ператварыцца ў банальнае адвольнае трызьненьне. Але з чаго пачаць мне? Мо з выхаду ў 1989-м у ЗША кнігі В.Мартыненкі да А.Мяльгуя «Праз рок-прызму» (як бачыце, адзін зь іх я). Але чаму ў ЗША, а не на Радзіме спатрэбілася беларусу друкаваць зусім не палітычную, а культураляґічную кнігу пра нацыянальныя плыні ў року? Ды таму, што калі ў 1982 годзе я скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і прыйшоў у моладзевую прэсу, абараніўшы дыплём на тэмы музычнай крытыкі мас-культа, мне адразу сказалі: «Беларуская мова і гітарная песьня несумяшчальныя». І я адразу вырашыў, што насуперак штучным доґмам я абавязкова сумяшчу гэтае несумяшчальнае. Зь цягам часу знайшоў нямала аднадумцаў сярод журналістаў, музыкаў, паэтаў. І ўсё мы зразумелі, чаму беларусам нехта вызначаў такі суровы кон: народ, які ў наш імклівы час ня мае сваёй мас-культуры – паміраючы народ. Такім стаў і беларускі (ліцьвінскі) народ пры Саветах. Нам падсоўвалі кандовы варыянт падрасейскага фолька-попса, а з рэальна папулярнай мас-культуры былі толькі тры дазволеныя пункты: «Песьняры», «Сябры», «Верасы» (з зададзенай тэндэнцыяй зьнішчэньня моўнай адметнасьці). Такім быў бы й лёс Польшчы, каб у 1918-м яна ня вырвалася з жорсткіх абдымкаў крыважэрнага «русского брата». А мо вы таксама мяркуеце, што беларусы – своеасаблівы народ, які ніяк ня выжыве без двухмоўя і трасянкі? Дык давайце вашу родную Польшчу ўзбагацім двухмоўем... Яшчэ ж славуты Сянкевіч быў прыхільнікам абмежаванай аўтаноміі Польшчы ў складзе Расейскай імпэрыі. Але гэта не прапанова. Гэта пародыя на ваш стыль. Карацей, у 1982 годзе паявіліся ў беларускай музжурналістыцы два чудзікі, якія, будучы карэннымі беларусамі, ды яшчэ з пэўным працэнтам шляхецкай крыві, пажадалі вярнуць свайму народу рэальнае жыцьцё. Інструмэнтам абралі мас-культ (ну чудзікі, што зь іх возьмеш). Самае цікавае, што ворагаў яны нажылі сабе адразу. Вядомы партыйны борзапісец Дзіма Падбярэзскі неаднаразова іх (М&М) у «Советской Белоруссии» нацыяналістамі рок-крытыкі называў. А яны ўсё адно гнулі сваю лінію і... вынікі былі: калі ў 1984 годзе быў толькі 1 цалкам беларускамоўны рок-гурт («Мроя»), а славутая «Бонда» яшчэ разважала, ці сьпяваць далей песьні кшталту «Пейте кефир, он очень полезный напиток», дык у 1985 зьявіліся ўжо «Блізьняты», «Магістрат», «Грамада», «Рэй», «Рокаш»... З ініцыятывы А.Мяльгуя мы скарысталі жаданьне ЦК ЛКСМБ кіраваць незалежным творчым працэсам і арганізавалі рок-клюб «Няміга». Вось там ужо нацыянальная праца пайшла яшчэ шпарчэй, але... Ня ўсё проста было ў краіне, дзе само слова rock было забаронена. А тут яшчэ нацыяналісты року нейкія завяліся. З цяжкасьцю праведзены фэстываль адкрыцьця рок-клюбу «Няміга» забаранілі нават асьвятляць у прэсе і я ўпершыню адправіў свой артыкул у беластоцкую «Ніву». 17 жніўня 1986 ў №33 гэтага тыднёвіка публікацыя адбылася, ілюстраваная шыкоўнымі здымкамі Алеся Крыштаповіча з гуртамі «Бонда», «Маґістрат», «Менск». У мяне завязалася ліставаньне зь Янам Максімюком, Сакратам Яновічам, якія ўсё дзівіліся: «Няўжо ў Беларусі столькі цалкам беларускамоўных артыстаў?!» Я адказваў, што і болей ёсьць, але паводле нашых законаў не пра ўсіх напішаш: то ўвядуць забарону самадзейным гуртам на права назвы, то проста «рэкамендуюць устрымацца». І мне прапанавалі распачаць свой цыкл у «Ніве», дзе такіх бздурных рэґлямэнтаў няма. Калі хочаце, пагартайце «Ніву» 1986, 1987, 1988 гг., дык знойдзеце там мае рэґулярныя эсэ цыклю «Молада, сучасна, па-беларуску». Аднаго разу Ян радасна пісаў мне пра зьдзяйсьненьне сваёй мары юнацтва – арґанізацыі БАСу. І ён пытаўся, ці можна будзе арґанізоўваць паездкі польскіх беларусаў на нашыя фэсты «Тры колеры». Адказ мой ня быў аптымістычным: пасьля разноснага ў бок «нацыяналістаў» артыкула Д.Падбярэзскага «Найти свое лицо» ў «Советской Белоруссии» нашаму рок-клюбу стварылі лёгкія праблемы з арэндай памяшканьня, пакуль... не дамагліся поўнага зачыненьня. Мы зачыніліся ў 1987-м, але фэст «Тры колеры» яшчэ здолелі правесьці ў 1988, у 1990, але ён станавіўся ўсё менш і менш нацыянальным. А тут Максімюк захацеў на яго польскіх беларусаў вазіць. Я напісаў: «Мо лепей мы да вас?» Вось так і ўзьнікла «Басовішча», хоць сваю гісторыю раскажа пра яго Слава Корань, сваю і Ян Максімюк, сваю і Лёнік Тарасэвіч. Але гэта рэальныя бацькі «Басовішча», і яны ведаюць сваё дзіця. Чаму ж цяпер Слава Корань у інтэрвію «Белгазэце» гаворыць: «Яны забілі Басовішча». І гаворыць акурат пра тых, каго вы, спадар Марцін, называеце надзеяй і сьветачам фэсту. А я вам скажу: усюды, дзе паяўляецца Дзіма Падбярэзскі і ягоныя дваюродныя дзеці-тузіноўцы, там паяўляюцца расейскія форткі ў беларускіх сьценах Польшчы. Вось і на гэтае «Б'2007» яны прывезьлі ня толькі расейскамоўных канкурсантаў, але і ангельскамоўных зорак з БССР кшталту «Rasta». А ўгаворвалі ж яшчэ «Ляписа Трубецкого», толькі тыя аказаліся разумнейшымі ды адмовіліся руйнаваць фармат фэсту – паехалі на гастролі ў Расею. А задумваліся вы хоць раз, чаму ніколі ня быў на «Басовішчы», напрыклад гурт «P.L.A.N.», у даробку якога пяць цудоўных паўнафарматных беларускіх альбомаў? Мо лідэр ягоны, пляменьнік славутай Паўліны Мядзёлкі (так-так, той самай купалаўскай Паўлінкі) Андрэй Плясанаў занадта надзённыя тэмы ўзьнімае для фрывольнай публікі ў Польшчы? Вы прынялі гурт «Rasta» з прэстыжным кантрактам ЕМІ, а потым той жа Падбярэзскі ўсім тут дае інтэрвію: «Я занадта ўжо стары, каб растлумачваць, чаму беларускі рок усё меншы мае ўплыў». І заанґажаваныя журналісты разносяць весткі, што «Басовішча» памірае, бо публікі ўжо 2-3 тысячы прыязджае. А я ж сам памятаю як 6000 раскаўбашаных песьнямі N.R.M. фэнаў імпэтна падскоквалі ў такт зададзенага рытму. Няўжо вы не бачыце, што тыя, на каго вы спадзяецеся, рыхтуюць спэктакль «беларускай паразы» ў Польшчы? Ну дык Масква вам у хату!!! З павагай, Вітаўт Мартыненка, vmartynenka@gmail.com аўтар кніг «Праз рок-прызму» і «222 альбомы беларускага року», рэдактар беларускага перакладу «Quo Vadis» Сянкевіча. P.S. О, яшчэ адна згадка! Вы пішаце, што «Басовішча» зацыклілася ў чужых фарматах, ды прапаноўваеце падкінуць на беларускі рок-фэст джазу, фольку і г.д. А мо лепей арґанізаваць джазавы або фолькавы фэстываль? Ці мо на знакаміты польскі рок-фэстываль «Jarocin» запрасіць супэр-зорку беларускай опэры Віктара Скорабагатава? Во б паказаў пацанам, як сьпяваць трэба! Каб не самаабмяжоўваліся. А мо ня варта разводзіць вечную безфарматную бадзягу ўсюды там, дзе беларусы? «Басовішча» задумвалася як рок-фэст. І гэта вам кажа адзін з тых, хто яго прыдумаў. Дык не руйнуйце тое, што прыдумана ня вамі. МЫ ПРЫДУМАЛІ «БАСОВІШЧА», КАБ ДАЦЬ ШАНЕЦ БЕЛАРУСАМ ВЫЖЫЦЬ І ЗАСТАЦЦА НА ГЭТАЙ ПЛЯНЭЦЕ. Але ж як многа ў нас ворагаў!!! P.P.S. А вы ведаеце, чаму з 2004-га я перастаў езьдзіць на «Басовішча», дзе быў і ў журы? Бо заўсёды адчуваў папоўзьні на нацыянальную ідэю фэсту. Фота: Андрэй Лянкевіч угару - up |
|
|