.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Выйшаў новы альбом «Крамы»
| 23.08.2007 |

Выхад новага дыску «Крамы» пад назвай «Усё жыцьцё - дзіўны сон» – падзея. Прычым доўгачаканая, бо гэты гурт ня надта сьпяшаецца з выданьнем сваіх альбомаў. Прыкладам, новы дыск «Крама» запісвала ажно цягам году. Ігар Варашкевіч: «Мы сапраўды пішамся марудна, але заўжды ў адказе за кожную нашую кампазыцыю». З нагоды выхаду «Жыцьця» гурт «Крама» пры падтрымцы «Тузіна Гітоў» ладзіць адкрытую прэс-канфэрэнцыю і аўтограф-сэсію ў самай буйной дыскарні «Містэрыі гуку», што ў гандлёвым цэнтры «Рыга» ў Менску.

І.Варашкевіч і С.Трухановіч (Krama)«Жыцьцё – дзіўны сон» – восьмая па ліку праца гурта. Музыкі называюць гэты альбом прэцэдэнтам у гісторыі каманды, бо запіс цягнуўся год – ад другой паловы 2006 году да першага паўгодзьдзя 2007 году. «Працэс быў складаны, але творчы», - кажуць «крамаўцы». Яны заўжды марудзілі з новымі працамі, выдаючы адзін дыск раз на два-тры гады. Лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч: «Мы сапраўды пішамся марудна, але заўжды ў адказе за кожную нашую кампазыцыю»

Акрамя непасрэдна ўдзельнікаў «Крамы» ў запісу дыску ўзялі ўдзел бубнач «Apple Tea» Аляксандар Сапега, вядомы менскі гітарыст Леанід Вярэніч (якому Варашкевіч прысьвяціў песьню ў папярэднім альбоме) і Руся з «Indiga». Самым вялікім прыемным сюрпрызам жа стаўся ўдзел у запісу «Жыцьця…» знанага расейскага блюзмэна Мікалая Аруцюнава, вядомага з праектаў «Лига блюза», «Четверг Арутюнова» і «Funky Soul». Ён згадаў адзін з галоўных гітоў «Крамы» – «Бяжы, хлопец» і ўпершыню для сябе засьпяваў па-беларуску. Гэтая песьня ўключаная ў альбом бонусам.

Цікава, што ўпершыню за ўсю гісторыю «Крамы» прадусарамі дыску выступілі самі музыкі гурта – Сяргей Трухановіч ды Ігар Варашкевіч. Музыкі кажуць, што некаторыя кампазыцыі былі запісаныя даволі хутка ды лёгка, як «Стэфка праз 20 гадоў». А некаторыя, як «Лёс арла», якая пасьпела ўжо паўдзельнічаць у «Тузіне Гітоў», неаднойчы трасфармаваліся: «Гэтая песьня была перазапісаная тры разы і ў выніку гармонія прыпеву была цалкам зьмененая», - кажа Ігар Варашкевіч.

Музыка «Крамы», як добравытрыманае віно. З кожным годам яно становіцца толькі лепей ды смачней. У ёй няма месца нечаму выпадковаму ды моднаму.

Выхад новага дыску прыпаў не на надта просты час для групы, але дзякуючы падтрымцы вялікай колькасьці людзей - «Крама» жыве.

З нагоды выхаду дыску «Усё жыцьцё - дзіўны сон» гурт «Крама» пры падтрымцы «Тузіна Гітоў» ладзіць адкрытую прэс-канфэрэнцыю і аўтограф-сэсію ў самай буйной дыскарні «Містэрыі гуку», што ў гандлёвым цэнтры «Рыга» ў Менску (вул. Сурганава, 50). Пачатак – 31 жніўня ў 18:00. Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Тэлефон для даведак - (029) 671-58-65


ТГ

Фота: П.Раманоўскі (Аdлiга)


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net