.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



be2gether: сорак непераадольных мэтраў
| 28.08.2007 |

«А вы квіткі ўжо набылі?», - запытаўся нас непрыглядны спадар у чарзе на памежным пункце Беняконі. «Вы журналісты? А можна адрас сайта запісаць? А ў вас апаратура з сабой?» Чаму выпадковы мінак так цікавіцца шэраговымі журналістамі? «Прабачце, наконт вашага ноўтбука, у вас там няма ніякай антыдзяржаўнай інфармацыі?» Так пачаўся шлях «Тузіна Гітоў» на музычны фэстываль be2gether у Літву.

"Ляпісы" на be2getherПасьля таго, як наш аўтамабіль пяць разоў абнюхаў памежны сабака, шлягбаўм перад намі быў адчынены. Наперадзе - начная Літва і дарога ў Нарвілішкі, дзе праз колькі гадзінаў мусіў пачацца першы ў гісторыі гэтай краіны вялікі памежны фэстываль be2gether, які закліканы прадэманстраваць еднасьць агульнаэўрапейскай і сусьветнай музычнай культуры.

«За гэтыя дрэвы не заходьзьце, бо могуць страляць», - з усьмешкай кажа нам кіраўнік прэс-службы фэстываля Рытас Сабас. be2gether праходзіць ва ўнікальнай мясцовасьці. Гэта літоўская паўвыспа ў Беларусі: мяжа знаходзіцца з трох бакоў, ад фэстывальнай агароджы да памежнага плоту – нейкіх 40 мэтраў. Неба патрулююць два літоўскіх гелікоптары, адзін зь якіх пастаянна прызямляецца каля нашага намёту.

Назіраньне за апошнімі прыгатаваньнямі да фэстывалю - ня самая цікавая рэч. Але гледзячы на тое, як валянтэры ўсталёўваюць апошнія сьметніцы, канчаткова мантуюць абсталяваньне на сцэнах ды рыхтуюць пляцоўку для намётавага гарадка вельмі добра разумееш узровень арганізацыі гэтай імпрэзы. Бо калі пачнуцца канцэрты, усё павінна ісьці, як гадзіньнік. Так, уласна, і было.

Выступ першага гурта распачаўся роўна а 18-й гадзіне. Менавіта праз гэта журналісты ТГ і спазьніліся на выступ польскіх зорак Myslovitz (надта яны вялікія, віленскія коркі). Пэўна, ня варта было арганізатарам ставіць выступ гэтай каманды на самы пачатак фэсту. Бо музыка Myslovitz вартая таго, каб яе пачула значна больш людзей.

Найбольш чаканым гуртом у першы дзень канцэрта быў амэрыканскі The Bloodhound Gang. Сумесь музычнай парнаграфіі, правакацыйных паводзінаў і нахабных выказваньняў у адрас гледачоў – хіба так можна ў скароце апісаць выступ гэтай каманды. «Да вас летась прыязджала ангельская каралева, вы для яе ўнітаз залаты за 200 тысыч літаў набылі, а яна нават не схадзіла на яго! Ну вы даеце!», - крычэў са сцэны Джымі Поп. Але нават такія словы не абражалі адданых фэнаў каманды. «Людзі зь іроніяй ставяцца да таго, што казаў Поп, бо ён зьдзекваўся з багемнай Літвы, а наведнікі be2gether таксама любяць зь яе іранізаваць», - сказаў нам Томас Сенюта, прадусар літоўскага гурта Mountainside.

Адпачнуць ад канцэртаў першага дня фэсту амаль не атрымалася. У суботу выступы пачыналіся ўжо ад 12-й гадзіны. Менавіты гэты дзень, па задумцы арганізатараў, мусіць стаць асноўным на be2gether. «У суботу мы будзем задаволеныя колькасьцю наведнікаў, бо у пятніцу быў не асноўны дзень», - так арганізатары тлумачылі невялікі наплыў гледачоў у пятніцу.

Галоўнымі героямі другога дня былі сусьветна вядомыя гурты Therapy? і Morcheeba. Беларусы, акром таго, чакалі на выступы «Ляпіса Трубяцкога» і Drum Ecstasy. Менавіта пад час сэтаў гэтых калектываў над фэстывальнай пляцоўкай зьяўлялася найвялікшая колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў. «У нас няма алергіі на бел-чырвона-белыя колеры, як і ні на якія іншыя», - сказаў на пасьляканцэртнай прэс-канфэрэнцыі лідэр «Ляпісаў» Сяргей Міхалок. Выступ самага вядомага беларускага гурта быў, бадай, адным з наймацнейшых на be2gether. «Я ўпершыню бачыла вашых „Ляпісаў“ і гэта было сапраўды крута», - дзялілася ўражаньнямі знаёмая журналістка літоўскай «Рэспублікі».

Колькі словаў варта сказаць пра выступ самага папулярнага літоўскага выканаўцы Андрыюса Мамантоваса. «Гэта такі N.R.M. на літоўскі капыл», - выказаў меркаваньне адзін беларускі журналіст. «У музыкі няма нічога надзвычайнага, але сыграна звышпрафэсыйна, да таго ж зь нечалавечай харызмай».

Выступы галоўных зорак фэстываля Morcheeba і Therapy? пакінулі добрыя ўражаньні. Але падавалася, што Therapy? варта было слухаць год 10 таму, а музыка Morcheeba лепш успрымалася б у маленькім клюбе пад добры віскі.

Па задуме арганізатараў be2gether, трэці дзень фэсту мусіў стаць «разгрузачным». Менавіта на яго былі заплянаваныя выступы маладых калектываў. Дзякуючы гэтаму атрымалася пазьбегнуць коркаў на выезде з Нарвілішак, бо гледачы ад'язджалі паступова, а не ў адзін момант.

Адным зь «нядзельных» гуртоў быў беларускі IQ48. Хлопцы выступілі годна, прынамсі ня горш за сваіх балтыйскіх калегаў. Беларускія ж гледачы пад выступ IQ48 ўдосыць наматляліся сьцягамі ды дружна сьпявалі песьні «здаровых лосяў».

Паводле арганізатараў, сёлетні be2gether ня будзе апошнім. У наступным годзе мяркуецца правесьці фэстываль зь яшчэ большым размахам. Напрыклад, у плянах ёсьць усталяваньне адной са сцэнаў на нэўтральнай беларуска-літоўскай тэрыторыі, аднак на тое мусіць быць дазвол беларускага боку. Але нават калі зладзіць гэтую задуму не атрымаецца, то наступны be2gether будзе дакладна ня менш цікавейшы за сёлетні.

Шкада толькі, што сусьветна вядомыя зоркі, якія, пэўна, будуць запрошаныя й на be2gether-2008, яшчэ вельмі ня хутка здолеюць пераадоліць тыя 40 мэтраў, якія падзяляюць фэстываль ад тэрыторыі Беларусі. А беларусам жа для пераадоленьня гэтай дыстанцыі будуць патрэбныя візы, хутчэй за ўсё шэнгенскія, якія каштуюць 60 эўра. Так і будзем далучацца да міжнароднай музычнай спадчыны праз плот. Як той казаў, бачыць котка лой, ды ня ёй…

Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Фота: Алена Скарабагатава


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net