|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Новае Неба» ў «Залі славы» | 17.09.2007 | У віртуальную «Залю славы беларускага рок-н-ролу» на «Тузіне Гітоў» уваходзіць гурт «Новае Неба», які ў 1996 годзе запісаў альбом «Мая краіна» – пэўна, што самы своечасовы альбом у беларускай рок-музыцы. У сярэдзіне 90-х беларускі рок трымаўся на трох кітах. Акром «Мроі», што ў 1995 г. стала называцца N.R.M. і ULIS у эліту трывала ўвайшоў гурт «Новае Неба» з Касяй Камоцкай на вакале — па-сутнасьці першай беларускай rock-woman. Што цікава, ейны голас і эмоцыі зьўляліся галоўным інструмэнтам у гурце. Да гэтага альбому «Новае Неба» працавала ў асноўным на элітную, падрыхтаваную аўдыторыю. Гурт аб'ядноўваў прадстаўнікоў г.зв. «новай творчай фармацыі»: Касі падыгрывалі лепшыя музыкі — Шырын, Вольскі, Корань, Дземідовіч, Ляўкоў, тэксты пісалі лепшыя паэты — Міхал Анемпадыстаў, Адам Глобус, Анатоль Сыс, той жа Лявон Вольскі... Альбомы НН «Дзеці чорнага гораду», «Сон у трамваі», «Ідзі дамоў!» нарабілі розгаласу. Пасьля запісу на дзяржрадыё песьні «Прэзыдэнт, ідзі дамоў» у 1995 годзе некаторых былых супрацоўнікаў БДР улучна з Касяй дагэтуль не пускаюць у будынак. А назву «Новае Неба» не рэкамэндавалася прамаўляць у радыё- й тэлеэтэры.«Мая краіна» хіліцца да масавага слухача, неакрэсьленага ні колькасна, ні якасна. Запісаны альбом адразу пасьля лістападаўскіх падзеяў 1996 году ў гатэлі «Агат» — супольнай рэпэтыцыйнай базе N.R.M., ULIS й «Новага Неба». «Такім вось чынам мы адрэагавалі на ганебны рэфэрэндум», — згадвае Кася. Вядома, той час значна паўплываў на матэрыял альбому. Тэксты Анемпадыстава й Вольскага давалі адчуць «пакрыўджаным» і «зьняважаным» масам пачуцьцё блізкай расплаты. Песьні НН якраз давалі адчуць народную моц. «Маю краіну» можна параўнаць са зборнікам вершаў Цёткі з «гітом» «Мора» ўключна, які выйшаў роўна за 90 год да зьяўленьня альбому НН. Адпаведны й патас альбому: «Мая краіна пад белым сьцягам Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай!» Удзельнікі праекту прыгадваюць, што запіс атрымаўся лёгка, бо ніхто перад сабой ня ставіў невырашальных задач. «Мы ня надта заварочваліся на нейкіх тэхнічных штучках. Музыка як сфэра шоў-бізнэса мне не цікавая, зь іншага боку гэта было маё жыцьцё — вясёлае, легкае, ненавязьлівае», — кажа Кася Камоцкая. Альбом стаўся першай спробай Славы Кораня, як гукаапэратара. Потым тут жа ён запіша «Одзірыдзідзіну» N.R.M. Акром Касі над самым вострасацыяльным альбомам беларускага року працавалі Вячаслаў Корань (гітара), Юрась Ляўкоў (бас), Алезіс Дземідовіч (бубны), Лявон Вольскі (клявішы), Юлія Глушыцкая (віялянчэль). Такі склад на запісу сабраўся апошні раз, потым на зьмену «мроеўскай» рытм-сэкцыі прыйдзе «ўлісаўская». Альбом быў выдадзены ў касэтным варыянце (у дыск «Лепшае» ў 1999 годзе зь яго увайшлі некалькі песень) і меў розгалас, асабліва тытульная песьня (яна ўвайшла ў кінафільм «Незвычайны канцэрт») і «Ліст да сястры». Наступны альбом — «Цэпэліны» — НН запіша толькі праз тры гады, а па ягоным выхадзе Камоцкая распусьціць гурт. «Калі сканчваецца шчырасьць, сканчваецца і рок», — скажа рок-князёўна Беларусі. Новае неба. Мая краіна (МС, 1996, Каўчэг) 1. Мая краіна 2. Падводнае гета 3. Калыханка для дарослых 4. Неба мяняе колер 5. Болек і Лёлек 6. Радыё Сталін 7. Чаканьне Калядаў 8. Ліст да сястры 9. На нашай вуліцы 10. Здаецца... 11. Мая краіна Дыскаграфія 1. Дзеці чорнага гораду (МС, 1991) 2. Сон у трамваі (МС, 1994) 3. Go Home! (МС, 1995) 4. Мая краіна (МС, 1996) 5. Лепшае (CD, 1999) 6. Цэпэліны (CD, 1999) 7. Акустыка (CD, 2005) mp3: Увага! Азнаёмцеся з парадкам запампоўкі песьняў у разьдзеле MP3! Дзеці чорнага гораду Прэзыдэнт, ідзі дамоў! Мая краіна Сон у трамваі Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў» угару - up |
|
|