|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
«Права быць свабодным» - адстаялі! | 24.09.2007 | Беларускія памежнікі прынялі рок-музыкаў за тэрарыстаў. Адзін з памежнікаў нават прасіў Ігара Варашкевіча адкрыць футарал, каб заўпэўніцца, што там менавіта музычны інструмэнт. На мяжы музыкі пасьпелі выпаліць каля 600 цыгарэт, запоўніць дэклярацыі, некалькі разоў здаць іх, атрымаць назад і зноў здаць… Карэспандэнтка ТГ правяла ноч разам зь беларускімі музыкамі на беларуска-украінскай мяжы і дзень на фэстывалю «Права быць свабодным» у Луцку. Беларускія ўлады, здаецца, зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць фэстываль «Права быць свабодным», што меўся адбыцца 22 верасьня ва Ўкраіне, у горадзе Луцку. Але канцэрт прайшоў.Аўтобус з большасьцю ўдзельнікаў канцэрту на Ўкраіну пусьцілі амаль што без праблемаў. Праўда, дазволу перасекчы мяжу давялося чакаць каля сямі гадзінаў. Гэты час не прайшоў дарма: музыкі пасьпелі выпаліць каля 600 цыгарэт, запоўніць дэклярацыі, некалькі разоў здаць іх мытнікам, атрымаць назад і зноў здаць, але ўжо з пашпартамі. І, натуральна, прайсьці поўны дагляд рэчаў. Фанатам і журналістам пашанцавала менш – аўтобусы, у якіх яны ехалі на фэстываль, павярнулі назад яшчэ на тэрыторыі Беларусі. Аматары беларускага року былі вымушаныя дабірацца ў Луцк электрычкамі і ледзь пасьпелі на канцэрт, які пачаўся ў парку імя Лесі Ўкраінкі а 17-ай гадзіне - амаль на дзьве гадзіны пазьней, чым плянавалася. Арганізатары вырашылі пачакаць фанатаў зь Беларусі. На вялікі жаль, перанос адкрыцьця скараціў час выступу кожнага з гуртоў. Беларуская моладзь - асноўная публіка фэстывалю - прыехала з намётамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі і шалёным энтузіязмам. Украінцы ахвотна падтрымалі сьвяточны настрой. Над галовамі побач луналі бел-чырвона-белыя сьцягі і блакітныя - усеўкраінскага аб'яднаньня «Свабода». Кожны зацікаўлены мог набыць сабе фірмовую майку зь лягатыпам фэстывалю, плякат, значку, дыск любога з выступоўцаў. Аматараў свабоднага беларускага року сабралася тысячы паўтары - шмат, калі ўлічыць абставіны. Канцэрт вёў папулярны вядучы Першага музычнага канала - Віталь Маліноўскі. Спачатку моладзь, стомленая доўгім падарожжам на фэстываль, «раскручвалася» марудна. Аднак пасьля выступу гурта Znich, стыль якога пазыцыянуецца, як pagan-folk, справа нарэшце зрушылася зь мёртвай кропкі. Публіка прыязна сустрэла Tav.Mauzer. А пад ас выступу гурту Krama, які на працягу 15 год ня здраджвае добраму старому рок-н-ролу, на сцэне нарэшце зьявіліся бел-чырвона-белыя сцягі, якія пранеслі туды фанаты, што прарваліся скрозь агароджу. ULISу, які выступаў пасьля, на погляд публікі, бракавала энэргетыкі. Затое гралі музыкі, як заўжды, прафэсіянальна. Лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч, які выступаў апошнім, не расчараваў сваіх фанатаў. Менавіта падчас выступу гэтага гурту моладзь у літаральным сэнсе рынулася да сцэны. Украінскім ахоўнікам правапарадку нават прыйшлося згадаць пра свае абавязкі. Аднак, у адрозненьні ад беларускіх калегаў, яны абышліся бяз грубай сілы. Адзінае, чым можна было б папракнуць арганізатараў фестывалю, - той факт, што канцэрт адбываўся ўсяго адзін дзень. Адваротны шлях быў карацейшы, але ня менш насычаны. Мытнікі зь цікаўнасьцю разглядалі дыскі і майкі, чыталі улёткі, праслухоўвалі запісы дыктафонаў. І нават праглядалі здымкі ў фотаапаратах. Не абышлося і без кур'ёзаў. Адзін з памежнікаў ветліва папрасіў лідэра гурту Krama Ігара Варашкевіча адчыніць футарал, каб упэўніцца, што ў ім сапраўды знаходзіцца музычны інструмэнт. І, убачыўшы пад гітараю лісты з новымі песьнямі, пагрозьліва запытаўся: «А гэта што такое?» «Мае песьні, - усьміхнуўся Варашкевіч. І дадаў: - Гэта тое, чым я займаюся апошнія дваццаць год...» Палута Бадунова, для ТГ угару - up |
|
|