|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Камбэкі восені: «Песьняры» і «Сузор'е» | 29.09.2007 | Так супала, што «Песьняры» і «Сузор'е» выдалі свае новыя дыскі амаль адначасова. Альбом «Распавяальная» дзяржаўнага ансамблю «Песьняры» стаўся першым дыскам калектыва за апошнія шэсьць год, а ВІА «Сузор'е» дык наогул вярнулася з сваёй «Песьняй пра зубра» – рок-опэрай, задуманай яшчэ на пачатку 80-х, але рэалізованай толькі цяпер дзякуючы амбасадзе ЗША. У цені МулявінаАльбом «Распавядальная» займае ў дыскаграфіі дзяржаўных «Песьняроў» асаблівае месца. Бо першы пасьля сыходу Мулявіна. Па праслухоўваньні ён пакідае дваістае ўражаньне. З аднаго боку, «Песьняры» працягваюць трымаць марку, датычна вакальнага ды музычнага майстэрства. Прафэсіяналы суворыя! Не дарма некаторых музыкаў з гэтага складу запрашаў на працу яшчэ Мулявін. Свае вакальныя магчымасьці «Песьняры» дэманструюць ужо на самым пачатку кружэлкі, выконваючы акапэла «Сёньня Купала» з адсылкай да кароннай «Рэчанькі» 20-гадовай даўніны, якая зачаравала паўсьвета. Новы кіраўнік ансамблю Вячаслаў Шарапаў можа ў размове зьвязаць два словы па-беларуску, добра адчувае «песьняроўскі» фармат («Распавядальная» яго аўтарства магла бы ўвайсьці ў «залаты» рэпэртуар «Песьняроў») ды яшчэ піша някепскія тэксты. Праўда, часам не стае яму гістарычных ведаў. Мулявін хоць і не вывучаў у школе беларускую мову і гісторыю, «Палянэз» Агінскага наўрад ці дазволіў бы сабе засьпяваць па-расейску. Ды яшчэ з запевам «Боже, храни мой край». Во быў скандал, каб «Выходила на берег Катюша» прагучала па-нямецку! На новым альбоме «Песьняроў» хацелася пачуць ўласнае ад гадаванцаў Мулявіна. Але сустракаем тут таго ж самага «Саўку ды Грышку», «Мой родны кут» ды «Зачараваную». Пяюць адзін у адзін, хіба аранжыроўкі сьвяжэйшыя. Можна пачуць і цікавыя прыпадабненьні старым «Песьнярам», як «Ганна» на Якуба Коласа. Нічога прынцыпова новага ў «песьняроўскі» даробак музыкі ня ўносяць, нібыта баючыся датыкнуцца да нечага непарушнага. Гэтая праца слушна называецца «Распавядальная», бо да споведзі перад слухачом яны не гатовыя. Мулявінская «Малітва» ім яшчэ не па зубох, а вось «Саўка ды Грышка» – якраз. Сёньняшнія «Песьняры» пакліканыя выконваць перадусім настальгічную функцыю. Іх песьні ідуць на «ўра» перад публікай, якая памятае чэргі па «песьняроўскія» кружэлкі ў музычных крамах. Для тых, хто пераняў у часы маладосьці «мулявінскую» моду. Для тых, хто з дапамогай гэтых песень прыйшоў да беларускай мовы. Гэтым удзельнікам ансамблю дужа няпроста: з аднаго боку на іх цісне амаль 40-гадовы цяжар «Песьняроў», з другога – дзяржаўная прыналежнасьць. «Калі са мной не працягнуць кантракт, сваіх „Песьняроў“ ствараць ня буду», - заявіў на прэзэнтацыі альбому Вячаслаў Шарапаў. Амбітных самастойных асобаў у сёньняшнім БДА сапраўды няма, таму чарговы раскол «Песьняроў» дакладна не адбудзецца. Тым не менш «Песьняры» зацікавілі сваімі далейшымі абяцаньнямі. Цяпер яны працуюць над песьнямі на раньнія вершы Янкі Купалы, хочуць пакласьці на музыку творы беларускіх паэтаў 19 стагодзьдзя. Ёсьць спадзяваньне, што з гэтымі працамі «Песьняры» з трыб'ют-ансамблю стануць самастойным калектывам. Архаіка 80-х У гісторыі айчыннага року ёсьць як мінімум два недаацэненыя творы, якія ўражваюць сваёй маштабнасьцю, але з розных прычынаў так і не дайшлі да масавага слухача. Рок-опэру «Гусьляр», зробленую «Песьнярамі» 20 год таму, маюць хіба зацятыя прыхільнікі ансамблю. У Беларусі з тых часоў яна не перавыдалася, ды і самі «Песьняры» на яе забыліся па хуткім часе – да такіх маштабных твораў іх аўдыторыя не была падрыхтаваная. Другі такі твор – «Песьня пра зубра», за якую ўзяўся на пачатку 80-х яшчэ адзін культавы ВІА – «Сузор'е». Імя Міколы Гусоўскага тады толькі вярталася з занядбаньня, і ідэя зрабіць рок-опэру паводле ягонага твору – даволі сьмелы крок для таго часу. Натуральна, што падтрымкі ў чыноўнікаў музыкі не знайшлі («Сузор'е» тады працавала пры філярмоніі ў якасьці такіх беларускіх «Землян»). Але што робіць ім гонар – ідэі не пакінулі і між «чосавымі» турамі па Саюзе працавалі над «Зубром». З тых часоў захаваўся 20-хвілінны запіс, які афіцыйна так і не пабачыў сьвет. У 1983 годзе Мінкульт загадаў расфармаваць гурт, а яго ўдзельнікі зь цягам году разьбегліся хто куды. Спробы вяртаньня былі ўжо ў наш час, але каго сёньня зьдзівіш песьнямі ў стылі «Машины времени»? Але новы запіс «Песьні пра зубра» можа зацікавіць нават далёкіх ад 80-х. Наўрад хто з сучасных беларускіх музыкаў здольны на стварэньне нечага падобнага. Музыкі сабраліся разам у студыі, каб давесьці да ладу сваю ідэю 16-гадовай даўніны. Лібрэта дапісалі, усе партыі перайгралі ды перасьпявалі. Гэты дыск варта паслухаць хоць дзеля трэку «Паляваньне», зробленым хай сабе і ня ў модным рэчышчы арт-року, але з справядлівай прэтэнзіяй на вечнасьць. Тут сьпявае Нэлі Дзянісава – па сутнасьці першая айчынныя «рок-князёўна». Цікавы і наступны трэк – «Панна Марыя» з вакалам Паўла Харэвіча: дзіва бярэ, як стасуецца такі сьветлы тэкст з хард-рокам. Менш за ўсё падчас працай над «Зубром» музыкі зважалі на музычную моду. Гучаньне дыску досыць архаічнае. Але хто сказаў, што старое віно несмачнае? Песьняры - Распавядальная, West Records, 2007 Cузор'е - Песьня пра зубра, 2007 Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў», для газэты «Наша Ніва» угару - up |
|
|