.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Аляксандар Кульлінковіч: «А я гадзіна і не патрыёт!..»
| 01.10.2007 |

Толькі ён мог паступіць на журфак БДУ, а атрымаць дыплём сантэхніка. Ён называе сябе «каралём г..на і пары» – а мае дома немалую калекцыю рок-каронаў. «Кожны мае права паслаць і быць пасланым. Але я пасылаю далей за ўсіх», - кажа ён. Зь іншага ж боку, я ня ведаю больш далікатнага ды тактоўнага чалавека за Сашу Кульлінковіча…

Аляксандар КульлінковічАляксандар Кульлінковіч – ня проста добры чалавек, выдатны музыка, сьпявак з незвычайным, рэдкім дыяпазонам і харызматычным стылем выкананьня. Ён адзін з «айцоў-заснавальнікаў» беларускай незалежнай музыкі. Яго імя даўна ўжо стала сымбалем, талісманам і своеасаблівым кодам. Яно ўзгадваецца ў ліку першых, калі гутарка йдзе пра душэўнасьць і пра эпатаж у айчыннай альтэрнатыве.

Вакол яго – скрозь парадоксы. Толькі ён мог паступіць на журфак БДУ, а атрымаць дыплём сантэхніка. Ён называе сябе «каралём г..на і пары» – а мае дома немалую калекцыю рок-каронаў. На канцэрты Neuro Dubel ніводнае дзіця, а таксама асоба са слабой сасудна-сардэчнай сыстэмай ня пройдзе фэйс-кантролю. Зь іншага ж боку, я ня ведаю больш далікатнага ды тактоўнага чалавека за Сашу Кульлінковіча. Брутальны прыхільнік Dead Kennedis, Motorhead і Rammstein, ён зь лёгкасьцю прымае прапанову Лявона Вольскага засьпяваць у глямурнай «Крамбамбулі».

Кульлінковіч неяк зазначыў: «Кожны мае права паслаць і быць пасланым. Але я пасылаю далей за ўсіх». Але пры ўсім гэтым у Сашы столькі сяброў, што хапіла б на цэлы мікрараён.

Аляксандра можна назваць сапраўдным мужчынам: ён збудаваў хату і выхоўвае сына. Толькі дрэва пасадзіў даволі арыгінальнае – дзюбель. Маленькага Сашу Кульлінковіч называе сваім «лепшым стварэньнем» і бязьмежна яго любіць, а да Neuro Dubel, нібы да старэйшага дзіця, ставіцца вельмі патрабавальна. І вельмі адказна.

2007-ы – год вельмі значны ў жыцьці Аляксандра і Neuro Dubel. Сёлета Кульлінковіч адзначыў юбілей – 35 год. Сёлета Neuro Dubel выпускае новы альбом, над якім музыкі працавалі больш за два гады. Сёлета чакаецца выхад трыб'юта гурта і DVD-дыска.

І галоўнае – 17 ліпеня гурт адзначыў сваё паўналецьце. Менавіта ў гэты дзень, васемнаццаць год таму, быў зроблены першы музычны запіс. Прычым, як адзначае сам Кульлінковіч – «з жудаснага бадунішча».

«Не чуваць, але сьпяваем – STASI!»

Нягледзячы на забароны канцэртаў і адмовы ў радыё- і тэлератацыі, гурт Neuro Dubel жывей за ўсіх жывых. Новы альбом гурта, што мае выйсьці бліжэйшым часам, называецца STASI. Гэты дзіўны назоў перамог раней плянаваныя «Стотыщмильёнов» і «Пуп земли». Канчатковы варыянт – STASI – вельмі сымбалічны. Так называлася разьведка ва Ўсходняй Нямеччыне. Яна ўваходзіла ў пяцёрку найбольш уплывовых і значных разьведвальных структураў сьвету.

«Сёньня Neuro Dubel як раз і нагадвае разьведку – нас ніхто ня бачыць і ня чуе, але мы існуем і працуем. Вось і альбом выдаём».

Новы альбом па гучаньні цяжэй за «Танкі» і ў ім будзе некалькі расейскамоўных песьняў. На дыску прадстаўлены як ужо добравядомыя «Край», «Das Piche» і «Підарасы», так і зусім новыя «Лучшая девушка Минской области» і песенька пра маленькага неўміручага жыхара South Park Кеньні. Традыцыйна прысутнічае і кавэр – на гэты раз хлопцы абралі сучасны гімн марскіх курортаў «Чёрные глаза».

З найбольш запамінальных цытатаў альбому вылучаецца: «А я гадзіна і не патрыёт!..»

«Маіх музыкантаў яднае адно: усе яны былі народжаныя для Neuro Dubel»

«Да сваіх музыкаў я стаўлюся вельмі крытычна. Але гэтак жа моцна іх люблю», – прызнаецца Кульлінковіч.

Бэк-вакаліст Юры Навумаў – гаспадар тузіна катоў ды котак. Па ўсеагульным і маім сьціплым меркаваньні, Юрась самы добры і шчыры чалавек беларускай рок-н-рольнай тусоўкі.

«Доўгі час ён працаваў на „Беларусьфільме“ – цягаў рэйкі. Зараз Юры, нарэшце, знайшоў сябе – працуе дворнікам у сваім ЖЭСе. Пачаў менш піць, красуецца ў фірмовай аранжавай куртцы – яго здалёк відаць».

Андрэй Сьцепанюк – менскі таксіст. Нязьменны бубнач гурта, старэйшы за ўсіх яго ўдзельнікаў. Мае павер'е: ніколі не глядзіць у вочы супрацоўніку ДАІ.

«Чалавек, пра якога кажуць: лепшыя свае гады праводзіць у чаканьні горшых часінаў. Але ў экстрэмальных сытуацыях Андрэй цалкам зьмяняецца і на яго заўжды можна разьлічваць».

Лід-гітара Віталь Абрамовіч – віртуозны гітарыст, добры чалавек і – па азначэньні фан-клюбнікаў – «глямурны скінхэд».

«Віталь – наша сонца. Лысы, як каленка. Заўсёды ўсьміхаецца, заўсёды ў добрым настроі. Ня п'е і ня паліць, але бабнік:) І яшчэ жудасны маньяк… у справах, што тычацца набыцьця новых інструмэнтаў».

«Залатой душы чалавек» (© DLC) Вова Сахончык (другая гітара) – любячы муж, узорны зяць і шчасьлівы бацька.

«Вова – самая валасатая частка нашага гурта. „Хіпі“. Бясконца любіць сваю жонку (Зоя – лідэр гурта „Зьмяя“)».

Бас-гітарыст Жэня Броўка – самы душэўны ўдзельнік НД. Мае чачэнскія карані.

«Звычайна Жэня выглядае вельмі сумным. Спачатку мне было цяжка да гэтага прызвычаіцца – я ўвесь час падыходзіў да яго і пытаў: „Што здарылася?“. А ў Жэні проста натура такая. Броўка ўвесь час з кімсьці сварыцца, асабліва з Навумавым. Але насамрэч ён вельмі добры».

«Мне здаецца, маіх музыкантаў яднае адно: усе яны былі народжаны для Neuro Dubel – менавіта сёньняшні склад гурта. Ніхто ня верыў, што НД выжыве. А мы ня толькі выжылі – мы выбухнулі „Танкамі“! Кожны з нас па-асобку – выдатны музыкант. Але, калі мы зьбіраемся разам, пачынаецца „разгуляйства“. Нам хочацца „махаць шашкаю“. А каб „махаць шашкай“ прафэсійна – трэба быць Будзённым. Neuro Dubel далёкі да прафэсіяналізму. І ў гэтым наш моц – у нашай „аматаршчыне“. Ёсьць гурты, што граюць зладжана і бяз лаж – я называю „прафэсійнай х..ёй“. У іх няма жыцьця, яны нецікавыя. А мы жывыя, бяз рамак і стандартаў. Мы сьмела спалучаем рок, панк, рэгі, блюз і хардкор. І не зважаем ані на якія правілы».

Кася Сарокіна, ТГ, для pARTizan

Поўную вэрсію можна прачытаць у беларускім пАРТызане №6 2007

Фота: Анатоль Мяльгуй


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net