.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Рытуальны фолк ад Pragnavit
| 04.10.2007 |

Такой музыкі за ўсю гісторыю існаваньня чарта на ТГ яшчэ не гучала. У новым туры праект Pragnavit прэзэнтуе кампазыцыю са свайго трэцяга альбому «Svietacjam» (Сьветапогляд) пад назвай «У маёй крыві». «Гэта ключавая песьня дыску, да ўсяго яна найбольш папсовая, таму найлепш падыйдзе для гіт-параду», - кажуць удзельнікі каманды, што існуе ўжо 10 год і зьяўляецца лідэрам беларускага Folk Dark Ambient. Па шчырасьці канкурэнтаў у іх практычна і няма…

PragnavitСваю музыку Pragnavit прадстаўляе такім чынам: «Таямніцу Рытуала мы ўвасабляем у аўтэнтычна-экспэрымэнтальным шэрагу візуальна-вэрбальных вобразаў хтанічнай сфэры». Калі простымі словамі, Pragnavit выконвае рытуальны фолк, які мае нямала прыхільнікаў у Беларусі і за яе межамі. Прынамсі, гэты праект найбольш вядомы ў дадзеным кірунку (нешта падобнае яшчэ робіць праект ESSA). «Нашы песьні прысьвечаны традыцыйна-этнічнай спадчыне балта-славянскага рэгіёну Старой Эўропы», - так тлумачаць сваю канцэпцыю творчасьці ўдзельнікі праекту. На іх думку, менавіта трэк «У маёй крыві» добра прэзэнтуе іх працу.

«Гэта галоўная песьня на альбоме, яна самая кароткая (у арыгінале – 8 хвілін, у вэрсіі для ТГ – пад 5 хв.), але празь яе найбольш выразна бачыцца ідэя ўсёй працы», - тлумачыць аўтар кампазыцыі Voist Angiras. Зь яго слоў, на ідэйны зьмест гэтай песьні, зрэшты як і ўсю творчасьць, паўплывала спадчына цёмных культаў, архетыпы індаэўрапейскай рытуальнай культуры ды сам фэномен шаманскай ініцыяцыі, а ў дадатак яшчэ і тэорыя Юнга. «З дапамогай гэтага ўсяго самараскрываюцца звышнатуральныя здольнасьці чалавека як творцы і як асобы», - тлумачыць Voist Angiras. Музыкі жартаўліва называюць песьню «У маёй крыві» - «самай папсовай», астатнія кампазыцыі – больш за 10 хвілін і больш складаныя па сваёй структуры.

Pragnavit - У маёй крыві (музыка і словы - Voist Angiras).
Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.


SB, ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net