.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



На «Рок-Коле» можна будзе танчыць!
| 11.10.2007 |

26-27 кастрычніка ў полацкім палацы культуры «Полацак-Шкловалакно» пройдзе чарговы фэстываль «Рок-Кола». Прадусар фэстывалю Аляксандар Рагачоў адказаў на пытаньні ТГ адносна сёлетняга фэстывалю, зьменаў у праграме і сьпісу гасьцей, у які дадаўся яшчэ адзін знаны гурт. Цікава, што сёлета можна будзе пабачыць і выступы ўсіх ляўрэатаў «Рок-Кола-2006».

Рок-Кола-2007- Чым будзе адметны гэты фэст?
- Сярод новых цікавінак: плянуем зрабіць у залі танцпляц. Каб гледачы не сядзялі на сваіх крэслах, а атрымалі магчымасьць быць бліжэй да музыкаў, да сцэны. Здымем чатыры шэрагі крэслаў ды створым больш-менш прасторную пляцоўку. Фэстывальныя канцэрты пройдуць у два дні, кожны пачынаецца ў 17:00. У кожным зь іх возьмуць удзел па 10 гуртоў-удзельнікаў ды госьці. Працягласьць кожнага канцэрту – 5-6 гадзінаў.

- Раней жа конкурс праводзіўся ў адзін дзень, а гала-канцэрт – у другі. Навошта вырашылі зьмяніць?
- Летась на закрыцьці фэстывалю здарылася непрыемнасьць. На закрыцьці фэсту пасьля ўзнагароджаньня ляўрэатаў выступу прызэраў не адбылося. Хоць раней такая традыцыя была. Так склалася, бо хэдлайнэр «Рок-Кола» – гурт «Аліса» не пагадзіўся даць свой апарат пераможцам. Каб выправіць сытуацыю, мы ў гэтым годзе вырашылі даць магчымасьць выступіць леташнім пераможцам. Такім чынам, у першы дзень на «Рок-Коле-2007» выступяць менская каманда «S.D.M» і наваполацкая «Амальгама», а другі дзень канцэрту адкрыюць магілёўскі «Vodar Susviet» і наваполацкі «Primus inter Pares». Да ўсяго, мы запрасілі і ранейшых пераможцаў нашага фэсту – «Скімэн» і «Фляўс і Кляйн» з Наваполацку.

- Ці вызначыўся сьпіс астатніх гасьцей фэстывалю?
- Так. Госьцем будуць нашыя даўнія сябры – гурт «Крама», які неаднойчы ўжо граў у нашых краях. Лідэр гурта Ігар Варашкевіч два гады запар быў сябрам журы, магчыма, што ў гэтым годзе таксама давядзецца яму паўдзельнічаць у выбары лепшых з маладых. А закрыюць праграму першага дня – уладальнікі Гран-Пры на «Рок-Коле-2006» – гурт «Deimos» з Смаленску. Гэта яны летась цудоўна выканалі песьню «Мясцовага часу» ды зачаравалі сваім выкананьнем увесь Полацак: «Вецер на двары ганяе пыл, па шляху сусьвету…» Адзінагалосна тады журы абрала іх. Мяркуем, што выступ «Deimos» будзе надта цікавы для гледачоў, яны цяпер рыхтуюць сольную праграму. З сюрпрызаў «Рок-Кола-2007» нельга не адзначыць выступ гуртоў «Стая» і Vicious Crusade. Спадзяемся, што гэта будзе сапраўднае музычнае сьвята, якое не пакіне нікога абыякавым!

У «Рок-Коле-2007» возьмуць удзел ля 30 камандаў зь Беларусі, Расеі, Украіны. Кошт квітка на адзін дзень – 10 000 руб.

Інфармацыйная падтрымка фэстывалю – «Тузін Гітоў»


Размаўляў Сяргей Будкін, ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net