|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Гукі Хатыні | 12.10.2007 | Музыкі з усяго сьвету стварылі альтэрнатыўны саўндтрэк да фільму «Ідзі і глядзі» паводле «Хатынскай аповесьці» Алеся Адамовіча. Стужка Клімава, аказалася, самая ўлюбёная ў індустрыяльшчыкаў. Дыск пачынаецца з рэзкага і глухога гуку, званоў ды галасоў дзяцей падкладзеныя пад вусьцішныя гукі сынтэзатару: бяда яна блізка, хоць зьнешне ўсё спакойна… Негледзячы на тое, што дыск выдадзены вельмі абмежаваным накладам у 500 асобнікаў, яго з пэўнасьцю можна назваць праектам году. Дзіва, але беларускія музыкі неяк заўжды абыходзілі тэму Хатыні, хоць пра вайну як такую складзена нямала песень. На падзеі 22 сакавіка 1944 году вырашылі адгукнуцца музычныя экспэрымэнтатары – беларускі лэйбл і аднайменны часопіс «Stigmata». Яны задумалі, падавалася бы, маларэальную рэч – зрабіць складанку-прысьвячэньне Хатыні з удзелам сусьветных зорак, што працуюць у досыць папулярных на Захадзе і абсалютна занядбаных у нас кірунках dark ambient, industrial і gothic. Далучылі і колькі фольк-камандаў. Але ідэя пракачала настолькі, што давялося нават сёе-тое выключыць з трэк-лісту. На працу пайшлі два гады і вось цяпер дыск «Хатынь: Tacet, Sed Loquitur» пабачыў сьвет. Кіраўнік лэйблу і рэдактар часопісу «Стыгмата» Ігар Мацюноў натхніўся «Хатынскай аповесьцю» Адамовіча, ён кажа, што дадзены праект можна разглядаць, як альтэрнатыўны саўндтрэк да стужкі «Ідзі і глядзі». Стужка Клімава, аказалася, самая ўлюбёная ў індустрыяльшчыкаў.Дыск пачынаецца з рэзкага і глухога гуку, званоў ды галасоў дзяцей падкладзеныя пад вусьцішныя гукі сынтэзатару: бяда яна блізка, хоць зьнешне ўсё спакойна. Гэта ўводзіны ад французаў з «Propergol». Свой твор яны прысьвяцілі тым самым 75 дзецям, зажыва спаленым у беларускай вёсцы – адсюль і назва – «Seventy-five/The Bullet or the Flame». Кожны наступны трэк працінае наскрозь яшчэ болей. Падчас гучаньня рытуальнага фолку ад магілёўскага «Pragnavit» (трэк «Попел Хатыні») з тужлівым-тужлівым мужчынскім напевам і нібы жаночымі галашэньнямі сьвядомасьць малюе жудасныя вобразы, напраўду згадваюцца шакуючыя кадры зь фільму Элема Клімава. Наступная – «Lament» ад расейцаў «Cyclotimia» – гучыць ужо як рэквіем… У нас мала хто знаёмы з падобнай музыкай, таму кожны трэк для звычайнага слухача - будзе адкрыцьцём. Як прыкладам, праект італьянскага навукоўца Магрыні - Bad Sector, у якім той выкарыстоўвае свае дасягненьні ў вобласьці аналягавай электронікі. Ці тое трэк «Prayer» на верш Марыны Цьвятаевай ад расейскага праекту Majdanek Waltz, напоўнены безвыходнасьцю проста касьмічных маштабаў: «Бог – прав//Тлением трав//Сухостью рек//Воплем калек». Але самы пранізьлівы трэк для «Хатыні» запісаў італьянскі фольк-праект «Ataraxia» – іх выдатная акустычная баляда «Etretat» вызначае атмасфэру ўсяго дыску. Вугорскі індастрыэл (Cawatana) тут спакойна ўжываецца зь літоўскім фолькам (выканаўца Donis), які, між тым, вельмі сугучны зь беларускай «Зязюляй» ад OSIMIRA. Пры канцы дыску - расейцы з Necro Stellar. Іх аднастайны манатонны, нібы закальцаваны трэк амаль на 8 хвіляў, напоўнены крыкамі ды стогнамі, гучыць даволі сымбалічна, як для гэтай складанкі: усё паўторыцца ізноў, што ты не рабі… Цікава, што выдаўцы сьвядома не скарысталі ў аздабленьні дыску здымкаў самога хатынскага мэмарыялу. «У Беларусі ёсьць Хатынь, у немцаў – Дрэздэн, у японцаў – Хірасіма і сьпіс гэты можна працягваць да бясконцасьці. Таму гэты зборнік можна лічыць прысьвячэньнем ня толькі Хатыні, але і кожнай вёсцы, мястэчку, гораду, краіне, што пацярпела ад найвялікшага злачынства», - кажуць прадусары праекту. Нягледзячы на тое, што дыск выдадзены вельмі абмежаваным накладам у 500 асобнікаў, яго з пэўнасьцю можна назваць праектам году. Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў», для газэты «Наша Ніва» угару - up |
|
|