.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Тузін Гітоў» прадстаўляе: канцэрт памяці Анатоля Сыса
| 16.10.2007 |

«Тузін Гітоў» пры падтрымцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і БМА-груп ладзіць канцэрт памяці Анатоля Сыса. Імпрэза пройдзе 3 лістапада ў дольнай залі касьцёлу сьвятых Сымона і Алены (пл. Незалежнасьці). У ёй возьмуць удзел вядучыя беларускія музыкі і паэты. Песьні на вершы паэта ды свае лепшыя гіты выканаюць Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, гурт Indiga, «Палац» і Аляксандар Памідораў. «Гэта будзе камэрнае мерапрыемства, галоўная мэта якога ўшанаваць памяць паэта і сабраць неабходную суму на ягоны помнік», - кажуць арганізатары канцэрту.

Анатоль СысПомнік на магіле паэта ў ягоным родным Гарошкаве плянавалася паставіць якраз на дзень народзінаў Анатоля – 26 кастрычніка. Але не знайшлося грошай, каб увасобіць гэтую ідэю. Аўтар помніку, мастак Гэнік Лойка пагадзіўся працаваць бясплатна, але выдаткаў усё адно не пазьбегнуць. «Мы спадзяемся, што на вечарыну прыйдуць як тыя, хто асабіста ведаў Анатоля, так і ўсе, хто неабыякавы да беларускага слова. Агульнымі намагананьнямі мы паставім помнік паэту», - кажа намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міхась Скобла.

Імпрэзу будзе весьці Адам Глёбус. Песьні на вершы паэта і творы, якія ён любіў выканаюць Лявон Вольскі і Кася Камоцкая, а гурты «Палац», Indiga і Аляксандар Памідораў адмыслова да гэтай вечарыны рыхтуюць некалькі песень на вершы паэта.

Плянуецца, што ў будучыні запіс гэтага ўнікальнага канцэрту пабачыць сьвет на CD.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Анатоль Сыс нарадзіўся ўначы 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Гэта на беразе Дняпра, адно з самых старажытных пасяленьняў чалавека ў Беларусі. Ён быў найменшы з чатырох дзяцей у сям'і Марыі і Ціхана Сысоў.

Калі маці, настаўніца пачатковых клясаў, была ім цяжарная, яна, дапамагаючы надвячоркам суседцы падліць газы ў запаленую лямпу, празь неасьцярожнасьць зрабіла пажар. Маці абгарэла. У тую самую ноч нарадзіўся Анатоль.

У школьныя гады захапляўся літаратураю, гісторыяй. Асабліва цікавілі яго раскопкі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У студэнцкія гады ён бараніў гэтае гарадзішча ад вынішчэньня — калі адтуль пачалі браць пясок на будоўлю, зьвярнуўся ў музэй, да ўладаў. Яго паслухалі: паставілі ахоўны знак. У 1977 паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, які скончыў у 1982. Два гады адслужыў сувязістам у Польшчы. Затым працаваў у веткаўскай раённай газэце «За бальшавіцкія тэмпы». У 1985 пераехаў у Менск, рабіў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачаньні.

Дэбютаваў у 1986, у 26 гадоў, падборкай вершаў у часопісе «Маладосць». У 1987 разам з Адамам Глёбусам заснаваў творчае аб'яднаньне «Тутэйшыя». Аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).
Пасьля выхаду другой кнігі А. Сыс звольніўся з працы, жыў на пэнсію — ён быў хворы на страўнік.

Паводле sys.knihi.com

Анатоль Сыс – Маналёг тутэйшага (фрагмэнт з выступу на Дзядах у сквэры Янкі Купалы, Менск, 1 лістапада 1987 году)

Фота: sys.knihi.com


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net