.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Маналёг Анісы
| 18.10.2007 |

Нязьменны дырэктар фэстывалю «Рок-Кола» Сяргей «ANISA» Анішчанка разважае пра крызіс беларускіх музыкаў, ляноту полацка-наваполацкіх рокераў ды разьвіцьцё фэста. «Да нас едуць з Расеі, Украіны ды Польшчы, а мясцовыя каманды дасылаюць дэмкі ў апошні дзень», - справядліва абураецца ANISA. Ён таксама прыгадвае, што напачатку 90-х гурты былі больш стабільнымі, кляснымі ды разумнымі.

Сяргей АнішчанкаКалісьці ў далёкім 1990-м годзе фэст «Рок-Кола» задумляўся як рок-фэст гарадзкога значэньня. У той час у горадзе Наваполацку працаваў «Наваполацкі рок-клюб», дзе працавалі больш за 24 (!!!) гурты. І якіх гурты!!! «Рокаш», «Дзіда», «Вчера», «Стрэс», «Мясцовы час», «Кадэцкi корпус», «Воля», «Сталкер»… - гурты, якія аб'ехалі ўсё існуючыя ў тыя гады рок-фэсты: «Рок-крок» (Горадня), «Тры колеры» (Менск), «Басовiшча» (Гарадок). У канцы 80-х у Наваполацку праходзіў адзін з самых вялікіх і грандыёзных фэстаў. Тады ён зваўся «Фэст моладзевай музыкі „Наваполацак-86,87,88“». На яго зьязджаліся ўсё самыя наймацнейшыя (!) сьпевакі і рок-калектывы зь Беларусі й Расеі: «Алиби» (Масква), «Залатая сярэдзіна» (Берасьце), «Отражение» (Мазыр), «Биоконструктор» (Масква), «Мроя» (Менск), «Плынь» (Ворша), «Сталкер» (Наваполацак), «Мясцовы час» (Полацак) і шматлікія іншыя - каля 40 гуртоў. Заўважце, што толькі два (!) полацка-наваполацкія гурты патрапілі за тры гады існаваньня фэсту ў лік удзельнікаў конкурсу! Крыўдна? Так. Таму, аднойчы, сабраўшыся ўдвох, Ален і ANISA, задумалі свой (цяпер бы сказалі «альтэрнатыўны») рок-фэст для ўсіх полацка-наваполацкіх гуртоў, што тады існавалі. І атрымалася! Нават на першым фэсце «Рок-Кола 1990» былі госьці: «Вакзал» (Віцебск) і «Плынь» (Ворша). А удзельнікамі былі 15 мясцовых гуртоў. З кожным годам полацка-наваполацкі фэст «Рок-Кола» набіраў папулярнасьць. На фэст ехалі з ўсіх куткоў рэспублікі. А яшчэ па сяброўстве знаходзілі фундатараў і магчымасьць запрашаць гурты з Расеі.

І яшчэ. Музыкі 80-90-х сапраўды былі стабільнымі калектывамі, арганізоўвалі канцэрты, рок-рынгі, фэсты. Заўважце, у тыя часы - гурт - гэта значыла:
1. Стабільны склад.
2. Клясныя музыкі.
3. Набыцьцё на тыя (савецкія) грошы выдатных і дарагіх прылад і аксэсуараў да іх.
4. Мазгі, то бок мы ведалі, што мы робім і для чаго.
5. А яшчэ ўменьне і жаданьне слухаць добры дыхтоўны рок заходніх гуртоў Deep Purple, Queen, Nazareth, YES, Manfred Mann… Па іх мы вучыліся граць свой рок, уносячы ў яго свае карані «беларускасьці».

Каб калісьці патрапіць на фэст, нам трэба было запісаць дэма на бабіну або на «прыходзячыя» тады касэты. Але ніхто ня задаваў пытаньне «як і дзе, якімі высілкамі, у якіх студыях?». Але мы запісвалі й самі - не па пошце! - прывозілі дэмкі ў аргкамітэты фэстаў. Цягнікамі й аўтобусамі.

Сёньня, ў век кампутараў, інтэрнэту, студыяў, рэпэтыцыйных кропак, выдатнай працы пошты, CD-дыскі й заяўкі прыходзяць у апошні дзень іх падачы. Але самае страшнае тое, што свае, полацка-наваполацкія гурты, падаюць матэрыял жудаснай якасьці самымі апошнімі, не выконваючы Палажэньня аб фэсьце. А таму, што думаюць: «маўляў, свае, і так прымуць, зьлічымся. ANISA пагарлапаніць, але возьме…». Паважаныя полацка-наваполацкія групы! Не задавайце пытаньні «Чаму мы не патрапілі?!», «Як - так?!». Але! Рабяты! Мы забыліся, што адзіны сёньня фэст «Рок-Кола» ўжо іншы! Ён даўно стаў міжнародным. І прымае рашэньне не адзін ANISA! А аргкамітэт, музыкі, крытыкі. І тое, што самыя клясныя гурты зь Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы хочуць прыехаць, і выконваюць умовы фэсту. А як граюць! А свае?.. Прыходзьце на фэст і паслухайце самі! Так вы не прыйдзеце! Вы заўсёды будзеце лічыць сябе лепш за іншых і тых, хто на сцэне… Можа, сядзіце вы лепей ў сваіх скляпеньнях, грайце для сваіх 10-15 слухачоў, існуйце па месяцы? Гэта тычыцца, у асноўным, гуртоў-аднадзёнак. Асабліва нашых (полацка-наваполацкіх - заўв. рэд.) Да фэсту «Рок-Кола» засталося два тыдні - сабраліся з розных гуртоў музыкі, і хуценька скляпалі што-небудзь - «х.р зразумееш, што». Проста пацаны з гітарамі!

Але колькі ў Беларусі гуртоў, якія выдатна граюць, але й яны, як нашы, ніколі не ўзыйдуць на пляцоўкі рок-фэстаў, таму што іх няма, фэстаў тых…

І яшчэ ёсьць гурты, якія ўжо, можна сказаць, атрымалі прапіску «Рок-Кола». Сталі, так бы мовіць, карыфэямі. Я разумею, што граць няма дзе, але вялікая просьба - саступіце маладым, задзірыстым, тым, хто хоча і прагне, бо ім таксама няма дзе… А можа для іх пляцоўка «Рок-Кола» - гэта першы, адзіны й апошні раз…

Сяргей «ANISA» Анішчанка, дырэктар фэстывалю «Рок-Кола», для «Тузіна Гітоў»

Фота: nn.by


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net