.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Адкрыцьці і расчараваньні «Рок-Кола-2007»
| 31.10.2007 |

Часам падавалася, што «Рок-Кола» спынілася недзе ў 1989 годзе. Асабліва ў першы конкурсны дзень. Было гэтак жа сумна, як на конкурсе двайнікоў Элвіса. Хлопцы з таннымі гітарамі працягвалі гнаць нафталінавы хард-рок, экплюатаваць вобраз «вайны» ды «сонца» ды займацца рыфмоўкаю кшталту «гляджу ў вакно, а мне ўсё адно». Сярод 13 канкурсантаў сустракаліся і настальгічныя ансамблі чыста па рускім року і згаданыя ўжо «героі» хард-н-хэві і псэўда-«лацінцы». Рэпартаж і поўныя вынікі полацкага фэстывалю – на ТГ.

Pomidor/OFF на Рок-Коле-2007«Рок-Кола-2007» скончылася ў нядзелю, але дагэтуль у галаве гучаць «Нечакана», «Переговорил» ад першых двух пераможцаў і «Шабаны» ад раптоўнага менскага госьця. Гэта былі самыя яркія выступы фэстывалю. У астатнім да жалю было сумнаваценька. Часам падавалася, што «Рок-Кола» спынілася недзе ў 1989 годзе. Асабліва ў першы конкурсны дзень. Было гэтак жа сумна, як на конкурсе двайнікоў Элвіса. Хлопцы з таннымі гітарамі працягвалі гнаць нафталінавы хард-рок, экплюатаваць вобраз «вайны» ды «сонца» ды займацца рыфмоўкаю кшталту «гляджу ў вакно, а мне ўсё адно». Сярод 13 канкурсантаў сустракаліся і настальгічныя ансамблі чыста па рускім року і згаданыя ўжо «героі» хард-н-хэві і псэўда-«лацінцы». Калі паспрабаваць прасякнуцца душою – ніштавата часам (як Storm ці Спрат), але пустата за гэтай нацягнутай душэўнасьцю адчуваецца. Калі ўжо нагавіцы беларускім трыб'ют ансамблям «Кіно» ды Scorpions стануць кароткімі? Найбольш запалілі залю ў першы дзень канкурсанты з UNIA, якія ўзялі былі ўжо трэці прыз апошняга «Басовішча». Энэргетыку маюць яны напраўду немалую, але ж колькі можна перапяваць заюзаную фальклёрную клясыку? Выглядае на банальшчыну з дэкаратыўшчынай, але менавіта гэта можа дапамагчы ім стаць камэрцыйна пасьпяховым праектам. Першы дзень прынёс адно адкрыцьцё з нацяжкай – менскі гурт Borealis, які аднак сышоў у цень пасьля другога конкурснага дня.

Другі дзень быў куды больш насычаны цікавымі выступамі. Запальвалі мясцовыя - Dark Deception, якіх тут любяць неймаверна. Някепска паказаўся смалявіцкі «Акропаль». Расейцы «Абвиотура» разам з Tarpach аказаліся на галавы тры вышэй за астатніх – ім бы ў якасьці гасьцей выступаць, а не за прызы з 16-гадовымі дэйзэрамі змагацца. Але ж лепшыя навідавоку. Нечага не хапіла «Заточцы» (проста наш адказ «Цягні-Штурхай»!), падавалася бы адным з фаварытаў фэсту. Ня здолелі яны адыграць гэтак жа, як на шэраговым магілёўскім канцэрце. Але ж вылучыўся бубнач «Заточкі», які потым і быў уганараваны.

Полацак – дзіўнае месца. Перадусім яно вылучаецца сярод астатніх беларускіх гарадоў тым, што мясцовыя ўлады і чыноўнікі тут размаўляюць на адной мове. У журы былі прадстаўнікі ад выканкаму, а мэр Полацку меўся адкрыць фэстываль, але ня здолеў прыйсьці. Зь яго словаў, калі мерапрыемства зьбірае як мінімум 500 чалавек, то значыць яно патрэбна гораду. Во гэта падыход! Нешта падумалася: Полацак – гэта Беларусь праз 100 гадоў:). Засталося толькі канкурсантам стаць больш прагрэсіўнымі.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Поўныя вынікі фэстывалю «Рок-Кола-2007»
У конкурснай частцы ўзялі ўдзел 27 рок-гуртоў. Большасьцю галасоў журы прыняла рашэньне аб узнагароджаньні наступных пераможцаў конкурснай праграмы моладзевага фэстывалю рок-музыкі «Рок-Кола-2007»

1. Гран-Пры фэстывалю – група Tarpach, Менск
2. Ляўрэат 1-ай прэміі – група «Абвиотура», Масква (Расея)
3. Ляўрэат 2-ой прэміі – група «Акропаль», Смалявічы
4. Ляўрэат 3-яй прэміі – група Unia, Менск
5. Лепшы бубнач – Ільля Касьценіч – Zatoczka, Магілёў
6. Лепшы вакал – Вольга Самусік - Tarpach, Менск
7. Лепшы гітарыст – Сяргей Сьмірноў, Cross B.Band, Менск
8. Лепшы бас-гітарыст – Андрэй Бачкоў, The Storm, Менск
9. Прыз глядацкіх сымпатыяў - Unia, Менск і Dark Deception, Полацак
10. Спэцпрыз журы - Zatoczka, Магілёў
11. Адкрыцьцё фэстывалю – Invasion, Наваполацак

Зацьвердзілі пратакол
Начальнік па справах моладзі Полацкага гарвыканкаму Н.Ганебная
Старшыня аргкамітэту фэстывалю З. Красавіка
Дырэктар фэстывалю С.Анішчанка



угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net