|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Алесь Камоцкі заглыбіўся ў дождж | 05.11.2007 | Калі ў Алеся запыталіся: «Каму больш дастаецца: Вашай жанчыне ад вашай творчасьці ці вашай творчасці ад Вашай жанчыны?», і ён адказаў што не адрозьнівае іх — жанчына і творчасьць для яго — непадзельныя. У музэі Максіма Багдановіча знаны бард прэзэнтаваў зборнік абраных песень і вершаў пад назвай «Глыбіня дажджу». 1 лістапада 2007 году ў музэі Максіма Багдановіча, што месьціцца ў Траецкім прадмесьці, пры поўнай глядацкай залі прайшла прэзэнтацыя новай кнігі вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага. Хоць самому аўтару бліжэй, калі яго называюць ня бардам ці паэтам, а выканаўцам уласных песень, бо свае вершы ён ніколі не чытае, ён іх выконвае пад гітару.Зборнік выбраных песень і вершаў аўтара пад назваю «Глыбіня дажджу» пабачыў сьвет у выдавецтве «Мастацкая літаратура». На вокладцы намаляваныя вялікія каляровыя і празрыстыя кроплі, якія звычайна застаюцца на гзымсе, пасля моцнай залевы. Калі бярэш у рукі кнігу, то найперш спрабуеш сьцерці зь яе вялікія кроплі… І толькі потым разумееш, што яны… намаляваныя! Такі незвычайны ход прыдумаў мастак Алесь Фаменка. Распачала імпрэзу ўступным словам дырэктар музэю Тацьцяна Шэляговіч, якая заўжды гасьцінна і добразычліва сустракае ў сябе гасьцей. Яна падзялілася з гледачамі сваімі ўражаньнямі ад зборніка і чарговы раз засьведчыла сваю прыхільнасьць да творчасьці Алеся. Потым на сцэну па чарзе выходзілі маладыя выканаўцы, сёлетнія ўдзельнікі традыцыйнага бардаўскага фэстывалю, які праходзіў у горадзе Бельску ўжо пятнаццаты год запар. Першай выступала Натальля Пушкарова зь песьняй «Ноч на восень», за ёй месца ў мікрафона заняла Дар'я Кадамская, якой сёлета пашчасьціла атрымаць Гран-пры «Бардаўскай восені». Даша прасьпявала дзьве песьні, якія сустрэлі прыхільнасць гледачоў і журы ў Польшчы. У драйвовым выкананьні Пашы Кузіча, які выступаў у суправаджэньні гітарнага аздабленьня свайго сябра Максіма (чыё прозьвішча так і не было рассакрэчана), прагучала настраёвая кампазіцыя пад назовам «Урбан Лайф». Музыка Яраш Малішэўскі прыйшоў на вечарыну не адзін, а з групай падтрымкі ў выглядзе маладой жонкі-паэткі Аксаны Спрынчан. Яраш зачараваў слухачоў песьняю «Восеньская самота». Але ўсё ж такі галоўным чараўніком дзеі быў сам Алесь Камоцкі. Па добрай традыцыі ён выканаў песьню на словы Максіма Багдановіча «Над дахамі места», якая, натуральна што, часта гучыць у сьценах музэю. Дапамагаў Алесю чараваць гітарыст Алег Змушка. Таксама ў выкананьні Алеся яго прыхільнікі пачулі некалькі песень на словы Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, Ларысы Геніюш і вядома ж на ўласныя вершы. Падарункам для наведнікаў была песня «Клён стары ў двары…» з новага альбома «З бацькоўскай кружэлкі», які ў хуткім часе пабачыць сьвет. Асобная ўвага была нададзена адказам на пытаньні да выканаўцы, зь якіх прысутныя даведаліся, што па адукацыі Алесь не музыка, а філёзаф, хоць сам ён лічыць, што ўсё жыцьцё працуе менавіта па сваёй спэцыяльнасьці, у чым, зрэшты, ёсьць свая самая што ні на ёсьць сапраўдная праўда. Запомнілася, калі ў Алеся запыталіся: «Каму больш дастаецца: Вашай жанчыне ад вашай творчасьці ці вашай творчасьці ад Вашай жанчыны?», і ён адказаў што не адрозьнівае іх — жанчына і творчасьць для яго — непадзельныя. Праз усю вечарыну чырвонай стужкаю прайшла тэма восені, найперш яна былі ў песьнях выступоўцаў. Нібыта згаварыўшыся, кожны зь іх выканаў твор, які меў самае непасрэднае дачыненьне да гэтай самотнай і чароўнай паравіны году. А што ж яшчэ так звязана з восеньню як не дождж?.. Тарас Трызна, для ТГ угару - up |
|
|