.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



«Рок-Кола» ў Полацку больш ня будзе
| 17.11.2007 |

Выглядае на тое, што фэстываль «Рок-Кола» на Полаччыне прайшоў у апошні, 17-ты раз. Пастанова полацкіх сілавікоў: «Прыпыніць дзейнасьць рок-фэстывалю ў Полацку. Адзначыць незадавальняючую падрыхтоўку фэстывалю беларускай музыкі 26-27 кастрычніка і лічыць нямэтазгодным правядзеньне фэстывалю «Рок-Кола», бо яно не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю. Рэкамэндаваць асобам, што адказваюць за духоўнае выхаваньне моладзі ўстрымлівацца ад правядзеньня падобных мерапрыемстваў». Арганізатары «Рок-Кола-2007»: «Мы будзем праводзіць фэстываль. Няхай сабе па-за межамі Беларусі».

Рок-Кола-2007Тое, што ў арганізатараў «Рок-Кола» могуць паўстаць праблемы стала зразумела на другі дзень апошняга фэстывалю. Пасьля першага дня на будынку гарвыканкаму, на аўтобусе беларускага тэлебачаньня, якое працавала ў горадзе на іншай імпрэзе, і на некалькіх дамах Полацку зьявіліся надпісы кшталту «Жыве Беларусь!», а на адным з будынкаў у цэнтры гораду ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Дырэктар і заснавальнік фэстывалю «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка ў інтэрвію ТГ кажа: «Я хачу сказаць гэтым хлапчукам, што тое зрабілі: гэта ня мэтады сёньня, мы перакрэсьлілі ўсю 17-гадовую гісторыю „Рок-Кола“. Я не зважаю на свае погляды, але заўжды кажу: ня трэба блытаць палітыку і музыку!»

У выніку празь некалькі дзён пасьля фэстывалю адбылося паседжаньне ў мясцовым гарвыканкаме з удзелам прадстаўнікоў спэцслужбаў. Негледзячы на тое, што гарадзкія ўлады заўжды падтрымлівалі правядзеньне гэтага фэстывалю, вэрдыкт быў такі: «Прыпыніць дзейнасьць рок-фэстывалю ў Полацку. Адзначыць незадавальняючую падрыхтоўку фэстывалю беларускай музыкі 26-27 кастрычніка і лічыць нямэтазгодным правядзеньне фэстывалю „Рок-Кола“, бо яно не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю. Рэкамэндаваць адказным асобам, што адказваюць за духоўнае выхаваньне моладзі ўстрымлівацца ад правядзеньня падобных мерапрыемстваў».

Гэтае рашэньне Сяргей Анішчнака ня можа камэнтаваць: «Мы ўсяго тры гады праводзілі фэстываль у Полацку, дагэтуль ён заўжды праходзіў у Наваполацку. Людзі і так дзівіліся, чаму нам гэта ўдавалася. Мы намагаліся гэта рабіць, як мага лепей і, здаецца, знаходзілі станоўчы водгук. Тое, што адбылося зараз – не магу камэнтаваць. Мяркую, што цяпер мне не дадуць тут нічога рабіць, ды я і сам ня буду. Навошта, калі так…»

Між тым, «Рок-Кола» хочуць бачыць у Смаленску. Зацікаўленасьць фэстывалем выказаў нават мэр гораду. У бліжэйшы час прадстаўнікі дырэкцыі беларускага фэстывалю маюць выехаць у Расею на перамовы. Прадусар «Рок-Кола» Аляксандар Рагачоў упэўнены: «Рок-Кола мае быць. Ня будзе ў Полацку, будзе недзе па-за межамі краіны. У Смаленску нас чакаюць. Шкада толькі, што Беларусь пазбавіцца адзінага рок-фэсту з такой багатай гісторыяй».

Сяргей Анішчанка з гэтай нагоды толькі з сумам дадае: «Не далі няпоўнагадоваму дзіцёнку дажыць да 18 год».

P.S. У ТГ ёсьць інфармацыя, што падзеі вакол «Рок-Кола» могуць быць зьвязаныя з прызначэньнем у Полацак новага старшыні мясцовай філіі КГБ. Менавіта ён заступіў на сваю пасаду якраз пасьля фэстывалю і нібы выказаў незадаволенасьць з нагоды правядзеньня. Назад у Наваполацак фэстываль таксама наўрад ці можа вярнуцца, бо там таксама на днях адбыліся зьмены ў гарадзкім кіраўніцтве. Ёсьць яшчэ шэраг прычынаў, якія пакуль мы ня можам назваць. ТГ будзе сачыць за гэтымі падзеямі.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Фота: Алена Скарабагатава


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net