|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Што рабіць з 75%? | 21.11.2007 | ТГ пабываў днямі ў рэдакцыі газэты «СБ. Беларусь сегодня», дзе адбылася незвычайная прэс-канфэрэнцыя. Сабраўся гурток неабыякавых людзей, які са смакам падыскутаваў на ўсеахопную і няшчасную тэму «Сучасная музычная індустрыя. Спосабы выжываньня». Сярод удзельнікаў - з аднаго боку, вельмі розныя па поглядах людзі і, з другога, розныя па стылях выканаўцы: Аляксей Набееў, Аляксандра Гайдук, Піт Паўлаў, Віталь Артыст, Атмараві, Руся. А таксама проста неабходныя і дасьведчаныя ў музычным шоў-бізнэсе людзі: Аляксандра Рогач - піяр-мэнэджэр, Андрэй Шэлест - юрыст па ахове аўтарскіх правоў, Ірына Львова - намесьнік галоўнага рэдактара «Аўтарадыё». Каардынавала дыскусыю намесьнік рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» Ганна Шадрына. Да якой высновы ў рэшты рэшт прыйшлі? Галоўная: «круглыя сталы» рабіць трэба і сустракацца, пажадана, больш пашыраным складам. Усе пагадзіліся з тым, што тое, што мы маем гонар чуць у радыёэтэры – ёсьць вынік асабістага ўспрыманьня музыкі музычным рэдактарам, вынік яго асабістага музычнага густа. Піт Паўлаў, у прыватнасьці, выказаўся: «Кожны музычны рэдактар кажа: „Я стаўлю ў этэр поўнае гаўно! Я гэтую ўсю музыку проста ненавіджу!“. І разам з тым – працягвае ставіць менавіта гэтую музыку! І забываецца на тое, што адзін зь яго галоўных абавязкаў – гэта спачатку адслухаць, адабраць лепшае, а потым ужо ставіць у этэр». Атрымліваецца, што музычныя рэдактары (з-за дзяржаўнай квоты ці проста нейкай прысычанасьці?) разбэсьціліся… «Таму, - падтрымлівае думку Аляксандра Рогач, - усе радыёстанцыі проста заблыталіся! Існуюць нейкія штампы, вакол якіх усё круціцца, у выніку чаго мы ўсе слухаем адну бясконцую, зацягнутую песьню». Дыскусыя ўзяла накірунак ў пошукі выйсьця: як пераламаць гэтае меркаваньне і паказаць, што ёсьць іншая музыка? Калі размова зайшла пра гаротную квоту для беларускіх выканаўцаў, погляды разышліся. Аляксей Набееў, лідэр гурта Аtlantica, сьцьвярджаў, што квота, калі і павінна быць, дык значна меншай, чымсьці зараз. Сьпявачка Аляксандра Гайдук не пагадзілася, і заўважыла, што бачыць у існуючай квоце сродак падтрымкі беларускай музыкі.«Усё проста, - хвацка кажа Атмараві. - Пакуль акцэнт будзе рабіцца не на самім прадукце, а на асобе выканаўцы (яго якасьцях, пэўных поглядах) - мы будзем мець тое, што маем: карпаратывы як адзіны спосаб зарабіць грошы на музыцы. Прадукт, у сваю чаргу, павінен мець магчымасьць быць дасягальным па ўсёй краіне ў адзін і той жа час. Павінна быць добрая дыстрыбуцыя, рэкляма ў лякальнай прэсе, радыё і на тэлебачаньні (агульнанацыяльным таксама). Каб лякальны беларускі прадукт меў шанец на рынку - неабходна зьнічтожыць пірацкую дзейнасьць. Потым адразу трэба паспрабаваць арганізаваць агульгарэспубліканскія туры актуальных артыстаў. Такім чынам - ствараем дзеля выканаўцаў сытуацыю канкрэтнага вопыту і магчымасьць зарабіць на продажы дыскаў. І некаторыя ідэі, як усё гэта зрабіць, ужо ёсьць», - з загадкавай усьмешкай падагульняе ляўрэат «Рок-каранацыі 2006». Зрэшты, дагэтуль ня вельмі зразумела: ці то піратаў біць, ці то з плякатамі «далоў музычных рэдактараў!» на лесьвіцы офісаў радыё шыбаваць… Усяго было выказана столькі цікавых думак, што нешта агульнае, выратавальнае атрымацца а прыоры не магло. Але, разам з тым, дыскусыя атрымалася прыемнай на ўсіх узроўнях. «Мне было вельмі прыемна ўдзельнічаць у абмеркаваньні, - адзначае рок-князёўна, лідэрка гурта Indiga, Руся. - Таму што было як ніколі радасна бачыць лягеры двух супернікаў „поп - рок“ у адным месцы і ў полі адной проблемы». «Дарэчы, пасьля „круглага стала“ некаторыя артысты проста зьліліся ў творчым экстазе, - усьміхаецца Руся. - Вось мы з Атмараві, да прыкладу». «На будучыя „сталы“ абавязкова будуць запрашацца музычныя рэдактары, прадстаўнікі праграмных дырэктараў радыёстанцыяў, а таксама прадстаўнікі міністэрства культуры, - сур'ёзна настроена Аляксандра Рогач. - Мы плянуем скласьці агульны ліст па выніках усіх паседжаньняў. У лісьце будуць выкладзеныя пэўныя заўвагі і пажаданьні. Плянуем дасягнуць таго, каб нашыя пачынаньні былі падтрыманыя і на дзяржаўным узроўні». Марыя Грудзько, ТГ угару - up |
|
|