.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Пачалося?
| 03.12.2007 |

Навіны апошніх дзён: аўтограф-сэсія Neuro Dubel у самай буйной дыскарні Менску, вялікія канцэрты «Крамбамбулі» і праекту «Народны альбом». Як стала вядома ТГ – гэта далёка ня ўсё: Зьмітра Вайцюшкевіча запрасілі да ўдзелу ў навагоднім праекце тэлеканалу ОНТ, гурт «Палац» трапіў у лік 15-ці прэтэндэнтаў на адборачны тур да «Эўравізіі-2008», а разам з тым Neuro Dubel з «Палацам» рыхтуюцца да вялікага канцэрту ў сакавіку, які пройдзе ў Палацы рэспублікі.

ПалацНавіна з прэтэнзіяй на сэнсацыю, гэта тое, што гурт «Палац» трапіў у 15 прэтэндэнтаў на адборачны тур да «Эўравізіі-2008». Усяго на конкурс было пададзена 60 заяваў. 27 лістапада ўсе тэрміны выйшлі і журы на чале з Аляксандрам Ціхановічам адабрала 15 самых годных песень, якія адпавядаюць усім патрабаваньням. «Палац» адмыслова для «Эўравізіі» падрыхтаваў песьню «Кола грукатала». У гэтую пятніцу мае адбыцца арганізацыйная сустрэча, на якой будуць абмеркаваныя ўсе акалічнасьці адборачнага канцэрта, які заплянаваны на студзень 2008 году. Арганізатарам адборачнага туру, які завецца нацыянальны тэлевізыйны музычны праект «Эўрафэст», а арганізатарам яго зьяўляецца Дзяржтэлерадыёкампанія Беларусі.

Тым часам яшчэ аднаго паўапальнага беларускамоўнага выканаўцу - Зьмітра Вайцюшкевіча – запрасілі да ўдзелу ў навагоднім тэлепраекце тэлеканалу ОНТ. «Мне прапанавалі выканаць песьню „Бывайце здаровы“ і яшчэ адну. Я пагадзіўся папярэдне. Чакаю, што будзе далей», - паведаміў ТГ сьпявак.

І яшчэ адна навіна – у сакавіку ў Палацы рэспублікі плянуецца вялікі канцэрт з удзелам гуртоў Neuro Dubel і «Палац». Апошні раз Аляксандар Кульлінковіч і Алег Хаменка выступалі на адной з самых буйных канцэртных пляцовак сталіцы роўна тры гады таму – 12 сьнежня 2004 году ў межах сьвяткаваньня гадавіны «Тузіна Гітоў». Плянуецца, што сакавіцкі канцэрт будзе дабрачынны, мэта яго – аказаць дапамогу дзецям-інвалідам. «Я бы ня зьвязваў дадзенае запрашэньне з нашым візытам у адміністрацыю прэзыдэнта», - сказаў ТГ лідэр «Палацу» Алег Хаменка.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Фота: Jamstudio


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net