.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Рэвалюцыя Вайцюшкевіча
| 04.12.2007 |

ТГ наведаў прэзэнтацыю дзясятай кружэлкі Зьмітра Вайцюшкевіча «Лірыка» на словы выдатнага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна. Альбом быў заяўлены як рокавы. І Зьміцер хваляваўся за тое, ці ўспрымуць рэвалюцыйныя зьмены ў яго творчасьці даўнія аматары і сябры. «Я — рооокер!», - часам па-над заляю ўзьлятаў крык апантанага сьпевака.

Зьміцер ВайцюшкевічПерад выступам Зьміцер хваляваўся за тое, ці ўспрымуць рэвалюцыйныя зьмены ў яго творчасьці даўнія аматары і сябры. Асабліва, калі ўлічыць, што наскрозь традыцыйныя тэксты Бураўкіна было як мінімум цяжка ўявіць у рызыкоўна прапаванай сьпеваком манеры выкананьня.

Але пераход выканаўцы да рокавай эстэтыкі быў прыязна спатканы яго прыхільнікамі: і маладзёнамі, і сталымі мужчынамі, і «панямі трошкі ў гадах»… Бадай, упершыню за доўгі час, публіка кінулася на танцпляц, бо сама музыка вымагала поўнага энэргетычнага абмену ды руху. Экспромтны хор дзяўчат так чыста ды ўдала выводзіў мэлёдыі, падпяваючы Зьмітру, што ён нават выказаў пажаданьне дадаткова падзапісаць «хор» да песьняў у студыі, ад чаго, па яго меркаваньні, кампазыцыі толькі набудуць у размаху ды гучаньні.

Выканаўца крыху перажываў адмоўныя водгукі ды рэакцыі на яго новы музычны імідж, таму на працягу ўсяго выступу апэляваў да вядомага беларускага музычнага крытыка Зьмітра Падбярэзскага, ад якога атрымаў адмоўную рэцэнзію на свой экспэрымэнт акурат незадоўга да прэзэнтацыі.

Першая частка канцэрту — непасрэдна прадстаўленьне новага альбома, у які збольшага ўвайшлі малавядомыя вершы Бураўкіна. Вайцюшкевіч распачаў яе разам з аўтарам тэкстаў, які ў сваю чаргу зачытаў верш, што вельмі незвычайна слухаўся ў клюбнай прасторы. Але спадар Генадзь знайшоў патрэбныя словы і ў такой нязвыклай для яго атмасфэры.

Але ў выніку Вайцюшкевіч не дарэшты адышоў ад сябе, прасьпяваўшы некалькі песень зь «Лірыкі», якія цалкам адпавядалі яго ранейшай шансонна-эстраднай манеры, якой перадусім ён і зваяваў сваю аўдыторыю. Але часам па-над заляю ўзьлятаў крык апантанага сьпевака: «Я — рооокер!».

Гісторыя кружэлкі распачалася зь песьні «Капае дождж», якую Тодар напісаў адмыслова да юбілею Генадзя Бураўкіна і скончылася песьняю «Ноч пад Новы год», словы адмыслова да якой напісаў ужо сам паэт. Назва альбому «Лірыка» натуральна паходзіць ад жанравых прыхільнасьцяў, якіх на працягу апошняга часу прытрымліваўся Генадзь Мікалаевіч — ён чыстай вады лірык, нездарма апошнія яго кнігі маюць адпаведныя назвы: «Чытаю тайнапіс вачэй» і «Жураўліная пара».

У другой частцы імпрэзы прагучалі песьні на словы тых беларускіх аўтараў, якія прыйшлі на прэзэнтацыю, каб падтрымаць свайго сутворцу — у залі былі заўважаныя Ўладзімер Някляеў («Танга з ружай») і Алесь Камоцкі («Паравіны году»), а таксама прагучалі творы на словы Маякоўскага і традыцыйныя кампазыцыі «Бывайце здаровы» і «Я нарадзіўся тут», якія сьпявала ўся зала стоячы.

Гледзячы на рэакцыю прысутных, можна меркаваць, што песьні знайшлі сваіх слухачоў і рэвалюцыя Вайцюшкевіча прайшла ўдала і амаль без эксцэсаў.

Наступны вялікі канцэрт выканаўцы адбудзецца на Каляды 7 студзеня ў КЗ «Мінск».

Тарас Трызна, для ТГ

Фота: А.Мінчонак


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net