|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
Калядны фэст | 10.12.2007 | 25 сьнежня ў клюбе Step – вялікі фольк-карнавал. Штогадовы фольк-фэст на Каляды на задуму яго прадусара Зьмітра Сасноўскага мае аб'яднаць гурты абсалютна розных стыляў - ад фолька да рок-мэдываля. Сёлета ў ім возьмуць удзел ажно 12 выканаўцаў. «Паколькі Каляды – старажытны абрадавы карнавал, то падчас фэсту вітаецца выкарыстаньне масак, пераапрананьне і эксцэнтрычныя паводзіны», - кажуць арганізатары. Паводле паданьняў, менавіта 25 сьнежня назіраецца найбольшая дэструкцыя касьмічнага парадку – вяртаецца хаос. Перамагчы хаос можна, калі выканаць абрад ваджэньня казы, вырабіць дуду і зайграць на ёй! Праграма імпрэзы 25 сьнежня будзе сапраўды вельмі насычанай.«Старога Ольсу» можна з пэўнасьцю назваць хэдлайнэрам Каляднага фэсту. Музыкі займаюцца рэканструкцыяй музычных традыцыяў Вялікага княства Літоўскага і для выкананьня выкарыстоўваюць максымальна дакладныя (па канструкцыі і тэхналёгіі) копіі старажытных беларускіх інструмэнтаў. «Мы зладзім сапраўднае шоў», - абяцае лідэр «Старога Ольсы» Зьміцер Сасноўскі. У межах фэсту гурт Testamentum Terrae мае прэзэнтаваць рэшту з сваёй новай праграмы «Слаўны паніч». Музыкі выкарыстоўваюць копіі інструмэнтаў XV-XVІІІ стагодзьдзяў: беларускія дуды, лютню, шалмеі, жалейкі, скрыпку, бубны, барабаны і іншыя. Выступ гурта «Ліцьвінскі Хмель» мае засьведчыць, што сярэднявечная музыка ня проста старонка нотнай гісторыі, але пры трапным выкарыстаньні старадаўніх інструмэнтаў можа быць дастаткова драйвовай весялосьцю. «ЛітвінТроль» – гурт, які выкарыстоўвае традыцыйныя беларускія дуды, цыстру і флейту ў спалучэньні з рокавымі аранжыроўкамі. Іх тэксты ствараюць арыгінальныя міталягічныя вобразы «старадаўняй Крывіцкай зямлі», пры гэтым музычны скаладнік ахоплівае самыя разнастайныя стылі ад мэтал-фолька да хард-кора. «Келіх кола» – гурт народных беларускіх і латыскіх танцаў, якія выконваюцца на такіх інструмэнтах як гусьлі розных тыпаў, беларускія дуды, бубен, флейта і акардэён. Дуэт Натальлі і Дзяніса Сухіх выконваюць максымальна набліжаныя да аўтэнтычнага выкананьня народныя песьні ў суправаджэньні традыцыйнай беларускай дуды. Тодара Кашкурэвіча лішне прадстаўляць. Ён майстар, этнограф і выканаўца на традыцыйнай ліцьвінскай дудзе. Дасьледуе традыцыю дуды на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Аднаўляе традыцыйную манеру выкананьня і традыцыйны дударскі рэпэртуар нашых земляў. «Гальярда» – гурт, значную частку рэпэртуару якога складаюць старадаўнія брэтонскія танцы. Але музыкі не абыходзяць увагай і Радзіму – творы з так званага «Полацкага сшытка», а таксама ўласныя стылізацыі народных песьняў. «Рада» – малады гурт беларускай народнай музыкі на чале з Натальля Матыліцкай, які ставіць мэту папулярызацыі народнай вакальнай і інструмэнтальнай культуры. «Гістрыён» – танцавальны гурт, які займаецца аднаўленьнем народных (беларускіх, латыскіх, літоўскіх і іншых) і прыдворных эўрапейскіх танцаў Сярэднявечча і Рэнэсанса. Адметнасьцю творчасьці гурта зьяўляецца спалучэньне танцавальных і агнёвых пастановак з тэатральнымі мініяцюрамі. Да ўсяго гурт зьяўляецца ўдзельнікам Міжнарожнай асацыяцыі гістарычнага танца. «Яварына» – тэатар старадаўняй культуры, у рэпэртуары якога народныя, гарадзкія, прыдворныя танцы беларускага і эўрапейскага Сярэднявечча і Рэнэсанса, а таксама вогненая імпрэза, сцэнічны бой, праца зь піратэхнікай і арабскі танец. У склад тэатра ўваходзяць музыкі, якія выкарыстоўваюць дуды, жалейкі, шалмеі, флейты, цыстру і барабаны. «СтараЛітва» – гурт, які стварыў музыка і паэт пан Скіргайла Паланецкі для прэзэнтацыі даўніх ліцьвінскіх традыцыяў. Выступы гурта пераўтвараюцца ў музычна-паэтычныя пэрфомансы, дзе гучаць вершы на старабеларускай мове ў суправаджэньні дуды. Паводле перакананьня пана Паланецкага, кожная п'еса гурта «СтараЛітва» напісана пры вялікім удзеле падсвядомасьці. ТГ Фота: Анатоль Мяльгуй угару - up |
|
|