|
| |||||
|
![]() | ||||
|
чырвона-банэрная рэкляма:
J:морс - Адлегласьць | 11.12.2007 | Сяргей Балахонаў аналізуе першы беларускамоўны дыск J:морс – «Адлегласьць»: «У песьнях новага альбома J:морс дыктуе адпаведную настраёвую зададзенасьць. Нельга сказаць, што гэта татальная журба ці паўнюткая дэпрэсія. Мне падаецца, што лепшым азначэньнем тут будзе словаспалучэньне шчымлівы сум, але з агаворкаю на самаіронію. Бо акурат самаіронія, нібыта вострая небясьпечная брытва, карэктуе лішкі папсовага патасу». Насустрач лявінеГэта мабыць першая кружэлка групы J:морс, якая так хутка апынулася ў маіх руках. 20 лістапада – у дзень афіцыйнага выйсьця – альбом зьявіўся ў Менску, а ўжо праз тры дні я меў магчмасьць набыць яго ў Гомелі. Зайздросная апэратыўнасьць, нічога ня скажаш. І рэклямная кампанія, што папярэднічала рэлізу, уражвае ня менш. Калі азірнуцца назад і прасачыць яе ад самага пачатку, то можна ўбачыць, што яна была збудавана паводле прынцыпу сьнежнага кому: ад прэм'еры песьні «Беларускае золата» на «Pre-Party MTV RMA 2007» да выданьня ненумарнога альбома «Адлегласьць» у суправодзе шматлікіх інтэрвію лідэра групы Ўладзімера Пугача розным выданьням і дабіўным цьвіком у выглядзе эксклюзыўнага плэера iPod, аздобленага гравіроўкай лягатыпу J:морс. Не патрапіць пад выніковую лявіну мог толькі той гарадзкі беларус сярэдняга веку, які цікавіцца адно фрэзіровачнымі станкамі, віном ружовым моцным ардынарным і праграмай «Субботний вечер» на канале «Россия». Зрэшты, дапускаю наяўнасьць выключэньняў. Асабіста мне было прыемна засьпець у адной дыскарні тэлефонную размову прадаўца з пастаўшчыком, калі прагучэла канкрэтнае пытаньне: «Ты когда беларускамоўны диск J:морс привезёшь?» Мінус лета Адзінаццаць песьняў і адзін кароткамэтражны фільм (пра яго асобна трошкі далей) – вось зьмест дыску «Адлегласьць». Усе кампазыцыі на беларускай мове. Гэта канцэпцыя. І гэта канцэпцыя цешыць, ня гледзячы на тое, што даводзіцца мець справу з кактэйлем, які складаецца і з новых, і з раней вядомых песьняў. Слова «кактэйль» я тут ужыў па сваёй старой звычцы. Насамрэч дыск лепей параўнаць зь піцай, якую можна было б назваць «Паравіны году мінус лета». У песьнях альбома «Адлегласьць» восень зноў гайдае ліхтары, а амаль новы вязаны шаль, на жаль, зусім, ня грэе, і мы чамусьці ведаем, што хутка пойдзе сьнег. Той самы сьнег, каторы ўсьцеліць сабою гербарыі, якія вялі нас дамоў. Той самы сьнег, што пакрые сабой дахі аэрапортаў, дзе мы ні ў якім разе не павінны пакідаць сваіх сьлядоў. Той самы сьнег, што растане ўвесну, ператвараючыся ў талыя ручаі, зь якімі сплыве чыёсьці каханьне. Лета няма. Лету тут ня месца. Лету дазволена толькі паступова зыходзіць ці быць добрым успамінам у кантэксьце восеньскага паветра. Шеучда ыт Адсутнасьць лета, як і ілюзорная прысутнасьць вясны, у песьнях новага альбома J:морс дыктуе адпаведную настраёвую зададзенасьць. Нельга сказаць, што гэта татальная журба ці паўнюткая дэпрэсія. Мне падаецца, што лепшым азначэньнем тут будзе словаспалучэньне шчымлівы сум, але з агаворкаю на самаіронію. Бо акурат самаіронія, нібыта вострая небясьпечная брытва, карэктуе лішкі папсовага патасу. Хіба гэта не яна ў песьні «Беларускае золата» вырынаецца з восеньскай лістоты і жаночых валасоў? І я не адкрыў, як цяжка чакаць, Стаяць і глытаць пыл… Калі хто не зразумеў, дык акурат з гэтым глытаньнем пылу і адбываецца рэзкае заніжэньне патасу. Здагадайцеся самі чаму. «Ты адчуеш позірк на сабе», – суцяшае і абнадзейвае сьпявак лірычную гераіню песьні «Няпраўда», якая сканчаецца ні чым-небудзь, а дзіўнай на першае вуха і вытлумачальнай пры наступных прасухоўваньнях тарабаршчынай: «Шеучда ыт». Здагадайцеся самі навошта. Чым, як не самаіроніяй, ёсьць «твае дэманы» з «Зоркі Вэнэры» ці «абадраныя калені, муха на акне» з «Адлегласьці»? Хаця я падазраю, што зацятыя крытыкі творчасьці групы, паставяцца да гэтых і многіх іншых песенных фрагмэнтаў альбому вельмі просталінейна і будуць казаць пра «очиньниочинь». Маюць права мець іншую праўду. Моўная гульня Стварыўшы беларускамоўную праграму, J:морс падараваў і рэальнаму, і патэнцыйнаму слухачу магчымасьць засвоіць ці актуалізаваць шэраг цікавых лексычных адзінак. Я думаю, што мала хто з расейскамоўных прыхільнікаў групы ведаў значэньне слова «зрэшты», якое сталася безумоўнай фішкай беларускай вэрсіі песьні «Маё сонца». Але я ўпэўнены, што цяпер яно будзе часьцяком усплываць у гаворцы морсаманаў. Тэксты песень будуць, а некаторыя ўжо зараз, расьцягнутыя на цытаты. Як на мой розум, зусім някепска, калі некалькі тысячаў прыхільнікаў творчасьці J:морс, займеюць у сваім слоўнікавым багажу дзясятак трапных беларускіх выразаў пад розныя жыцьцёвыя сытуацыі. Вось некаторыя зь іх, найбольш упадабаныя мною: - Прабач, каханая, наўрад ці я змагу цябе здзівіць («Маё сонца»). - Цяжка чакаць, стаяць і глытаць пыл («Беларускае золата»). - Хто яны твае дэманы? («Зорка Вэнэра»). - Жыві і ня ведай, мне так будзе лягчэй трываць («Жыві»). - Азірніся навокал паветра ня тое («Паветра»). - Гэта няпраўда – усё, што навокал, праўда толькі ўнутры («Няпраўда»). - Нерухомая ў шпаркай хадзе («Глядзі»). - Асьцярожна ужываеш запазычаныя словы («Так-цік-так»). - Гэты горад мае тысячы прычын пераблытаць карты ў тваім лёсе («Горад»). - Ты адзін на авансцэне ў незнаёмым шоў («Адлегласьць»). Цікава, што нават народная песьня «Вярба» загучэла ў выкананьні Ўладзімера Пугача зусім адмыслова і прывабна. Ня менш цікава было б даведацца, чаму акурат гэты брыльянт беларускага фальклёру выбраны для альбома. Заўважыць мінуўшчыну Прысутны на дыску фільм уражвае сваёй ідэяй. Жыхары сталіцы (мы іх ня бачым, але здагадваемся, што гэта музыкі J:морс) сядаюць на аўто і чатыры разы імчаць зь Менску/Мінску на чатыры кірунку сьвету. І шторазу яны вандруюць на скрай Беларусі, здымаючы выбітныя, але малазнаёмыя нашаму грамадзтву, помнікі страсьвеччыны. Гэта пераважна культавыя пабудовы розных канфэсіяў, а дакладней тое, што ад іх засталося ў змаганьні зь віхурай часу. Рэзкія восеньскія фарбы. Аблокі, што шпарка лятуць у сьвінцовым небе. Несьціханы вецер. Пэйзажы, якія ўзрушваюць і схіляюць да роздуму. Глядач знаёміцца толькі з дванаццацьцю помнікамі архітэктуры, якія знаходзяцца на мяжы нашай краіны. А іх, гэтых помнікаў, насамрэч амаль тысяча, і бальшыня зь іх месьціцца значна бліжэй да сталіцы. Трэба іх толькі заўважыць. Такім выніковым пасланьнем агаломшваюць аўтары фільма, і зь імі цяжка не пагадзіцца. Многім з нас у пагоні за лепшымі ўмовамі продажу сваёй душы бывае цяжка ды нават немагчыма зразумець, якія скарбы маюцца зусім побач. Многія з нас згубілі зрок і розум ад зьзяньня крамлёўскіх зорак ці агнёў нью-ёркскіх храмачосаў. А наша беларускае золата мадзее ў паўзабыцьці. Час вяртацца дамоў. Нават, калі шлях будзе ісьці па лязу небясьпечнае брытвы. J:морс. Адлегласьць. West Records, 2007 Cяргей Балахонаў, balachonau.puls.by угару - up |
|
|