.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Федзя. Ліст з калёніі.
| 13.12.2007 |

«Магчыма, мой вобраз жыцьця ня вельмі вам спадабаецца, аднак гэта тая сытуацыя, дзе вы можаце пазнаёміцца з „андэграўндам“ у літаральным сэнсе. У зоне складана ня толькі асуджаным. Тыя, хто тут працуе, таксама адчуваюць на сабе цяжар… Наогул, зьбіраць у адным месцы такую колькасьць злачынцаў і няўгодных ня надта разумны ход, гэта памылка ўсяго чалавецтва, а не канкрэтнай краіны. Зона – гэта бясплатны ўнівэрсытэт, дзе можна прафэсійна парушаць закон».

Фёдар ЖывалеўскіВакаліст гурта «Голая Манашка» Фёдар Жывалеўскі – асоба ў беларускім року ўнікальная. Бо яго можна назваць сапраўдным рокерам у тым самым аўтэнтычным разуменьні «сэкс, драгс і рок-н-рол». Надта ўжо «правільныя» іншыя прадстаўнікі нашае сцэны – ніхто не трапляецца на наркотыках і не ідзе на ўчынкі ў стылю Гэлахераў ці Дагерці. Ціха і спакойна ў нас тут. Толькі вось раз-пораз такія людзі, як Федзя гэты спакой парушаюць. І не сыходзіць бы лідэру ГМ зь першых палосаў таблёідаў у якой іншай краіне, калі бы гэта была іншая краіна… Але ж беларускі рокер трапіў за краты – і мала каго хвалюе яго лёс. Чаго трапіў, ці зламілі краты яго волю, як ён глядзіць на тое, што адбываецца наўкол. Гэтыя ды іншыя пытаньні ад ТГ ягоныя сябры перадалі Федзю ў калёнію.

Сяргей Будкін

Прывітаньне!
Пачну з таго, што сёньня я вызначыўся са сваім адрасам. Толькі прыбыў з Рэспубліканскай больніцы, дзе вырашаў пытаньне са сваім 106 арт. УК аб паменшанай «вменяемости», які мне далі ў псыхіятрычнай экспэртызе. Увосень 2006 году я трапіў на хімію па 205 ч.2, потым адтуль на новы год зьбег, за што атрымаў 1 год і 2 месяцы агульнага рэжыму плюс 73 артыкул, восеньню гэтага году судзілі па 380 ч.2 за падробку дакумэнтаў і пакінулі той жа тэрмін.

Ня вельмі хачу ўдавацца ў падрабязнасьці, злачынствы гэтыя я сапраўды зрабіў. Іншае пытаньне чаму я так лёгка трапіў у рукі правасудзьдзя… Прызнаюся, мінулы год быў вельмі цяжкі, асабліва вясновыя падзеі. Усё гэта плюс некаторыя асабістыя абставіны вельмі мяне ўсхвалявалі і ўзрушылі псыхіку. За немагчымасьцю наладзіць кантакт з больш-менш адэкватнымі людзьмі я варыўся ў спэцыфічным асяродку.

Магчыма, мой вобраз жыцьця ня вельмі вам спадабаецца, аднак гэта тая сытуацыя, дзе вы можаце пазнаёміцца з «андэграўндам» у літаральным сэнсе. Мае прыгоды – гэта стандартна для сярэднестатыстычнага юнака, які раптам апынуўся на вуліцы. Многія свае крокі магу нават патлумачыць як дасьледчыя экспэрымэнты.

Мне заўсёды было цікава, каб беларускую музыку слухала ня толькі апазыцыя, у склад якой я не ўваходжу, а таксама пэўным чынам не абазнаныя ў такіх пытаньнях людзі. Многія тэмы я пісаў для тых сваіх знаёмых, якія ненавідзяць беларускую мову. Цяпер фанаграмы ГМ слухаюць нават «пацаны» і гэта несумненна прагрэс.

Тое пакаленьне, якое з патрыятызмам мае шчыльныя стасункі ўжо шмат год, не жадае разумець сучасную разгубленую моладзь. Іх жыцьцёвыя праблемы, якія запаланяюць літаральна ўсё, расцэньваюцца як дробязныя клопаты быдла. Мне крыўдна і ў той жа час я разумею, што нічога не магу змяніць.

На вашае пытаньне аб маім стаўленьні да таго, што адбываецца ў сфэры палітыкі, я адказваць ня буду, таму што нават не магу дакладна сказаць падабаецца мне тое ці не. Адно магу сказаць дакладна, што ўсё так, як яно павінна быць. Інакш – толькі горш, на ўсё нечалавечая воля. Мы ж павінныя быць чалавекамі.

Тут, ва ўмовах абмежаваных, сабраныя людзі з усёй Беларусі, таму добра можна разгледзіць усе асаблівасьці нацыянальнага характару і асабліва кантрасты. Датычна апошняга – асобная тэма для роздуму, вельмі складана зразумець адразу чым дыхае чалавек.

На зоне большасьць зьвяртаецца да хамскай манеры паводзінаў, каб абараняцца ад таго ж самага хамства. Ня тое, каб я думаў быццам у нас хамская нацыя, але ж не сакрэт, што неразьвітая.

Гэта асабістыя ўражаньні ад таго што мне прыйдзецца бачыць яшчэ месяцаў пяць. На гэтай глебе я перажываю моцную дэпрэсію, якая перарастае ў апатыю.

Вельмі раю азнаёміцца з апошняй маёй творчасьцю, калі вас цікавіць мая пазіцыя і погляд на будучыню. А менавіта зь літаратурнай працай «Летуценьнікі» (пакуль толькі на расейскай мове). Цераз альтэрнатыўную прозу я спрабую давесьці да прыхільнікаў маёй творчасьці тое, што не магу напісаць звычайным тэкстам. Прасьцей было б апісваць тое, што адбываецца, але гэта забаронена. Я не іду з начальствам на канфлікт не таму, што баюся, а таму, што не лічу гэта правільным як у стратэгічным сэнсе, так і з маральнага боку.

У зоне складана ня толькі асуджаным. Тыя, хто тут працуе, таксама адчуваюць на сабе цяжар… Наогул, зьбіраць у адным месцы такую колькасьць злачынцаў і няўгодных ня надта разумны ход, гэта памылка ўсяго чалавецтва, а не канкрэтнай краіны.

Зона – гэта бясплатны ўнівэрсытэт, дзе можна прафэсійна парушаць закон. Такія абставіны зьяўляюцца галоўнай прычынай таго, што многія з тых, хто аднойчы трапіў, трапляюць ізноў. У нашай жа краіне не застрахаваны ніхто.

Зьвяртаю ўвагу на тых людзей, якія займаюцца тут творчасьцю. Зьняволены мастак нярэдка зьвяртаецца да аналізу таго, што застаецца ў памяці са свабоды, і амаль што кожны прыходзіць да клясычных варыянтаў. Такія ўмовы не дазваляюць разьвівацца ў іншым накірунку. Мне было вельмі прыемна сустрэць у калёніі людзей, якія прафэсійна займаюцца музыкай. У бліжэйшы час я пляную наведаць мясцовы клюб, дзе ёсьць нядрэнны рок-калектыў, з запісамі якого я ўжо пасьпеў азнаёміцца. Магчыма мне ўдасца разьмяцца перад актыўнай дзейнасьцю на свабодзе. У творчыя пляны ўваходзіць запіс некаторых песень і прэзэнтацыя іх разам з новым іміджам, над якім мне дапамагае працаваць чалавек, імя якога раней не фігуравала ў творчым калектыве ГМ.

Такім чынам мая адседка не праходзіць для праекта як «мёртвы сэзон». На сёньняшні дзень, акрамя музыкаў, якія адпачываюць ад канцэртаў, над ГМ працуюць яшчэ некалькі ініцыятыўных асоб, зацікаўленых у разьвіцьці гэтай тэмы.

ГМ – праект па-ранейшаму альтэрнатыўны і дастаткова незалежны. Да выхаду афіцыйнага дыску на БМА, фанаграмы распаўсюджваліся ў D.I.Y. варыянце і па Інтэрнэце. Гэта адлюстроўвае нашае стаўленьне да таго, што адбываецца сёньня ў сфэры музыкі. Многія беларускія выканаўцы прагінаюцца пад арганізацыі і займаюцца фігнёй, а ня творчасьцю, і гэта абламвае ўсю карціну. Сапраўдная музыка апынулася пад зямлёй і выходзіць адтуль не спяшаецца :)

Па-арыштанцку шчыра з павагай. Фёдар.

Апавяданьне «Летуценьнікі». (pdf-файл)

Афіцыйны сайт гурта «Голая Манашка»

Песьня «Голай Манашкі» – «Свабода» – возьме ўдзел у першым туры ў 2008 годзе на ТГ.

Фота: goman.iatp.by


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net