.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Зьміцер Дзямідаў пра пераможцу туру: «Гэта сьцёб ці недахоп фантазіі?»
| 15.12.2007 |

Экспэрт ТГ нарадзіўся 28 ліпеня 1977 году. Захапіўся музыкай яшчэ ў школе – Led Zeppelin так уразілі, што накінуўся на гітару і не выпускае яе з рук дагэтуль. Зь беларускай музыкай пазнаёміўся, калі пачуў канцэрт гурта «Крама» ў простым этэры «Праграмы А». У Політэхнічным інстытуце пачаў граць у складзе гурта «Творчы калектыў харошага чалавека», потым граў у складзе гурта «Вертикальный Взлет», а з 2002 году – у гурце Indiga. Таксама бярэ ўдзел у праекце Los Bulbos разам з Ігарам Варашкевічам. Цяпер працуе інжынэрам запісу ў новай студыі (www.super8.by). У музыцы найперш вылучае прафэсіяналізм і крэатыўнасьць, наяўнасьць почарку ў ігры і ўменьне падаць сябе.

Зьміцер ДзямідаўПрыемная і прыгожая мэлёдыя ў 5set5, пазнавальны і выразны тэмбр вакала Ілоны Карпюк. Аранжыроўка праўда перагружаная музычным тэкстам у куплетах і пуставатая ў прыпевах. З боку музыкаў мала ігры па сутнасьці, але жаданьне вылучыцца – праз край.

«Бяжы, хлопец» - беларускі рок-эвэргрын. Клясычны блюз-рок у рэчышчы Браяна Адамса з выдатным вакалам Мікалая Аруцюнава напаўняе сьвежымі фарбамі выдатную песьню, якая з кожным новым запісам гучыць усё лепей і лепей. Жывы грув, выразная і пазнавальная ігра музыкаў. Не зважаючы ўжо на паважны ўзрост песьня актуальная і слухаецца зь цікавасьцю. На мой погляд, адзіны гіт з усіх песень, прадстаўленых у гэтым туры на ТГ.

Уступны рыф у манеры Tool у песеньцы гурта Glofira спачатку заінтрыгаваў, але пасьля першага прыпеву даслухаў астатняе зь цяжкасьцю. Надрыўны вакал міма нотаў і насуперак пульсу песьні слухаецца дзіка і ненатуральна.

Песьню «Глюкаў» можна было бы назваць някепскай, каб не пануры грукат барабаннай машыны і аднайстайнасьць па дынаміцы. У такім выглядзе – крыху аднастайна і статычна.

«Ваня» ад «Яру» – этна-авангард, сьмелы і вельмі незвычайны. Навязьлівая ігра віялянчэлі, што дублюе вакал цягам усёй песьні.

А вось пераможца туру - «Підарасы» з музыкай у мяне аніяк не асацыюецца. Незразумела навошта такая колькасьць музычнага цытаваньня. Гэта сьцёб ці недахоп фантазіі?

Nevma – адна з маіх любімых маладых груп. Прыемна, што ў Магілёве зьяўляюцца такія. Асобны рэспэкт вакалісту – паболей бы такіх на нашай сцэне. Харызматычных і галасістых.

«Усе жадаюць Party!» - сэмпл-кампот і накладзены на яго бессэнсоўны тэкст. Аднак харызма Памідорава робіць з гэтай замалёўкі цалкам слухабэльны і пазытыўны дэнс.

«Калыханка» – цяжкі і змрочны гіт ад «Сьцяны». Цэльнае і масыўнае гучаньне бэнда з гітовым рыфам у прыпеве. Па матывах саўндтрэку да «Брата-2», напэўна. Мне падалася дзіўнай назва песьні – ня думаю, што пасьля такой калыханкі атрымаецца спакойна заснуць:)

«Люблю людзей» ад Tarpach слухаў адразу пасьля «Сьцяны». Спачатку падумаў, што гэта другая вэрсія «Калыханкі» – прыпеўныя рыфы практычна ідэнтычныя. Цікава, гэта значыць, што музыкі гэтых двух гуртоў слухаюць адну і тую ж музыку ці тыраць адзін у аднаго?:). Крыху заблытаная як для майго ўспрыманьня мяшанка з гітарных рыфаў зь няўцямнай мэлёдыяй без хоць якой намінкі на гітовасьць.

Крыху нечакана было пачуць ад Вайцюшкевіча такую песьню, як «Як вецер». Прыемна, што ён не спыняецца на пэўным стылі і не засьцерагаецца экспэрымэнтаў. Выдатны вакал і зладжаная ігра музыкаў.

У «Слове» ад Zatoczka – патасная пахавальная мэлёдыя ва ўступе, што разьвіваецца ў запеве і прыпеве. Не хапае сэмплаў з гарэлкай, што наліваецца ў шклянку і цяжкай мужчынскай сьлязы, што падае долу на халодную бэтонную падлогу. Гурту можна сьмела падзарабляць на ваенных пахаваньнях. Нагадвае расьпеўную песьню расейскіх жаўнераў, што страцілі баявога таварыша.

Зьміцер Дзямідаў, для ТГ


угару - up



©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net