.   about the project in English о проекте на русском o projekcie po polsku om projektet pa svenska про проект на українській
.
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Зьмітру Вайцюшкевічу - 35
| 28.07.2006 |

Зьміцер Вайцюшкевіч – чалавек незвычайны. Адзін з самых таленавітых музыкаў свайго часу, лідэр і ідэйны натхняльнік WZ-Orkiestra, харызматычны выканаўца і неверагодна абаяльны мужчына. І да Вайцюшкевіча, і да ягонай творчасьці немагчыма заставацца абыякавым. Ён нясе людзям фантастычную энэргетыку. Адзін раз патрапіўшы на яго канцэрт, цяжка сабе адмовіць у гэткім задавальненьні наступным разам.
Фэномэн такой незвычайнай прыцягальнасьці Зьмітра – асабліва для жанчын – цяжка патлумачыць. Пра Вайцюшкевіча і пішуць: “Жанчыны бачаць у ім бога, а ён закаханы ў музыку”. Магчыма, менавіта гэтая ягоная закаханасьць, яго шчырая адданасьць музыцы і прыцягвае? Сам Зьміцер кажа: “Прыцягальнасьць, мне здаецца, ёсьць там, дзе, шукаючы, знаходзяць адказы на нейкія свае патаемныя пытаньні. А я магу праз сваю музыку адказаць на некаторыя зь іх”.


Зьміцер ВайцюшкевічВось і 20-ага ліпеня аматары якаснай беларускай музыкі “ў пошуках адказаў” сабраліся ў Малай Залі КЗ “Менск”. Была і яшчэ адна прыемная нагода – штогод у гэтай залі Зьміцер сьвяткуе свой дзень народзінаў. А сёлета ў яго юбілей – 35 год. Гледзячы на людзей, што прыйшлі павіншаваць майстра, разумееш, якія ж яны ўсе розныя! Прывабныя жанчыны – “пані трошкі ў гадах” – з шыкоўнымі букетамі ў рукох і брыльянтамі ў вушах. Іх спадарожнікі – салідныя мужчыны на дарагіх аўто. Музыканты, чые твары добра знаёмы аматарам беларускай музыкі. Нефармальная моладзь, што вырасла пад “Я нарадзіўся тут”. Прывабныя дзяўчыны мадэльнай зьнешнасьці – у іх, мабыць, свой асабісты інтарэс да Тодара.

Але вось, нарэшце, пачатак. Усё чакаюць: вось зараз выйдзе Зьміцер у строі і распачне канцэрт. І раптам – гасьне сьвятло, на сцэну выбягае стройны юнак і пад музыку й успышкі лямпаў выконвае цудоўны харэаграфічны эцюд. “Файная задумка з танцорам,” – думаем мы. Запальваецца сьвятло – перад намі сам Зьміцер. “Я зь дзяцінства люблю таньчыць, - прызнаўся Тодар. – А гэты эцюд я назваў “бэльгійскія жвачкі”. Некалькі чалавек гучна засьмяяліся. “Адразу відаць “бярозаўскую дэлегацыю”, - адначыў Зьміцер. – Разумеюць, пра што я кажу”. І распавёў мілую гісторыю свайго нараджэньня. Натуральна, што ў далёкім 71-ым розныя жуйкі ды шакалядныя батончыкі былі ў жудасным дэфіцыце. Прывесьці іх можна было толькі з-за мяжы. І так атрымалася, што менавіта ў той час да Вайцюшкевічаў прыехалі пагасьціць родныя зь Бэльгіі. І прывезеныя імі бэльгійскія жуйкі сталі своеасаблівым хабарам для акушэраў і залогам пасьпяховага выніку. Такая вось сямейная легенда.

Прынамсі, акрамя “бярозаўскай дэлегацыі” – родных і блізкіх Зьмітра зь Бярозаўкі, мястэчка пад Лідай, дзе нарадзіўся і вырас музыка – былі дэлегацыі і з Нью-Ёрку, Ангельшчыны, Францыі. Была ў залі і японка Масака Тацумі, аўтарка ідэі японскага альбома Тодара. І яе – прызнаўся сам Зьміцер – ён даўна ўжо лічыць часткай сваёй вялікай і раскіданай па ўсім сьвеце сям’і.

Гэтым разам у залі сядзелі і музыканты WZ-Orkiestra, пакінуўшы Зьмітра адзін на адзін з заляй.

Першым павіншаваць Тодара выйшаў Алесь Камоцкі. Вядома, што музыкаў зьвязвае ня толькі праца над “Паравінамі году” ды іншымі музычнымі праектамі, але і моцнае сяброўства. Разам з гітарыстам Алегам Змушкам Алесь выканаў сьпеў на верш Ларысы Геніюш і прэзэнтаваў Зьмітру бутэльку каньяку са словамі “Мы з Алегам пачалі, а ты працягні”.

Увогуле на імпрэзе было шмат сюрпрызаў і прыемных падарункаў. У тым ліку – і слухачам. Адбылася прэзэнтацыя новай песьні Зьмітра “Мірныя людзі” на словы Андрэя Хадановіча. Было і некалькі песьняў на словы польскіх паэтаў. Сярод іх – ужо добравядомая заўсёднікам канцэртаў Вайцюшкевіча “Mowe do ciebe cicho”. А пасьля яшчэ адзін сюрпрыз – гэткім “раялем з кустоў” на сцэне зьявіўся саксафаніст. “Зараз будзе чыстая імправізацыя, - абвесьціў Зьміцер. – Танальнасьці ня ведае ніхто, адзін я ведаю мэлёдыю”. На працягу канцэрта раяль з кустоў выкатвалі ня раз: саксафон і клярнэт апынуліся выдатным дуэтам.

Сярод жадаючых павіншаваць Зьмітра быў і Алег Хаменка. Калі б не было гэтага чалавека, невядома, ці мелі бы мы зараз Вайцюшкевіча: менавіта з удзелу ў легендарным “Палацы” і пачалася музычная кар’ера Тодара. “Я заўсёды адчуваў пэўную адказнасьць за Дзімку, - прызнаўся Алег. – Спачатку – калі ён граў з намі, пасьля – калі працаваў у KRIWI. Зараз жа, калі я бачу наколькі прафэсыйна й якасна Зьміцер робіць сваю справу, я адчуваю неверагодны за яго гонар”. І пажартаваў яшчэ, маўляў, Баскаў адабраў у Вайцюшкевіча яго заслужаны ордэн. Калі Зьміцер папрасіў спадара Хаменку выканаць “тую, што пад раніцу”, Алег са словамі “табе, як цяжарнай жанчыне, сёньня проста немагчыма адмовіць” прасьпяваў “Ой, палын-палын”.

І, вядома ж, былі цыдулькі з пытаньнямі і пажаданьнямі. У адной зь іх была просьба: “Зьміцер, калі ласка, прасьпявайце наш гімн – “Пані трошкі ў гадах”, якую музыка з задавальненьнем і выканаў. У іншай цыдульцы – шчырае зьдзіўленьне: “Зьміцер, а на вокладцы альбома па Маякоўскаму – гэта што, Вы?!” На што Тодар пажартаваў: “Так як паздымаць Маякоўскага ў нас, на жаль, не атрымалася, прыйшлося галіцца мне”.

Зьявіўся на сцэне і Ўладзімер Някляеў. Ён прачытаў верш, прысьвечаны Ларысе Геніюш. Прынамсі, з Уладзімерам Пракопавічам яны ня толькі разам працавалі над апошнім альбомам Зьмітра – яны разам ходзяць у лазьню! Як апынулася, для іх і іншых сябраў “Клюба Аматараў Пары” гэта своеасаблівая свяшчэнная дзея: шточацьвер пасьля чатырох гадзінаў салідныя мужчыны кідаюць усе свае справы і хвошчуць адзін аднаго венікамі. У аматараў пары ёсьць нават свой гімн на словы спадара Някляева, зь якім і пазнаёміў усіх прысутных Зьміцер.

І, безумоўна, Вайцюшкевіч выканаў шмат сваіх гітоў: “Сьвята ў вёсцы” з японскага альбома, “Зоркі” на верш Рыгора Барадуліна, “Раскажы мне пра дождж” Камоцкага… Асаблівым падарункам прагучалі “Лазенкі” на верш спадара Някляева – “Адкіпела і зьбегла, як пена, адбыло, што было – перадых…” – гучала пад акампанемэнт гітары і саксафона. А выконваючы сьпеў на верш Уладзімера Караткевіча “Дзе мой край?”, Тодар раптам забыў словы. І засмуціўся: “Як жа так? Там жа далей пра жанчын – самае галоўнае!” Пасьля ўзгадаў: “Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, а дзяўчаты, як дождж залаты…”

Імпрэза працягвалася. Цудоўным падарункам стаўся і выступ Сяргея Пукста – унікальнага выканаўца ў беларускай музыцы.

На сцэну выйшаў і дырэктар “Віртуёзаў сцэны” Уладзімір Ушакоў. Ён уручыў Зьмітру прэмію і назваў яго “гонарам беларускай музыкі”. Але гэтага яму падалося мала і са словамі “Я пракланяюся перад тваім талентам” спадар Ушакоў бухуўся на калені. У знак павагі і салідарнасьці зь ім побач бухнуўся і Зьміцер.

Прынамсі, сьцёбаў на сцэне было нямала. Аляксандар Памідораў распавёў байку пра тое, як неяк яны са Зьмітром сустрэліся ў Беластоку: кульгавыя абодва, з галёнымі патыліцамі - яны апынуліся найзвычай каларытнай парачкай. Потым спадар Памідораў прасьпяваў адну са сваіх песьняў, а пасьля ласкава назваў Зьмітра “сонейкам сёньняшняга дня”.

Напрыканцы Зьміцер сказаў: “Я вельмі ўдзячны вам за тое, што ўжо трэці год вы ў гэты дзень разам са мной, Бярозаўкай і Нёманам!” Тодар скончыў імпрэзу неўміручым “Нёманам” і традыцыйным “Бывайце здаровы, жывіце багата!”. І запрасіў усіх на свой чарговы канцэрт, што мусіць адбыцца – увага! – ужо ў верасьні.

Кася Сарокіна, "Тузін Гітоў"

Фота: Воля Кузьміч, studenty.by


угару - up



©  Менск
2003-2010
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net

Рэкляма: