. .
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Basowiszcza 2008
фэстываль музыкі маладой Беларусі

Глюкі
Магілёў

Глюкі Дакладная дата народзінаў гурта «Глюкі» невядомая. Першая згадка ў летапісах прыходзіцца на 1998 год па хрысьціянскім летазьлічэньні. Так называлі сябе трое вучняў адной з школаў у аддаленым працоўным раёне «Казіміраўка», якія выконвалі на гітарах і плястмасавых вёдрах песьні ўласнага вершаскладаньня. У зьвязку з ростам музычнага майстэрства, альтэрнатыўнае гучаньне хутка зьмянілася на больш звыклы рок-н-рольны варыянт: гітара, бас і бубны. З гэтага часу зухаватае трыё «Глюкі» (Аляксей «Лепа» Паронкін – вакал, гітара; Кірыл «Кэш» Падліпскі – гітара; Раман «Рамэо» Жыгараў – бубны) пачало зьвяртаць на сябе пільную ўвагу суседзяў Лёшы Паронкіна, на кватэры якога адбываліся рэпэтыцыі. У 1999 годзе да «Глюкаў» далучаецца новы бубнач – Рыгор «Грыф» Грыбаноўскі, а Рамэо бярэ ў рукі бас-гітару. У 2001 годзе напружаныя стасункі паміж Кэшам і Грыфам вядуць да сыходу першага. У гэты ж час Лепам, Грыфам ды Ромам напісана шмат песень, якія на некалькі гадоў наперад вызначылі творчасьць гурта. У 2002 годзе ў гурце зьяўляецца Марына «Сэкс-пэтарда» Бучкова, якая прынесла з сабой незвычайнае для спэцыфікіі гурта гучаньне клявішных, і дырэктар Віталь Шум, які зацягнуў «Глюкаў» у вір творчага аб’яднаньня «Цэнтар жывога року». Сьвежы вецер ідзе на карысьць «Глюкам», і з сакавіка 2002 году малады гурт дае сэрыю выступаў у Магілеве. Ужо на трэцім сваім канцэрце ў «Лялечным тэатры» гурт «ірве» публіку, заяўляючы сябе ў лідэры магілеўскага року і робячыся галоўным адкрыцьцём магілеўскай сцэны 2002 г. З 2003 г. і па сёньняшні дзень «Глюкі» – удзельнікі і хэдляйнэры ўсіх буйных магілёўскіх фэстываляў. Увесну 2004 году ў адной зь лепшых студыяў Магілёву «Глюкі» распачынаюць запіс дэбютнага альбома, які быў трыюмфальна прэзэнтаваны публіцы 9 сьнежня 2005 году ў магілёўскім клюбе Joker. У наступным паўгодзьдзі «Глюкі» канчаткова адваявалі сабе званьне ўлюбёнцаў публікі №1 у Магілёве, выступілі на «Рок-Каранацыі-2005», адзначыліся на верхнім радку гіт-параду «Тузін Гітоў», далі сэрыю канцэртаў у Магілёве, Менску, Гомлі і Віцебску і былі ўзнагароджаныя масай прыязных водгукаў у прэсе. У гурта зьяўляецца ўласны фан-клюб, які суправаджае музыкаў на ўсіх выездах. Аднак, пачынаючы з другога паўгодзьдзя 2006 году «Глюкаў» напаткаў доўгачасовы крызіс. Гурт практычна спыняе існаваньне, спарадычна зьбіраючыся дзеля выступаў на буйных фэстывалях, такіх як «Хэдлайн-фэст-2006». Нягледзячы на ўсё бязладзьдзе і праблемы, з пачатку 2007 г. «Глюкі» распачынаюць запіс наступнага студыйнага альбома. Адначасова гурт прыходзіць да неабходнасьці зьмяніць склад. Напрыканцы 2007 году на месца Рыгора «Грыфа» Грыбаноўскага прыходзіць новы бубнач – Юра Д’юд. А ўвесну 2008 году «Глюкі» ўзмацняюць склад новым гітарыстам – Стасам Мытнікам.

Склад:
Аляксей «Лепа» Паронкін – сьпеў, тэксты
Раман «Рамэо» Жыгараў – другі сьпеў, бас-гітара, тэксты
Стас Мытнік – гітара
Марына Бучкова – клявішы
Юра Д’юд – бубны
Віталь Шум – дырэктар гурта

Дыскаграфія:
2001 г. – дэма «Дзістрофікі»
2002 г. – live »Канцэрт у Тэатры імя Лялек»
2005 г. – CD «Humanoid»
2006 г. – live «Хэдлайн-фэст 2006»
2008 г. – CD «Ідыятызм» (яшчэ ня выйшаў)

Глюкі - "Мая краіна" (музыка і словы - Глюкі)


Мая краіна

Заварожаны край,
Нам прысуджаны небам і вятрамі;
Прыпарошаны рай
За варожымі чорнымі сценамі.

Мая краіна – пад белымі крыламі
Краіна – пад чорнымі хмарамі
Краіна – дарэмнымі спробамі
Краіна, цябе мы не страцілі.

Ненароджаны плач,
Абумоўлены ціхім падцверджаннем,
Слёзы будуць злятаць
І знікаць пад завеямі снежнымі.

Мая краіна – пад белымі крыламі,
Краіна – пад чорнымі хмарамі,
Краіна – дарэмнымі спробамі,
Краіна, цябе мы не страцілі…





На галоўную старонку разьдзела

архівы >>>
Басовішча 2007
Басовішча 2006
Басовішча 2005




©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net