. .
дамоў
Тузін Гітоў


чырвона-банэрная рэкляма:



Basowiszcza 2008
фэстываль музыкі маладой Беларусі

TLUSTA LUSTA
Горадня

TLUSTA LUSTA Зьмяркалася. Змучаны дзённай сьпёкай, кандыдат на заслужанага працаўніка жывёлагадоўлі Рэспублікі Беларусі, а пакуль пастух пятага разраду (сьмежная спэцыяльнасьць - чабан), Кірыла, ледзь перастаўляючы парэпаныя ступакі і голасна пакрываючы адборным расейскім матам на сваіх гадаванцаў - маладых і дурнаватых цялушак, павольна шкандыбаў у бок калгасных кашараў, якія з’явіліся на сколькі далёкім, столькі ж і прыгожым гарызонце. На той час Кірыла ўжо быў заангажаваны ў аматары альтэрнатыўнай музычнай беларускай мафіі-тусьні і не пераставаў падаваць абвесткі аб запрашэньні музыкаў - басіста з бубначом у ствараемы роў-гурт у мясцовую жэньміньжэбао «Запаветы Ільіча». Таксама яго, Кірылу, часта можна было пабачыць са сваёй першай сяброўкай - электрычнай гітарай, якую ён набыў на вуліцы Фролікава ў самай вялікай вёсцы, куды з’ехаліся на сталае месца жахарства былыя месьцічы і сяляне ўсіх навакольных мястэчак і вёсак, ці то аграгарадкоў, як зараз кажуць па-моднаму, і зажылі ўжо тыя сяляне там па-сталічнаму…

Пра тое, як Кірыла набываў тую гітару на вуліцы Фролікава ў прыватнай краме, у хлопца, вельмі падобнага да Нікаласа Капапукаса, можна было калі-некалі пачуць ад самога Кірылы. Ён расказваў тую гісторыю са сьлязьмі на вачах ад дзікага рогату, якім ажно заходзіўся ад свайго расповеду. Але гэта асобная гісторыя.

Вернемся да нашых цялушаў. Праганяючы быдла каля шкоды - калгаснага поля з капустай, паабапал якога там-сям вытыркаліся пухнатыя кусты канопляў-самасеяк, з дзясятак спрытнейшых цялушак-збродаў усё ж такі ўпёрліся ў тую шкоду. Кірыла зароў як мядзведзь у сьпякоту і шырокімі гойсамі папхнуўся заварочваць збродаў. Раптам, сярод капуснага лісьця, Кірыла натыркнуўся на інтылігентнага выгляду фацэта ў кірзавых ботах і бруднаватай спэцоўцы. Інтэлігентнасьці яго выгляду надавалі акуляры на носе і адухоўлены выраз твару. Кірыла ўважліва зазірнуў у вочы дзяцюку-інтэлігенту і пабачыў там… (заклапочаныя людзі сказалі ба, што ён пабачыў тамака ці то душу, ці то КГБ), але ён пабачыў там БАС-гітару… Кірыла пазнаў у дзяцюку Пашу, зь якім разам навучаліся ў царкоўна-прыходзкай школцы і спраўна скурвалі свае лемантары ў першых клясах. На пытаньне Кірылы пра тое,што ён робіць у капусных лапухах, Павал блытана і цьмяна распавёў, што ляжыць тутака ўжо вельмі даўно, што быццам бы яго, ня так, як усіх парадачных ГРАЖДАНОЎ, у свой час у капусьце ніхто ня знайшоў (пэўна таму ён і меў такі інтэлігентны выгляд, бо добра там у капусьце захаваўся і ня быў ПАПСАваны благім асяроддзем і ШОЎбізам, - падумаў тады Кірыла).

А з той пары, дарэчы, Пашу за вочы дзе-нідзе пачалі зваць «cьлесарам-інцілігентам». Кірыла слухаючы Пашаў расповед-загон, заўважыў тыя канапляныя кусты абапал поля і з разуменьнем пахітаў галавой, зразумеўшы, чаму ў тога атрымлівалася цьмяна ды блытана.

Падчас месцамі зьмястоўнай размовы паміж дзвума калдырамі быу наладжаны кантакт і укладзена дамова пра далейшае супрацоўніцтва на музычнай ніве: «Будзем крута лабаць!»

Да кашары заставаўся яшчэ добры кавал пехаты зь цялушкамі. Кірыла з Паўлюком цялёпаліся за статкам і ажыўлённа абмяркоўвалі свае будучыя альбомы, рэйтынгі-чарты, OZZфэсты ды кліпы. Неўзабаве, каля хвойніку хлопцы заўважылі дзівака-чудзіка, які драпежна азіраўся па бакох ды прымацоўваў да хваінак нейкія паперчыны, як потым аказалася – улёткі. Пачытаўшы ў адной зь іх пра ўнутраных ды зьнешніх ворагаў, пра аграгарадкі, якія быццам з’яуляюцца апошнім фарпостам у змаганьні з тымі ворагамі і прыкладам славянскай саборнасьці ды калектывізму, нашыя героі вырашылі пазнаёміцца з гэтым партызанам. Партызанам аказаўся Шура Сыр, які ўвахадзіў у склад ультранацыяналістычнапатрыятычнай групоўкі BRSMу. Недалёк ад Сыра лоўка ляпіла ўлёткі на дрэвы ягоная баявая сяброўка, таксама палымяная змагарка-патрыётка Юла. Сыр сустрэў дзяцюкоў тырадай, перасыпанай лёзунгамі ды словамі-паразытамі. Хлопцы вырашылі браць быка за рогі і з ходу прапанавалі тому стаць бубначом у іхным роў-гурце. Той нечакана нават для сябе, са словамі: «Ну…, как бы…, карочэ…, увобшчэмта…» хутка пагадзіўся, зазначыўшы, што Юла прыдасца таксама, на падтанцоўку.

У той вечар ім усім пашэнсьціла яшчэ раз. Калі цялушкі былі ўжо загнаныя ў кашару, якраз у разгар спрэчак пра назву роў-гурта, да калдыроў падкаціў верхам на кані мясцовы вар’ят-конюх. Ён зь дзікім апэтытам паядаў сваё ўлюбёнае смакоцьце – лусту чорнага хлеба, змочаную ў алей ды шчодра пасыпаную цукрам. Напхаўшы поўны рот гэнай смакаты, конюх увесь час задаволена паўтараў: «Тлустая луста, тлустая луста…»

- «У галаве пуста», - перадражніла вар’ята Юла, баявая сяброўка Сыра.

- «Працягвайце рух, паважаны Артур Іванавіч!» - пачціва паказаў рукой на дарогу Павал-сьлесар-інтэлігент конюху-вар’яту. Спрэчкі самі сабой спыніліся, а ва ўсіх засталося ў галовах гэнае вар’яцкае «Тлуста Луста».

P.S. Прачытаўшы абвестку ў «Запаветах Ільіча» да Tlustaj Lusty далучыўся яшчэ адзін калдыр-гітарэра Віталь.

TLUSTA LUSTA - "Revalucyja" (музыка - TLUSTA LUSTA, словы - Сяргей Балахонаў)


Revalucyja

Белы сьвет, белы дзень, белы сьнег
Квецень белая дрэваў вішнёвых
Я чакаў, я шукаў, шпарка бег
Памыляўся я ў справах і словах
Белы сон, белы час, белы твар
Цела белае першай любові
Я дайшоў, я знайшоў, колер мар
Я сягоньня да волі гатовы

Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы

Белы Бог, белы хлеб, белы сьпеў
Крылы белыя велічных птахаў
Я кахаў, я трываў, я пасьпеў
Аж дарэшты пазбавіцца страху
Белы рух, белы шыхт, белы плён
Беларускіх вачэй прасьвятленьне
Гэты дзень, гэты час, гэты звон
Вызваленьне ідзе. Вызваленьне!

Час надышоў і пачуцьці сасьпелі
Колер маёй рэвалюцыі белы





На галоўную старонку разьдзела

архівы >>>
Басовішча 2007
Басовішча 2006
Басовішча 2005




©  Менск
2003-2008
Тузін Гітоў

рэдакцыйная пошта

Пры выкарыстаньні тэкстаў абавязковая спасылка на
"Тузін Гітоў" http://music.fromby.net.

Выкарыстаньне файлаў магчымае толькі з папярэдняга дазволу рэдакцыі.

выраблена на fromby.net